Мужчынская зборная Польшчы па баскетболе
Польшча Reprezentacja Polski w koszykówce | |||
Асноўныя зьвесткі | |||
---|---|---|---|
Рэйтынг ФІБА | 17 (26 лістапада 2024) | ||
Чалец ФІБА з | 1934 | ||
Рэгіён ФІБА | Эўропа | ||
Фэдэрацыя | Польскі зьвяз баскетболу | ||
Трэнэр | |||
Алімпійскія гульні | |||
Удзелаў | 6 | ||
Мэдалёў | 0 | ||
Чэмпіянаты сьвету | |||
Удзелаў | 2 | ||
Мэдалёў | 0 | ||
Чэмпіянаты Эўропы | |||
Удзелаў | 29 | ||
Мэдалёў | Срэбра: (1963) Бронза: (1939, 1965, 1967) | ||
Форма | |||
| |||
Спасылкі | |||
Вэб-старонка | |||
(абнаўленьне: 25 сьнежня 2024) |
Мужчынская зборная Польшчы па баскетболе — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Польшчу на міжнародных баскетбольных турнірах. Кіруецца Польскім зьвязам баскетболу.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Летнія Алімпійскія гульні 1936 году былі першым турнірам, у якім узяла ўдзел зборная Польшчы. Пры гэтым польскія баскетбалісты занялі высовае чацьвертае месца ў турніры з 23 камандаў-удзельніцаў[1]. Чэмпіянат Эўропы 1937 году ў Рызе быў першым у гісторыі выступам нацыянальнай каманды на кантынэнтальным чэмпіянаце. У папярэднім раўндзе палякі саступілі ў першым матчы зборнай Францыі, але далейшыя перамогі над зборнымі Латвіі і Чэхаславаччыны прасунулі каманду ў паўфінал, дзе польскіх спартоўцаў спыніла зборная Летувы. У матчы за бронзавыя мэдалі перамогу над палякамі сьвяткавалі французы. На чэмпіянаце Эўропы 1939 году, які ладзіўся паводле колавай сыстэме, зборная Польшчы саступіла толькі зборнымі Летувы і Латвіі, у выніку чаго каманда задаволілася бронзавымі мэдалямі.
У канцы 1940-х і пачатку 1950-х гадоў зборная звычайна не магла адабрацца на чэмпіянат Эўропы. Пасьля 8-гадовага перапынку Польшча вярнулася на чэмпіянат Эўропы 1955 году ў Будапэшце, дзе згуляла даволі добра. На папярэднім этапе зборная перамагла ўва ўсіх чатырох матчах. У фінальным раўндзе Польшча спынілася на пятым месцы, пры гэтым здабыўшы перамогу над моцнай зборнай Чэхаславаччыны. Наступныя гады зборная на чэмпіянатах Эўропы таксама спынялася ў першай дзясятцы.
Чэмпіянат Эўропы 1963 году ладзіўся ў польскім Уроцлаве. На ім зборная Польшчы пачала зь перамогі над зборнай Гішпаніі зь лікам 79:76. У наступным матчы яны прагулялі зборнай СССР, але здабылі перамогі ўва ўсіх астатніх сустрэчах папярэдняга этапу. У паўфінале палякі перамаглі зборную Югаславію і зноў у фінале трапілі на зборную СССР, якая атрымала перамогу зь лікам 61:45. Такім чынам, зборная Польшчы здабыла свой першы срэбны мэдаль[2]. Дзякуючы такому выніку, польскія спартоўцы трапілі на баскетбольны турнір летніх Алімпійскіх гульняў 1964 году, дзе каманда фінішавала на шостым радку. На чэмпіянаце Эўропы 1965 і 1967 гадоў зборная здабывала бронзавыя мэдалі. Чэмпіянат сьвету 1967 году стаў першым для польскай нацыянальнай каманды на сусьветным турніры. Каманда пракрочыла праз групавы этап, перамогшы зборныя Парагваю і Пуэрта-Рыка. У фінальным раўндзе дружына была пятай.
За выняткам чэмпіянатаў Эўропы 1969 і 1971 гадоў, дзе зборная фінішавала на чацьвертым месцы, да сканчэньня 1980-х гадоў польскія баскетбалісты звычайна траплялі ў найлепшую дзясятку, але не вышэй за 7-е месца. З 1990-х гадоў і ажно да сярэдзіны 2000-х гадоў зборная Польшчы амаль не кваліфікавалася на кантынэнтальныя турніры. Вяртаньне за доўгі час адсутнасьці адбылося на чэмпіянаце Эўропы 2007 году, але там посьпехаў не было. Пагатоў праз пашкоджаньні на турніры польскай зборнай бракавала лідэраў Міхала Ігнэрскага і Мацея Лямпэ. Бела-чырвоныя ладзілі чэмпіянат Эўропы 2009 году, дзякуючы чаму ўпершыню зь сярэдзіны 1980-х гадоў нацыянальная каманда прабілася на Эўрабаскет двойчы запар. Зборная Польшчы перамагла зборныя Баўгарыі і Летувы, але прагуляла зборнай Турэччыны. На другім этапе палякі зазналі шэраг паразаў і скончылі турнір на 9-м месцы. Чэмпіянаты Эўропы 2011 і 2013 былі невыразнымі. У 2015 годзе зборная Польшчы прабілася ў плэй-оф з групавога этапу, але адразу ў 1/8 фіналу саступіла зборнай Гішпаніі.
На чэмпіянаце сьвету 2019 году, куды палякі трапілі ўпершыню з 1967 году, зборная лёгка выйгла з групы першага раўнду, перамогчы зборныя Вэнэсуэлы, Кітаю і Кот д’Івуару. Перамога над зборнай Расеі вывела польскіх спартоўцаў у чвэрцьфінал турніру, адкуль іх зноў выбіла зборная Гішпаніі. На чэмпіянаце Эўропы 2022 году не зважаючы на шэраг паразаў падчас групавога этапу, зборная здолела выйсьці ў плэй-оф, дзе палякі выбілі зборныя Ўкраіны і Славеніі, саступіўшы ў паўфінале зборнай Францыі. У матчы за бронзу зборная Нямеччыны была больш спрытнай за сваіх суседзяў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Dawid Król (16.04.2020). «Koszykówka w stolicy Hitlera. Jak Polacy otarli się o medal na igrzyskach olimpijskich w 1936 roku». TVP.
- ^ «World basketball map: Poland». VTB League.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|