Перайсьці да зьместу

Мужчынская зборная Нямеччыны па баскетболе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нямеччына
Deutsche Basketballnationalmannschaft or Die Mannschaft

Сьцяг Нямеччыны

Асноўныя зьвесткі
Рэйтынг ФІБА 3 (26 лістапада 2024)
Чалец ФІБА з 1934
Рэгіён ФІБА Эўропа
Фэдэрацыя Нямецкі баскетбольны зьвяз
Трэнэр
Алімпійскія гульні
Удзелаў 7
Мэдалёў 0
Чэмпіянаты сьвету
Удзелаў 7
Мэдалёў Золата: (2023)
Бронза: (2002)
Чэмпіянаты Эўропы
Удзелаў 25
Мэдалёў Золата: (1993)
Срэбра: (2005)
Бронза: (2022)
Форма
Сьветлая швэдра
Камандныя колеры
Сьветлая
Цёмная швэдра
Камандныя колеры
Цёмная
Спасылкі
Вэб-старонка
(абнаўленьне: 25 сьнежня 2024)

Мужчынская зборная Нямеччыны па баскетболе — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Нямеччыну на міжнародных баскетбольных турнірах. Кіруецца Нямецкім баскетбольным зьвязам.

Нямеччына стала сябрам ФІБА ў 1934 годзе. Пасьля адмовы ад удзелу ў першым у гісторыі чэмпіянаце Эўропы 1935 году нацыянальная каманда дэбютавала на міжнароднай арэне на летніх Алімпійскіх гульнях 1936 году, якія ладзіліся ў Бэрліне. Амэрыканскія місіянэры-мармоны, якія папулярызавалі гэты від спорту, дапамагалі трэнаваць каманду, каб палепшыць зносіны царквы з урадам Трэцяга Райху[1]. Да Другой сусьветнай вайны зборная Нямеччына ўдзелу ў кантынэнтальных турнірах не брала.

Па вайне нямецкім камандам было забаронена браць удзел у міжнародных спаборніцтвах ажно да 1950 году. За гэты час краіны была падзеленая на Заходнюю (ФРН) і Ўсходнюю (НДР) Нямеччыны. У кастрычніку 1939 году паўстаў Нямецкі баскетбольны зьвяз, які прадстаўляў ФРН, а ў 1952 годзе з далучэньнем НДР да ФІБА на міжнародных турнірах пачала выступаць зборная НДР. Зборная Нямеччыны, якая прадстаўляла ФРН, вярнулася на чэмпіянат Эўропы ў 1951 годзе, які ладзіўся ў Парыжы. Агулам пачынаючы з 1970-х гадоў па сярэдзіну 1980-х гадоў нямецкія баскетбалісты не заўсёды кваліфікаваліся на чэмпіянаты Эўропы, а калі туды траплялі — посьпехаў ня мелі. На летнія Алімпійскія гульні 1972 году зборная трапіла ў якасьці гаспадароў, а на летніх Алімпійскіх гульнях 1984 году каманда замяніла зборную СССР, якая байкатавала турнір. Каманда ў чвэрцьфінале спаборніцтва саступіла зборнай ЗША, у складзе якой гуляў Майкл Джордан. На чэмпіянаце Эўропы 1985 году зборная прасунулася да чвэрцьфіналу, дзе саступіла зборнай Гішпаніі. У наступным суцяшальным турніры каманда ФРН здабыла шэраг перамогаў і фінішавала на пятым радку. На дэбютным для зборнай чэмпіянаце сьвету 1986 году каманда была вымушаная гуляць без ключавых гульцоў Дэтлефа Шрэмпфа і Увэ Бляба, бо баскетбалісты з НБА на той час ня мелі права ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. У выніку дружына з ФРН ня здолела нават выйсьці з групавога этапу[2].

Па ўзьяднаньні двух нямецкіх дзяржаваў у адную, аб’ядналіся і зборныя, што дало пэўны штурхок выступам зборнай. На летніх Алімпійскіх гульнях 1992 году зборная была спыненая зборнай Аб’яднанай каманды, якая ўлучала прадстаўнікоў былога СССР. На чэмпіянаце Эўропы 1993 году нямецкая зборная нечакана стала чэмпіёнам, а баскетбаліст каманды Крыстыян Вэльп быў агалошаны самым каштоўным гульцом чэмпіянату. Ажно да сканчэньня дзесяцігодзьдзя ў выніках зборнай назіраўся спад.

Шматгадовы лідэр зборнай Дырк Навіцкі.

Перад пачаткам чэмпіянату Эўропы 1999 году да зборнай далучыўся 21-гадовы вундэркінд Дырк Навіцкі з «Далас Мэвэрыкс». У стартавай гульні на турніры Навіцкі назьбіраў 21 пункт і зрабіў 5 падбораў, чым забясьпечыў перамогу сваёй каманды над зборнай Грэцыі зь лікам 59:58[3]. Пасьля паразы ад зборнай Летувы Навіцкі зноў дапамог перамагчы зборную Чэхіі, пасьля чаго каманда трапіла ў чвэрцьфінал. Пасьля таго, як Нямеччына ня патрапіла на летнія Алімпійскія гульні 2000 году, нямецкія спартоўцы згулялі на чэмпіянаце Эўропы 2001 году. У першай сустрэчы была адоленая зборная Эстоніі, а Навіцкі цягам матчу паклаў на свой рахунак 33 пункты і зрабіў 12 падбораў. Пасьля гэтага зборная Нямеччыны перамогла ў двух з трох наступных гульняў, прабіўшыся ў вырашальны этап. У чвэрцьфінале супраць зборнай Францыі 32 пункты Навіцкага дапамаглі камандзе прабрацца ў паўфінал, дзе аднак нямецкія баскетбалісты саступілі зборнай Турэччыны. У матчы за бронзавыя мэдалі немцы зазналі паразу ад зборнай Гішпаніі зь лікам 90:99, нават не зважаючы на тое, што Навіцкі ў матчы зарабіў 43 пункты і зрабіў 15 падбораў. На чэмпіянаце сьвету 2002 году зборная ўжо фінішавала на п’едыстале, здабыўшы бронзавыя мэдалі турніру, а Навіцкі быў названы самым каштоўным гульцом чэмпіянату.

Годам пазьней, на чэмпіянаце Эўропы 2003 году, Нямеччына паказала найгоршы вынік на спаборніцтвах з часоў 1997 году. Каманда ня толькі ня здолела выйсьці ў накаўт-стадыю, а таксама прапусьціла летнія Алімпійскія гульні 2004 году, бо кантынэнтальнае першынство ўплывала на кваліфікацыю да турніру. Трэнэрскі штаб зрабіў высновы з папярэдняга турніру перад пачаткам чэмпіянату Эўропы 2005 году. Прайшоўшы папярэдні этап і плэй-оф, каманда зноў прабілася ў чвэрцьфінал. У першым матчы плэй-оф зборная Нямеччыны перагуляла зборную Славеніі. У гэтай сустрэчы ажно чатыры нямецкі гульцы набралі больш за 10 пунктаў. У паўфінале Дырк Навіцкі, які адгуляў усе 40 хвілінаў у матчы супраць зборнай Гішпаніі і зарабіў 27 пунктаў і 7 падбораў, дапамог дружыне ўпершыню за 12 гадоў прабіцца ў фінал[4]. Тым ня менш, у вырашальным матчы з больш дасьведчанай зборнай Грэцыі немцы зазналі паразу зь лікам 78:62. Нават з паразай ў фінале Навіцкі быў зноў названы самым каштоўных гульцом чэмпіянату[5].

Дэніс Шрэдэр у 2022 годзе.

На чэмпіянаце сьвету 2006 году зборная выбыла ў чвэрцьфінале, саступіўшы зборнай ЗША. Яшчэ на групавым этапе ў матчы супраць зборнай Анголы Навіцкі ўсталяваў асабісты рэкорд чэмпіянатаў, назьбіраўшы за гульні 47 пунктаў. На чэмпіянаце Эўропы 2007 году каманда таксама спыніла свае выступы ў чвэрцьфінале. У наступныя гады Навіцкі ўжо не заўсёды прыцягваўся да зборнай, а вынікі краіны пагоршыліся. На хатнім чэмпіянаце Эўропы 2015 году, які ладзіўся адразу ў чатырох дзяржавах, зборная з Навіцкім, які вярнуўся ў зборную ўпершыню з 2011 году, ня здолела выйсьці з групы, прагуляўшы ў чатырох зь пяці матчаў. Па турніры Навіцкі аб’явіў аб заканчэньні сваёй кар’еры ў шэрагах зборнай[6].

Лідэрства Шрэдэра

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Зборная Нямеччыны пасьля перамогі над зборнай ЗША ў паўфінале чэмпіянату сьвету 2023 году.

Новым лідэрам зборнай, яшчэ з 2015 году стаў Дэніс Шрэдэр. На наступным чэмпіянаце Эўропы зборная прабілася ў чвэрцьфінал, дзе каманда прайграла будучаму бронзаваму прызэру турніру зборнай Гішпаніі зь лікам 84:72. Цягам турніру шмат вызначаўся Шрэдэр, які стаў другім бамбардзірам турніру паводле колькасьці пунктаў набраных у сярэднім у матчы[7]. Некалькі наступных гадоў вынікі ня былі ўдалымі, але каманда няблага згуляла чэмпіянат Эўропы 2022 году. Каманда дайшла да паўфіналу, дзе саступіла зборнай Гішпаніі. У матчы за бронзавыя мэдалі нямецкія спартоўцы былі мацнейшымі за зборную Польшчы[8][9].

Зборная файна пракрочыла празь першую фазу чэмпіянату сьвету 2023 году, здабыўшы тры перамогі ў трох матчах. У наступным групавым раўндзе немцы пасьлядоўна разграмілі зборныя Грузіі і Славеніі зь лікам 100:73 і 100:71 адпаведна. У апошнім з матчаў Шрэдэр набраў 24 пункты[10]. У чвэрцьфінале зборная перамагла зборную Латвіі, а ў паўфінале, дзякучыю выдатнай гульні вэтэрана Андрэаса Обста, эўрапейцы былі мацнейшыя за зборную ЗША. Такім чынам, зборная ўпершыню прабілася ў фінал сусьветнага першынства. У сустрэчы за тытул у напружанай барацьбе зборная Нямеччыны перамагла зборную Сэрбіі зь лікам 83:77 і стала чэмпіёнам сьвету[11]. Самым каштоўным гульцом чэмпіянату быў названы Дэніс Шрэдэр[12]. На летніх Алімпійскіх гульнях 2024 году зборная няблага пракрочыла праз асноўным этап, але ў паўфінале саступіла гаспадарам турніру зборнай Францыі. У матчы за трэці радок немцы саступілі зборнай Сэрбіі і засталіся без мэдалёў.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]