Перайсьці да зьместу

Маскоўскае княства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Маскоўскае вялікае княства»)
Вялікае княства Маскоўскае
Великое княжество Московское

 

 

 

1263—1547
Месцазнаходжаньне {{{НазваЎРоднымСклоне}}}
Афіцыйная мова расейская
Сталіца Масква
Форма кіраваньня Адміністрацыя Залатой Арды (до 1480)
Манархічная дзяржава
Этнічны склад Фіна-вугорскія народы:
Мурама
Мэря
Пермь
Комі
Канфэсійны склад Праваслаўе, язычніцтва
Валюта Рубель
Цяпер зьяўляецца часткай Расея
Герб зь пячаткі Івана III. 1489 г.

Маско́ўскае вялі́кае кня́ства — тэрытарыяльнае ядро будучай Расейскай дзяржавы са сталіцай у Маскве. Да 1480 году была адміністрацыяй Мангольскай імпэрыі, пасля таго, як Андрэй Яраслававіч атрымаў ярлык на Ўладзімір.

Выдзелілася з Уладзімерскага вялікага княства ў 60-х — пачатку 70-х гадоў XIII стагодзьдзя і з канца XIII стагодзьдзя заняла ў ім дамінуючае становішча.

На працягу ўсяго XIV стагодзьдзя актыўную барацьбу за вялікае ўладзімерскае княжаньне вяло таксама Цьвярское княства, у 1350—1360-х — Суздальскае, але, як правіла, менавіта маскоўскія князі насілі тытул вялікага князя ўладзімерскага, на што да 1462 году трэба было атрымліваць ярлык ханаў Залатой Арды. Па ініцыятыве маскоўскіх князёў рэзыдэнцыя агульнарускага мітрапаліта была перанесена ва Ўладзімер (1300), пазьней у Маскву (1328), што аспрэчвалася вялікім князем літоўскім Альгердам падчас ягоных спробаў авалоданьня Кіевам — былой сталіцы мітраполіі.

Асновы палітычнае і эканамічнае магутнасьці Масквы былі закладзеныя Іванам I Калітам (13251340), які дамогся права збору татарскай даніны на Русі і фактычна ператварыў Маскву ў галоўнага правадніка татарскага ўплыву, што асабліва яскрава выявілася ў падаўленьні вызваленчага паўстаньня ў Цьверы (1327). Да канца XIV стагодзьдзя ў паўночна-ўсходняй Русі склалася сыстэма незалежных адно ад аднаго «вялікіх княжаньняў» — Уладзімерскае (фактычна Маскоўскае), Цьвярское, Разанскае, Смаленскае, Ніжагародзкае. Пасьлядоўная палітыка Івана Каліты і яго пераемнікаў, накіраваная на пашырэньне тэрыторыі Маскоўскага вялікага княства шляхам скупкі і захопу зямель, дынастычных шлюбаў і г. д., прыцягненьне перасяленцаў з кантраляваных татарамі тэрыторыяў абумовілі ператварэньне Масквы ў галоўны палітычны, эканамічны і рэлігійны цэнтар паўночна-ўсходняй Русі, асноўны асяродак фармаваньня расейскай народнасьці. У 1362 годзе Маскоўскае вялікае княства фактычна злучана з Уладзімерскім, з 1375 году Арда перастала выдаваць ярлыкі на вялікае княжаньне князям немаскоўскіх дамоў. Перамога ў Кулікоўскай бітве 1380 году паклала пачатак вызваленьню ад татарскай залежнасьці, якое было дасягнутае ў 1480 годзе Іванам III Васілевічам у выніку «стаяньня на Ўгры». Аднак у адрозненьне ад іншых эўрапейскіх краін (у тым ліку і ВКЛ), эвалюцыя сацыяльнага і дзяржаўнага ладу ў Маскоўскім вялікім княстве адбывалася ў напрамку ўзмацненьня дэспатыі ўсходняга тыпу. Адмаўленьне правоў асобы і аўтаноміі любых грамадзкіх інстытутаў, ізаляцыянізм і ксэнафобія, увасобленыя ў ідэалёгіі «трэцяга Рыму», прывялі да кансэрвацыі сацыяльнай, эканамічнай і тэхналягічнай адсталасьці, захаваньня нізкіх жыцьцёвага ўзроўню і кошту чалавечага жыцьця.

Хуткі тэрытарыяльны рост Масквы, паглынаньне больш дробных дзяржаўных утварэньняў і прэтэнзіі на «зьбіраньне» пад сваёй уладай усіх усходнеславянскіх зямель выклікалі яе сутыкненьне з другім цэнтрам іх дзяржаўнай кансалідацыі — ВКЛ. З 1330-х гадоў дзьве дзяржавы спаборнічалі за ўплыў над Вялікім Ноўгарадам, Псковам і Смаленскім княствам, у 1335 годзе адбыўся першы ўзброены канфлікт паміж імі (за «гради литовстии» на Верхняй Волзе). У 1349 годзе паміж вялікім князем маскоўскім Сімяонам Гордым і вялікім князем літоўскім Альгердам заключанае мірнае пагадненьне, замацаванае сэрыяй дынастычных шлюбаў, Ноўгарад і Пскоў прызнаваліся падкантрольнымі Маскве. Барацьба Масквы супраць прызнаньня самастойнай праваслаўнай мітраполіі ВКЛ (13521363) скончылася яе скасаваньнем пасьля сьмерці літоўскага мітрапаліта Рамана. У 13681372 гадах, падтрымліваючы саюзнага ВКЛ вялікага князя цьвярскога Міхаіла Аляксандравіча, Альгерд зьдзейсьніў тры паходы на Маскву, якія скончыліся Любуцкім дагаворам 1372 году.

Пасьля сьмерці Альгерда Масква традыцыйна падтрымлівала тых літоўскіх князёў, якія выступалі супраць цэнтральнай улады ВКЛ — Андрэя Полацкага (канец 1380-х), Вітаўта (пачатак 1390-х, унук якога, Васіль, меў пэрспэктывы атрыманьня маскоўскага стальцу), Сьвідрыгайлу. Вялікі князь Ягайла аказаў пасіўную падтрымку Ардзе перад Кулікоўскай бітвай, але ў 1384 годзе паміж Ягайлам і Дзьмітрыем Данскім заключанае мірнае пагадненьне (верагодна, накіраванае супраць Арды).

Пасьля Крэўскай уніі 1385 году галоўным ідэалягічным абгрунтаваньнем палітыкі Маскоўскага вялікага княства ў дачыненьні да ВКЛ абвяшчалася «вызваленьне» яго праваслаўнага насельніцтва ад «каталіцкага прыгнёту». Дзейнасьць мітрапаліта Кіпрыяна спрыяла зьмякчэньню супярэчнасьцяў паміж Маскоўскім вялікім княствам і ВКЛ. У 1391 годзе заключаны шлюб вялікага князя маскоўскага Васіля I з дачкой Вітаўта Соф’яй. У 1398 годзе Масква выступіла супраць спробы Вітаўта ўсталяваць кантроль над Ноўгарадам, але заключэньне мірнага дагавору 1400 году фактычна дазволіла яму ліквідаваць незалежнасьць Смаленскага княства (1404). Пасьля ўзброенага канфлікту ў 1406 годзе да канца XV стагодзьдзя ўсталявалася мяжа паміж ВКЛ і Масквой па рацэ Ўгра. У складзеным у 1423 годзе завяшчаньні Васіль I назваў Вітаўта апекуном сваіх дзяцей і гарантам цэласнасьці дзяржавы пасьля сваёй сьмерці (1425), але практычных вынікаў гэты крок ня меў.

Заключаны вялікім князем літоўскім Казімерам IV і вялікім князем маскоўскім Васілём II Цёмным 31 жніўня 1449 году дагавор фактычна спыніў тэрытарыяльную экспансію ВКЛ на ўсход. Паводле дагавору, Казімер абавязваўся «не вступатися» ў Вялікі Ноўгарад і Пскоў, нават калі тыя будуць «се… давати» Казімеру, а таксама ня ўдзельнічаць у магчымых сутыкненьнях рускіх фэадальных рэспублік зь Лівонскім Ордэнам нават на іх баку. Адносным посьпехам Казімера была адмова Васіля II ад наўгародзкіх валасьцей, якія традыцыйна «цягнулі» да Літвы і прызнаньне за разанскім вялікім князем Іванам Фёдаравічам права пераходу на службу да Казімера. Вынікам дагавору 1449 году быў амаль 40-гадовы пэрыяд мірнага разьвіцьця ВКЛ, якое ня мела ваенных канфліктаў з суседзямі да 1487 году, але ён таксама зафіксаваў адмову ВКЛ ад прэтэнзіяў на аб’яднаньне ўсіх усходнеславянскіх зямель, што абумовіла страту незалежнасьці ад Масквы Ноўгараду (1471—1478) і Цьвяры (1485) і ўрэшце паразу ВКЛ у вайне Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 14921494 гадоў, якое суправаджалася стратай вялікіх тэрыторыяў і, урэшце, канцом трывалай экспансіі ВКЛ на ўсход.

Моцная цэнтралізаваная Маскоўская дзяржава, створаная ў выніку посьпехаў Івана III, які прыняў тытул «государя всея Руси», пачала адкрыта прэтэндаваць на беларускія і ўкраінскія землі ВКЛ, барацьба за якія вызначыла гісторыю Ўсходняй Эўропы на працягу XV—XVIII стагодзьдзяў.

  • Алесь Белы // . — Мн.: .
  • Духовные и договорные грамоты великих и удельных князей XIV—XVI вв. / Подг. Л. В. Черепнин. М.; Л., 1950
  • Базилевич К. В. Внешняя политка Русского централизованного государства. М., 1952
  • Черепнин Л. В. Образование Русского централизованного государства в XIV—XV вв. М., 1960
  • Греков И. Б. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы. XIV—XVI вв. М., 1963
  • Кучкин В. А. Формирование государственной территории Северо-Восточной Руси в X—XIV вв. М., 1984
  • Зимин А. А. Витязь на распутье. М., 1991
  • Fennell J. L. I. The Emergence of Moscow, 1304—1359. Berkeley, Los Angeles, 1968.