МАЗ-241

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«МАЗ-241»
Агульныя зьвесткі
Вытворца«Менскі аўтамабільны завод»
Гады вытворчасьці з 2010-га
Месца вытворчасьці Менск (Беларусь)
Зьнешні выгляд
Кляса аўтобус
Кузаў апорны, 1-дзьверны
Кампанаваньне пярэднерухавіковае
Колькасьць дзьвярэй
Сілавы блёк
Рухавік радны: 4,75 літры, наўпроставы ўпрыск
Трансьмісія ручная: 6 ступеняў
Прывад пярэдні
Габарыты
Колавая база 380 см
Даўжыня 679 см
Шырыня 255 см
Вышыня 286 см
Клірэнс 17,5 см
Маса 6700 кг
Поўная маса 9300 кг
Максымальная хуткасьць 107 км/гадзіна
Гісторыя
Падобныя «МАЗ-257»

«МАЗ-241» («МАЗ 241») — малы прадмесьцева-міжгародні аўтобус, які «Менскі аўтамабільны завод» вырабляе з 2010 году[1]. У базавай камплектацыі выкарыстоўваецца рухавік «ISF3.8s4168» магутнасьцю 170 конскіх сілаў (125 кіляват; 3,76 літры) вытворчасьці амэрыканскага прадпрыемства «Камінс» (Каламбус, штат Індыяна)[2]. Налічвае 22 пасажырскія сядзеньні і таксама прызначаецца для карпаратыўных і турыстычных паездак[3].

28 кастрычніка 2011 г. «Менскі аўтамабільны завод» прадставіў школьны аўтубос «МАЗ-241» з рухавіком «Д245.35» вытворчасьці «Менскага маторнага заводу». Дызэльны 4-цыліндравы рухавік (магутнасьць 177 к.с.; 130 кіляват) адпавядаў патрабаваньням «Эўра-4» па абмежаваньні забруджваньня паветра, якія набылі моц з 1 кастрычніка 2005 г. паводле Дырэктывы Эўрапейскага парлямэнту і Рады Эўрапейскага Зьвязу ад 13 сьнежня 1999 г. «1999/96/EC». Аўтобус быў жоўтага адценьня зь міргалкамі для заўважнасьці. Усе сядзеньні мелі рамяні бясьпекі. У аўтобусе прадугледжваліся парэнчы і багажныя паліцы для заплечнікаў. 67% дэталяў вырабілі ў Беларусі[4]. «МАЗ-241» меў праграмнае абмежаваньне хуткасьці 60-ю км/гадзіна. На час паказу школьны аўтобус заказалі аўтапаркі Малдовы, Расеі і Ўкраіны[5]. Школьны аўтобус распрацавалі на заданьне Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь. Адно сядзеньне каля кіроўцы прызначалася для суправаджальніка дзяцей і скіроўвалася супраць руху аўтобуса. Усе астатнія сядзеньні накіравалі па ходзе руху. Багажныя паліцы прадугледжвалі прынамсі па 20 кубічных дэцымэтраў прасторы на кожнага школьніка. Каробку перадачаў «6J70T» вытворчасьці ТАА «Шэньсійская хуткая шасьцярня» (Сіянь) паставілі з Кітаю[2].

5-7 чэрвеня 2012 году ў Ніжнім Ноўгарадзе (Расея) «МАЗ-241» паказалі на Міжнародным аўтобусным салёне Расеі[3]. 8 красавіка 2013 г. А.Лукашэнка даручыў ААТ «Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь» закупаць цягам 5 гадоў па 60 школьных аўтобусаў штогод — па 10 для кожнай вобласьці краіны — для падвозу дзяцей у сельскія школы і назад[6]. У выніку ў рамках прэзыдэнцкага даручэньня сталі закупаць школьныя аўтобусы «МАЗ-241»[7]. У 2013 годзе 60 закупленых для школ аўтобусаў «МАЗ-241» каштавалі каля 39 млрд рублёў[8] ($4,347 млн; $72,4 тыс. за аўтобус). Цягам 2013 году «МАЗ» штомесяц выпускаў каля 30 школьных аўтобусаў «МАЗ-241», пераважна для пастаўкі ў Расею[9].

На 2017 год экспартная цана аўтобуса складала каля $63 000.

Уласьцівасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Залежная пнэўматычная 2-балённыя падвеска з 2-ма тэлескапічнымі амартызатарамі. Вядучы мост з цэнтральным канічным рэдуктарам.

Зьмяшчальнасьць — 35 пасажыраў, зь іх 22 седзячы. Аб’ём багажніка — 0,7 м³.

Вышыня салёну ў праходзе — 194,5 см. Разьмеркаваньне масы аўтобуса па восях —

  • парожняя маса (6700 кг): пярэдняя вось — 3400 кг (51%), задняя — 3300 кг;
  • поўная маса (9300 кг): пярэдняя вось — 4100 кг (44%), задняя — 5200 кг.

Зьнешні габарытны радыюс павароту — 9 м. Паліўны бак — 190 літраў.

Дыскавыя колы — 6,75х19,5 см. Шыны 245/70R19,5.

Найбольшы пад’ём, які пераадольваецца з поўнай масай — 30%. Разгон да 60 км/гадзіна за 25 сэкундаў.

Рэсурс да 1-га капітальнага рамонту — 600 000 км язды. Найбольшы момант сілы — 650 ньютан·мэтраў пры 1600 абаротах/хвіліна.

Каляіна: між пярэднімі коламі — 211 см, між заднімі — 190,8 см. Антыблякавальнік колаў пры тармажэньні, супрацьбуксавальнік для захаваньня счапленьня колаў з дарогай[10].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Тэхнічныя характарыстыкі МАЗ-241 '2010–н.ч. // «Энцыкляпэдыя аўтамабіляў у карцінках», 2016 г. Праверана 29 сьнежня 2017 г.
  2. ^ а б Павал Берасьнеў. МАЗ пачне выпускаць школьныя аўтобусы // Зьвязда : газэта. — 1 лістапада 2011. — № 208 (27072). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б МАЗ прэзэнтаваў у Ніжнім Ноўгарадзе два новыя аўтобусы // Зьвязда : газэта. — 14 чэрвеня 2012. — № 112 (27227). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Школьны аўтобус ад МАЗу // Тэлеканал «Белсат», 28 кастрычніка 2011 г. Праверана 29 сьнежня 2017 г.
  5. ^ Вольга Кляшчук. Менскі аўтазавод прадставіў навінку 2011 году — школьны аўтобус малой клясы «МАЗ 241» // БелаПАН, 28 кастрычніка 2011 г. Праверана 29 сьнежня 2017 г.
  6. ^ Тацяна Паляжай. Банк разьвіцьця Беларусі закупіць школьныя аўтобусы для вёскі, вадзіць якія будуць выключна жанчыны // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 8 красавіка 2013 г. Архіўная копія ад 8 красавіка 2013 г. Праверана 29 сьнежня 2017 г.
  7. ^ Новая партыя «школьных» аўтобусаў адпраўлена ў рэгіёны // Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь, 2 верасьня 2014 г. Праверана 29 сьнежня 2017 г.
  8. ^ БелТА. Банк разьвіцьця Беларусі прафінансаваў закупку 72 школьных аўтобусаў // Газэта «Наша ніва», 10 чэрвеня 2014 г. Праверана 29 сьнежня 2017 г.
  9. ^ Андрэй Пакумейка, БелТА. МАЗ паказаў школьны аўтобус, які адпраўляюць на расейскі рынак // Эўрарадыё, 21 траўня 2013 г. Архіўная копія ад 21 траўня 2013 г. Праверана 29 сьнежня 2017 г.
  10. ^ Н.А. Ліпскі. Кіраўніцтва па выкарыстаньні аўтобуса «МАЗ 241» (рас.) // ААТ «Менскі аўтамабільны завод», 1 верасьня 2017 г. Праверана 29 сьнежня 2017 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]