Літоўская кухарка
«Літоўская кухарка» | |
Kucharka litewska | |
Жанр: | даведнік |
---|---|
Аўтар: | Вінцэнта Завадзкая |
Мова арыгіналу: | польская |
Публікацыя: | 1854 |
Асобнае выданьне: | 1854 |
Выдавецтва: | «Харвэст» (2013 год) |
Колькасьць старонак: | 432 (2013 год) |
Афармленьне: | І.В. Рэзько |
Пераклад на беларускую: | 2013 |
Перакладчык: | Натальля Бабіна |
Носьбіт: | кніга |
ISBN: | 978-985-18-1935-1 |
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору |
«Літоўская кухарка» — кулінарная кніга Вінцэнты Завадзкай, упершыню выдадзеная ў 1854 годзе ў Вільні (Расейская імпэрыя, цяпер Летува).
Аўтарка паходзіла зь сям'і віленскага выдаўца Аляксандра Жулкоўскага і была замужам за патомным друкаром Адамам Завадзкім (нар. 1814). Першае выданьне кнігі падпісала крыптонімам «W.A.L.Z». За 6 гадоў да таго рэдагавала кнігу Ганны Цюндзявіцкай «Літоўская гаспадыня». Да 2014 году кнігу «Літоўская кухарка» перавыдалі каля 20 разоў[1].
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кніга Вінцэнты Завадзкай «Літоўская кухарка» зьмяшчала «Мэню абедаў на ўвесь год» з разьбіўкай па месяцах і днях тыдня, «Стравы на сьняданак» і 21 пранумараваны разьдзел з рэцэптамі страваў:
- «Супы» (77 рэцэптаў, зь іх 38 гарачых на мясным булёне, 25 гарачых масьляных і посных, 9 салодкіх зь віна і ягадаў, 5 халаднікоў);
- «Разнастайныя дадаткі да супоў» (21 рэцэпт);
- «Соўсы» (40 рэцэптаў);
- «Гародніна» (64 рэцэпты і 9 гарніраў да гародніны);
- «Мясныя стравы» (57 зь ялавічыны, 44 зь цяляціны, 17 з бараніны, 15 са сьвініны і 5 зь дзічыны);
- «Аб прыгатаваньні розных свойскіх і дзікіх птушак як для варкі, так і для запяканьня» (33 рэцэпты са свойскіх птушак і 17 зь дзікіх);
- «Розныя рыбы» (73 рэцэпты);
- «Прыгатаваньне паштэтаў» (8 відаў цеста для паштэтаў, 10 рэцэптаў паштэтаў і 21 рэцэпт паштэцікаў, 11 відаў рускіх пірагоў і 2 шпекухі);
- «Мясныя і рыбныя халодныя стравы» (26 рэцэптаў);
- «Пудынгі, мельшпэйзы і дэсэрты» (16 пудынгаў, 42 мельшпэйзы і 43 салодкія стравы);
- «Стравы зь яек, грыбкі, налісьнікі і рознае печыва з патэльні» (19 страваў зь яек, 5 рэцэптаў грыбкоў і 22 рэцэпты налісьнікаў);
- «Кішкі, калдуны, кашы, макарона, лазанкі і штрудалі» (7 рэцэптаў кішкі, 5 кашаў і 18 макаронаў);
- «Вафлі, андруты, печыва, смажанае ў масьле альбо тлушчы, рускія бліны і калдуны» (7 рэцэптаў вафляў і 3 андрутаў, 2 аплаткі і 21 рэцэпт смажанага печыва);
- «Салодкая кандытарская здоба, вялікае і малое дэсэртнае печыва, а таксама печыва для шакаляду, кавы і гарбаты» (31 рэцэпт торта і 26 рэцэптаў мазуркі, 40 дэсэртных пірожных і 15 відаў печыва да кавы, гарбаты і шакаляду);
- «Дражджавая выпечка» (32 рэцэпты бабы і 9 бабаў на бялках, 23 рэцэпты пірагоў, булак і штрудаляў, 14 рэцэптаў мазурак і пляцкаў, 19 відаў сухарыкаў і абаранкаў);
- «Марозіва, граніта, крэмы, жэле, зэфіры, блянманжэ, маскавіта, кампоты, кісялькі, малачко і іншыя дэсэрты з малака» (17 відаў марозіва, 3 граніты, 17 крэмаў і 11 зэфіраў, 13 відаў жэле, 4 блянманжэ, 10 кампотаў, 7 кісялькоў і 8 відаў малачка);
- «Варэньне, жэле, павідла, сокі, сыропы, цэдры і шарбэты» (53 віды варэньня і 12 відаў соку);
- «Марцыпаны, пернічкі, цукеркі, сухое варэньне і кансэрвы на зіму» (36 рэцэптаў);
- «Марынаваныя салаты і розныя лекавыя рэцэпты» (36);
- «Розныя хатнія напоі» (16);
- «Хлеб» (3)[2].
Пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1907 годзе выйшаў 1-ы летувіскі пераклад кнігі «Літоўская кухарка». У жніўні 2013 году беларускае выдавецтва «Харвэст» выпусьціла ілюстраваную кнігу «Літоўская кухарка» ў беларускім і расейскім перакладах Натальлі Бабінай. У 2014 годзе Бабіна адзначыла: «Мы спраўджвалі зьмест па выданьнях 1938-га і 1911-га, ніякіх скарачэньняў не рабілі, бо стаяла задача захаваць тэкст як гістарычны помнік. Не папраўлялі, нават калі ў рэцэптуры былі нейкія памылкі. Але тады рабілі заўвагі перакладчыка: вось тут, напрыклад, трэба страву пасаліць або з рыбы трэба жабры выбраць, але аўтарка пра гэта ня піша. Для тагачасных гаспадынь гэта было само сабой зразумела, а цяперашняму чытачу варта тое падказаць»[1].
Уплыў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пры жаніцьбе дойлід-літвін Франц Малахавец падарыў сваёй расейскай жонцы Алене кнігу «Літоўская кухарка». У 1861 годзе ў Курску Алена Малахавец выдала па-расейску кнігу «Падарунак маладым гаспадыням», у якую ўлучыла істотную частку кнігі «Літоўская кухарка». У выніку да 2014 году кніга Алены Малахавец вытрымала звыш 40 перавыданьняў. У 1911 годзе 2 сястры Іваноўскія пад псэўданімам «Сава з арэшніку» выдалі па-летувіску «Падручнік для хатніх гаспадыняў», які быў адаптацыяй кнігі «Літоўская кухарка». Пры гэтым, малодшая сястра Марыя была жонкай сакратара рэдакцыі «Нашай Нівы» Вацлава Ластоўскага. У беларускай кухні мелі пашырэньне апісаныя ў кнізе літоўскія завіваныя зразы і Тышкевічаўскія калдуны. Пры гэтым, зьвяліся стравы са стынкі і сялявы, бо гэтыя віды рыбы занесьлі ў Чырвоную кнігу Беларусі. Таксама маладаступнымі сталі складнікі і шматдзённасьць прыгатаваньня такіх страваў як дразды-піскуны і легуміны, мельшпайзы і штуфады[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Кухмістар Верашчака. «Кухарка літоўская»: доўгі шлях да беларускага чытача // Ігуменскі тракт. — 25 лютага 2014. — № 6 (64).
- ^ Вінцэнта Завадзкая. Зьмест // Літоўская кухарка. Першая беларуская кулінарная кніга / перакл. Натальля Бабіна, адказн. і дызайн І.В. Рэзько. — Менск: Харвэст, 2013. — С. 419—431. — 432 с. — 1500 ас. — ISBN 978-985-18-1935-1
Гэта — накід артыкула па літаратуры. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |