Налісьнікі
Налісьнікі | |
Іншыя назвы | налесьнікі |
---|---|
Тып | бліны |
Нацыянальная страва | беларуская, украінская |
Паходжаньне | Беларусь, Украіна |
Рэгіён | Эўропа |
Асноўны складнік | пшанічная мука |
Распаўсюджаныя складнікі | вада, яйка, тварог |
Падобныя стравы | цадовікі |
Налісьнікі — тонкія бліны з пшанічнай мукі.
Муку з крухмалам раскалочваюць у вадзе або малацэ на рэдкае цеста і дадаюць яйка. Яечны бялок зьбіваюць у пену і падмешваюць патроху ў цеста, каб налісьнікі былі больш мяккімі і пышнымі. Цеста наліваюць на патэльню тонкім слоем, каб закрыць дно. У налісьнікі загортваюць тварог і мак, мятыя ягады і мёд, варэньне і скваркі, а таксама фарш з варанага мяса. Калі налісьнікі спажываюць без начыньня, то перагінаюць у 4 столкі і складваюць макацёр або рондаль, заліваюць сьмятанай або маслам і ставяць пад лёгкі дух у печ. Такія налісьнікі таксама ядуць з варэньнем і мёдам. У Прапойскім раёне іх выпякаюць з хлебнага цеста і тоўстымі. У Докшыцкім раёне тонкія бліны з аўсянай мукі называюць цадовікі[1]. Рэцэпт налісьнікаў быў запісаны падчас этнаграфічнай экспэдыцыі ў Рэчыцкі раён[2].
Складнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для прыгатаваньня бяруць 2 шклянкі малака і 1,5 шклянкі мукі, 2 яйкі і 200 грамаў тварагу, 2 слаловыя лыжкі алею і 0,5 шклянкі сьмятаны[3].
Прыгатаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Муку разводзяць у шклянцы малака, пасьля чаго зьмешваюць. Затым уліваюць узьбітыя бялкі яек і 2-ю шклянку малака[3]. Атрыманую сумесь мяшаюць да распушчэньня камякоў у аднародную вадкасьць. На прагрэтую патэльню наліваюць рэдкае цеста чарпаком, якім круцяць, каб цеста расплылося. Калі падрумяніцца адзін бок налісьніка, яго пераварочваюць і пякуць яшчэ пару хвілінаў на другім баку[4]. На гатовыя налісьнікі кладуць начыньне з працёртага тварагу, ягадаў або павідла[3]. Таксама для начыньня магчыма скарыстаць цёртыя яблыкі, сыр і мяса[4]. Затым іх загортваюць у выглядзе канвэрта або трубачкі. Затым налісьнікі кладуць у гаршчок або рондаль, паліваюць зьверху сьмятанай або вяршкамі і ставяць у духоўку[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Галіна Вештарт. Налісьнікі // Этнаграфія Беларусі: энцыкляпэдыя / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя, 1989. — С. 337. — 575 с. — 20 000 ас. — ISBN 5-85700-014-9
- ^ Кацярына Шчарбач. Беларускія стравы на кожны дзень // Факультэт камэрцыі і турыстычнай індустрыі БДЭУ, 14 лістапада 2021 г. Праверана 5 чэрвеня 2022 г.
- ^ а б в г Ірына Бубнова. Мачанка, зацірка, налісьнікі // Партал «Слушна», 16 траўня 2022 г. Праверана 5 чэрвеня 2022 г.
- ^ а б МГМ. Што рабіць на Масьленку ў час, калі не да сьвятаў // Тэлеканал «Белсат», 3 сакавіка 2022 г. Праверана 5 чэрвеня 2022 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |