Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Bocianski (гутаркі | унёсак) у 22:18, 17 сакавіка 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца
Апісаньнеза найлепшую кнігу прозы, выдадзенаю ў 2011 годзе на беларускай мове
АрганізатарАмбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Менску, Беларускі ПЭН-цэнтар, Саюз беларускіх пісьменьнікаў
Правядзеньне3 сакавіка 2012
Менск, Палац мастацтваў
КраінаБеларусь
Узнагародасэртыфікат на суму ў 105 мільёнаў рублёў ад Сомбелбанка і пуцёўка на востраў Готлянд
Першае прысуджэньне2012
Афіцыйны сайтgiedroyc.penbelarus.org (бел.)

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца — прэмія, заснаваная 28 сьнежня 2011 году, якая прысуджецца за найлепшую кнігу прозы, выдадзенаю (у папяровым або электронным варыянтах) у 2011 годзе на беларускай мове ў жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка».

Заснавальнікамі літаратурнай ўзнагароды выступілі Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Менску, Беларускі ПЭН-цэнтар і Саюз беларускіх пісьменьнікаў[1].

Прэмія была названая ў гонар ураджэнца Менску, польскага публіцыста і палітыка Ежы Гедройца, які ў сваёй культурнай дзейнасьці быў пасьлядоўным прыхільнікам добрасуседзкіх зносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю, Літвой і Украінай[1].

Апісаньне

Намінаваньне праходзіла ў тры этапы. У склад журы прэміі ўваходзілі прадстаўнікі зь Беларусі і Польшчы: беларускі бок прадстаўлялі Валянцін Акудовіч, Маргарыта Аляшкевіч, Уладзімер Арлоў, Барыс Пятровіч, Людміла Рублеўская і Андрэй Хадановіч; польскі — Пётар Казакевіч, Адам Паморскі і Лешак Шарэпка (ганаровы старшыня журы)[1]. 12 студзеня 2012 году журы Літаратурнай прэміі Гедройца вызначыла лонг-ліст прэміі, у які ўвайшлі кнігі 12 беларускіх празаікаў, выдадзеныя цягам 2011 году[2].

7 лютага 2012 году на на сядзібе Беларускага ПЭН-Цэнтру адбылася прэс-канфэрэнцыя, на якой быў абвешчаны шорт-ліст прэміі, у які трапілі кнігі 6 празаікаў:

  • Уладзіслаў Ахроменка «Тэорыя змовы» (Мінск: Логвінаў)
  • Альгерд Бахарэвіч «Малая медычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча» (Радыё Свабода, сэрыя «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе»)
  • Павал Касьцюкевіч «Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту» (Мінск: Логвінаў)
  • Артур Клінаў «Шалом: ваенны раман» (Мінск: Логвінаў, сэрыя «Кнігарня „Нашай Нівы“»)
  • Аляксандар Лукашук «Сьлед матылька. Освальд у Менску» (Радыё Свабода, серыя «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе»)
  • Андрэй Федарэнка «Мяжа» (Мінск: Літаратура і Мастацтва, сэрыя «Лімаўскі фальварак»)

Уручэньне

Павал Касьцюкевіч на ўручэньні прэміі 3 сакавіка

Абвяшчэньне і ўшанаваньне пераможцы адбылося 3 сакавіка 2012 у Палацы мастацтваў, у Міжнародны дзень пісьменьніка. Найбольш цікавыя ўрыўкі з кожнай кнігі былі прачытаныя акторамі.

Пераможцам быў прызнаны Павал Касьцюкевіч за кнігу прозы «Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту». Другое месца — у Альгерда Бахарэвіча, «Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча», трэцяе — у Андрэя Федарэнкі, «Мяжа»[3]. Пераможца атрымаў сэртыфікат на суму ў 105 мільёнаў рублёў ад Сомбелбанка[4] і пуцёўку на востраў Готлянд (Швэцыя). Узнагарода за другое месца прадугледжвала месячны побыт ва Ўроцлаве і выданьне кнігі ў Польшчы, у некамэрцыйным выдавецтве «Калегіюм Эўропы Ўсходняй»[5]. «Мяжа» Андрэя Федарэнкі замкнула кола фіналістаў, а пісьменьнік атрымаў запрашэньне ў польскі «горад сустрэч» — Уроцлаў[6].

Водгукі

На адной зь лютаўскіх канфэрэнцый амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка паведаміў, што прэмія была створаная менавіта дзеля падтрымкі і папулярызацыі сучаснай прозы краіны-суседкі[6].

Цікавыя факты

  • букмэкеры менскіх літаратурных салёнаў прымалі найбольшыя стаўкі на Лукашукоў «Сьлед матылька» і клінаўскі «Шалом», але ў выніку гэтыя кнігі нават ня трапілі ў тройку пераможцаў[5].
  • Павал Касьцюкевіч заявіў аб намеры перадаць частку прэміі сям`і віцебскага апазыцыянэра Сяргея Каваленкі, асуджанага нядаўна на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі, у якога на ўтрыманьні знаходзяцца двое непаўналетніх дзяцей[7].

Крыніцы

  1. ^ а б в Заснаваная літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца. ПрайдзіСвет (28 сьнежня 2011). Праверана 9 сакавіка 2012 г.
  2. ^ Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца: лонг-ліст. Новы Час (14 студзеня 2012). Праверана 9 сакавіка 2012 г.
  3. ^ Лаўрэатам прэміі Ежы Гедройца стаў Павал Касцюкевіч. Белсат (3 сакавіка 2012). Праверана 9 сакавіка 2012 г.
  4. ^ Першую прэмію імя Ежы Гедройца атрымаў Павал Касцюкевіч. Эўрапейскае радыё для Беларусі (3 сакавіка 2012). Праверана 9 сакавіка 2012 г.
  5. ^ а б Мікола Бугай (3 сакавiка 2012) Прэмію Гедройца атрымаў Касцюкевіч — за «Зборную». Наша НіваПраверана 9 сакавіка 2012 г.
  6. ^ а б Кацярына Радзюк Стымул пісаць па-беларуску. Вечерний Брест. Праверана 9 сакавіка 2012 г.
  7. ^ Сяргей Пульша Прэмію імя Ежы Гедройца атрымаў пісьменнік Павел Касцюкевіч. БелаПАНПраверана 9 сакавіка 2012 г.

Вонкавыя спасылкі