Ежы Гедройц
Ежы Гедройць | |
па-польску: Jerzy Giedroyć | |
Ежы Гедройць у 1997 годзе | |
Дата нараджэньня | 27 ліпеня 1906 (118 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | Менск, Менская губэрня, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 14 верасьня 2000 (94 гады) |
Месца сьмерці | Мэзон-Ляфіт пад Парыжам, Францыя |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | журналіст, паэт-адвакат, палітычны актывіст |
Узнагароды | |
Сайт | kulturaparyska.com/pl/lu… |
Подпіс | |
Ежы Уладзіслаў Гедройц (па-польску: Jerzy Władysław Giedroyć) — публіцыст, палітык, заснавальнік і рэдактар парыскага грамадзка-палітычнага часопісу «Kultura» на польскай мове.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 27 ліпеня 1906 году ў Менску, бацькі Ігнацы Гедройц і Францішка Стажыцкая. Вучыўся на юрыдычным (1924—1929) і гістарычным (1930—1931) факультэтах у Варшаўскім унівэрсытэце. Падчас вучобы — старшыня «Карапарацыі Партыя» і «Міжкарпаратыўнага Кола» ў Варшаве, дзеяч студэнцкай арганізацыі «Дзяржаўная думка», працаўнік замежнага аддзела Галоўнага студэнцкага камітэта Польскага саюза студэнцкай моладзі. Рэфэрэнт парлямэнтарны і па справах прэсы ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі (1929—1935); кіраўнік аддзела прэзыдыюма ў Міністэрстве гандлю і прамысловасьці (1935—1939); рэдактар «Студэнцкага дня» і двутыднёвіка «Бунт маладых», пераўтворанага ў 1936 годзе ў тыднёвік «Polityka» (1930—1939). З пачаткам II Сусьветнай вайны перабраўся ў Румынію. Асабісты сакратар польскага пасла ў Румыніі Роджэра Рачынскага (1939—1940); кіраўнік польскага аддзела пры Чылійскай місіі ў Бухарэсьце (1940); у якасьці супрацоўніка ангельскай місіі займаўся польскімі справамі ў Румыніі (1941). У Стамбуле, куды быў вывезены ангельскай місіяй (сакавік 1941) запісаўся на службу ў войска і выехаў у Палестыну. Салдат Самастойнай брыгады карпацкіх стралкоў, удзельнік лібійскай кампаніі і бітваў у Тобруку; кіраўнік (у рангу падпаручніка) аддзела часопісаў і вайсковых выдавецтваў Бюро прапаганды II Польскага корпуса (1941—1944); працаўнік Цэнтру вывучэньня бранявой зброі ў Галіполі (Італія) (1944—1945); дырэктар Эўрапейскага дэпартамэнта Міністэрства інфармацыі ўраду Польшчы ў Лёндане (1945).
Літаратурная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заснавальнік Літаратурнага Інстытуту ў Рыме (1946), выдавец і галоўны рэдактар часопіса «Kultura» (з 1947). У кастрычніку 1947 перанёс выдавецтва ў Maissons Laffitte пад Парыжам і разьвіў шырокую выдавецкую дзейнасьць, супрацоўнічаў зь вядомымі польскімі публіцыстамі і пісьменьнікамі-эмігрантамі, сярод якіх Юзэф Чапскі, Ежы Стэмпоўскі, Канстанты А. Яленскі, Юліўш Мерашэўскі, Чэслаў Мілаш, Вітальд Гамбровіч, Густаў Херлінг-Грудзінскі. Ініцыятар (1953) выданьня серыі Бібліятэкі Культуры (якая ахоплівае літаратурныя творы і кнігі палітычнага характару, а таксама дзёньнікі), з 1962 году — заснавальнік паўгодніка Гістарычныя сшыткі (з 1972 — квартальніка), матэрыялы якога датычаць найноўшай гісторыі Польшчы і Цэнтральнаэўрапейскіх краінаў.
Да верасьня 2000 году было выдадзена 511 тамоў Бібліятэкі Культуры, у тым 132 нумары Гістарычных сшыткаў і 636 нумароў Культуры. Ежы Гедройц — чалец рэдакцыйнага калегіюма часопіса расейскіх дысідэнтаў Кантынент і рэдакцыйнага савета ўкраінскага квартальніка Віднова. Удзельнік шматлікіх, арганізаваных на Захадзе акцый у імя свабоды культуры.
Пасьлядоўна імкнуўся (на працягу 50 г.) да наладжваньня добрасуседзкіх адносін паміж Польшчай і ўсходнімі суседзямі — Летувой, Беларусьсю і Ўкраінай — у пэрспэктыве здабыцьця гэтымі краінамі незалежнасьці. Ініцыятар і сябар створанага на пачатку 1982 году Фонду незалежнай дапамогі для польскай літаратуры і навукі. Аўтар шматлікіх артыкулаў і кнігі «Аўтабіяграфія на чатыры рукі» (апрацаваньне Кшыштафа Помяна — 1994).
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Доктар honoris causa Ягелонскага ўнівэрсытэту (1991), унівэрсытэту ў Фрыбургу (Швайцарыя), Уроцлаўскага ўнівэрсытэту (1998), Шчэцінскага ўнівэрсытэту (2000), а таксама ганаровы чалец Польскага гістарычнага таварыства (1991). Ляўрэат узнагароды Польскага ПЭН-Клюбу (1989), узнагароды імя сьв. Брата Альбэрта (1993), а таксама ўзнагароды часопісу «Палітыка» (1995) і ўзнагароды «Залатога Жазла» Фонду польскай культуры (1999).
Вайсковыя адзнакі: Ордэн Ганаровага Легіёну (1938), Афіцэрскі Крыж Румынскай Кароны (1930), Кавалерскі Крыж Бэльгійскай Кароны (1938), эстонскі Ордэн Белай Зоркі (1932).
Крытычна пазіраючы на адносіны, пануючыя ў Польшчы пасьля 1989 г., адмовіўся прыняць найвышэйшую польскую адзнаку — Ордэн Белага Арла. У 1996 г. адзначаны францускім Афіцэрскім Крыжам Ордэна Ганаровага Легіёну. У 1997 годзе атрымаў ганаровае грамадзянства Летувы, а ў 1998 годзе — Ордэн Гедыміна.
Да канца жыцьця пражываў у Францыі. Памёр 14 верасьня 2000 году ў Мэзон-Ляфіт.
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сейм Польшчы абвесьціў 2006 год годам Гедройца. 100-годзьдзе з дня нараджэньня адзначалася пад эгідай ЮНЭСКО. У Менску ў мікрараёне Брылевічы імем Гедройца названа вуліца.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Год Ежы Гедройца 2006», Польскі інстытут (Менск) пры падтрымцы МЗС Польшчы
- Нарадзіліся 27 ліпеня
- Нарадзіліся ў 1906 годзе
- Памерлі 14 верасьня
- Памерлі ў 2000 годзе
- Афіцэры ордэна Ганаровага легіёну
- Кавалеры ўкраінскага ордэна «За заслугі» III ступені
- Дактары honoris causa Ягелонскага ўнівэрсытэту
- Узнагароджаныя ордэнам Белага арла (Польшча)
- Гедройцы
- Нарадзіліся ў Менску
- Польскія публіцысты
- Кавалеры ордэна Ганаровага легіёну