Перайсьці да зьместу

Лізінг

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Лізынг»)

Лізінг (анг. lease — арэнда; чэск. Nájem — наём) — здача ў арэнду абсталяваньня, будынка і прылады на сярэдні і доўгі тэрмін.

Ажыцьцяўляецца ў выглядзе трохбаковай зьдзелкі. Прадпрыемства-наймадаўца набывае ў вытворцы-ўласьніка маёмасьць на выбар наймальніка, якому і перадае яе ў распараджэньне. Зацьвярджаецца пагадненьнем пра маёмасны найм. Падчас дзеяньня пагадненьня права ўласнасьці на маёмасьць належыць прадпрыемству-наймадаўцу, а права на карыстаньне — наймальніку. Пасьля заканчэньня тэрміну пагадненьня пра маёмасны найм наймальнік (арандатар) можа: 1) вярнуць прадмет найму наймадаўцу (арэндадаўцу), 2) заключыць новую дамову найму гэтай маёмасьці, 3) выкупіць прадмет найму па рэштавай вартасьці. Выкарыстаньне маёмаснага найму дазваляе наймальніку: 1) карыстацца маёмасьцю без аднакратнага буйнога ўкладаньня сродкаў на яе набыцьцё; 2) дасягнуць поўнага забесьпячэньня зьдзелкі; 3) узгадніць зручны для наймадаўцы парадак унясеньня арэндных плацяжоў; 4) зьменшыць частку абкладанага падаткам прыбытку на суму арэндных плацяжоў; 5) карыстацца падатковымі зьніжкамі дзяржавы-наймадаўцы пры маёмасным найме за мяжой[1].

Узровень пратэрмінаванай запазычанасьці за маёмасны найм у Беларусі скараціўся з 13% у 2009 годзе да 10% у 2010-м і да 8% у 2011-м. Пагатоў звыш паловы пратэрмінаванай запазычнасьці ў 2011 годзе склалася перад дзяржаўным ААТ «Прамагралізінг», якое выконвала дзяржаўныя праграмы ў сельскай гаспадарцы. Сярод іншых прадпрыемстваў-наймадаўцаў гэты паказьнік складаў менш за 2%. За 2011 год рынак лізінгу Беларусі ўпаў на 16% да 6,88 млрд рублёў (854 млн эўра). Сярод каля 40 адмысловых прадпрыемстваў-наймадаўцаў Беларусі тры занялі звыш паловы рынку (68,62%): 34,35% — расейскі «ЗГБ-Лізінг»; 19,02% — «ААБ-Лізінг»; 15,25% — «Прамагралізінг». З 2011 году новым прадметам найму сталі чыгуначныя вагоны, асноўнымі наймадаўцамі якіх сталі «ЗГБ-Лізінг» і «ААБ-Лізінг». У 2011 годзе доля маёмаснага найму ў агульным абсягу ўкладаньняў у асноўны капітал вырасла да 7,6%. У сукупным унутраным прадукце Беларусі яго доля засталася на ўзроўні 2,5%, што было сярэднеэўрапейскім паказьнікам[2].

25 лютага 2014 г. А.Лукашэнка падпісаў Указ № 99 «Аб пытаньнях рэгуляваньня лізінгавай дзейнасьці». 1-ы пункт Указа ўстанавіў, што ў памеры звыш 10 000 базавых велічыняў за год (1,5 млрд руб.; $146,2 тыс.) «лізінгавую дзейнасьць маюць права ажыцьцяўляць толькі лізінгавыя арганізацыі, уключаныя ў Нацыянальным банкам у рэестар лізінгавых арганізацыяў». Падпункт 1.4 Указа прадугледжваў, што «ўмовай уключэньня лізінгавай арганізацыі ў рэестар ёсьць утварэньне статутнага фонду на дзень падачы заявы аб уключэньні ў рэестар у памеры не ніжэй за мінімальны памер, роўны 125 тыс. беларускіх рублёў»[3] ($62,5 тыс.). Згодна з падпунктам 1.3 маёмасны найм дазволілі фізычным асобам[4]. Дапускалася, што «Лізінгавую дзейнасьць без уключэньня ў рэестар маюць права ажыцьцяўляць:

  • юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі пры ўмове заключэньня ня больш за трох дамоваў фінансавай арэнды цягам аднаго каляндарнага году і агульнай вартасьці прадметаў лізінгу, што перадаюцца па адной або некалькіх дамовах фінансавай арэнды, заключаных гэтымі лізінгадаўцамі ў адным каляндарным годзе, меншай за 10 000 базавых велічыняў;
  • замежныя арганізацыі, якія ажыцьцяўляюць лізінгавую дзейнасьць у Рэспубліцы Беларусь праз пастаяннае прадстаўніцтва;
  • юрыдычныя асобы, якія маюць права даваць маёмасьць на ўмовах фінансавай арэнды ў адпаведнасьці з рашэньнямі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»;
  • «Банкі, нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі»[5].

На 24 лістапада 2017 году Рэестар лізінгавых арганізацыяў Беларусі, які вёў Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, улучаў зьвесткі пра 101 прадпрыемства. Зь іх 62 маёмасныя наймадаўцы месьціліся ў Менску. 11 наймадаўцаў знаходзіліся ў Менскай вобласьці, зь іх 5 у Менскім раёне. У Берасьцейскай вобласьці было 7 прадпрыемстваў, усе зь якіх у Берасьці. У Віцебскай — 7, зь іх 5 у Віцебску. У Гомельскай — 6, зь іх 4 у Гомелі. У Магілёўскай вобласьці было 4 прадпрыемствы, усе зь якіх у Магілёве. У Гарадзенскай — 4, зь іх 3 у Горадні[6].

  1. ^ Лізінг // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 9. — С. 255. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0155-9
  2. ^ Павал Берасьнеў. Ад чаго залежыць лізінг // Зьвязда : газэта. — 13 чэрвеня 2012. — № 111 (27226). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 лютага 2014 г. № 99 «Аб пытаньнях рэгуляваньня лізінгавай дзейнасьці» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 8 красавіка 2017 г. Праверана 24 лістапада 2017 г.
  4. ^ У Беларусі дазволены лізінг фізычным асобам // Газэта «Наша ніва», 26 лютага 2014 г. Праверана 24 лістапада 2017 г.
  5. ^ Камэнтар да Ўказа № 99 ад 25 лютага 2014 г. // Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, 25 лютага 2014 г. Праверана 24 лістапада 2017 г.
  6. ^ Зьвесткі аб лізінгавых арганізацыях, уключаных у рэестар лізінгавых арганізацыяў, па стане на 24.11.2017 // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 24 лістапада 2017 г. Праверана 24 лістапада 2017 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]