Перайсьці да зьместу

Контаўт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Контаўт
лац. Kontaŭt
Асабістыя зьвесткі
Памёр па 1453
Род Контаўты
Дзеці Ян

Контаўт (у каталіцтве Міхал; памёр па 1453) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, староста жамойцкі (1436—1440, 1441 і 1452—1453). Пачынальнік роду Контаўтаў.

Вотчынныя ўладаньні знаходзіліся ў Крожах, Паюрах, Паланзе[1].

Гонталд або Конталд (Gontald, Contaldus[2]) — імя германскага паходжаньня[3]. Іменная аснова -гунд- (-гунт-, -кунт-) (імёны ліцьвінаў Гунтар, Вігунт, Вірконт; германскія імёны Guntar, Wigunt, Werecundus) паходзіць ад гоцкага gunþs 'бойка, бітва', а аснова -валд- (-алд, -олт) (імёны ліцьвінаў Геральт, Левалт, Рамвольт; германскія імёны Gerwald, Lewolt, Romuald) — ад гоцкага і германскага waldan 'валодаць, гаспадарыць' або wulþus 'слава, мажнасьць'[4].

Адпаведнасьць імя Гонтаўт германскаму імю Gontald сьцьвердзіў францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў[5].

Варыянты імя ў гістарычных крыніцах: слузе пана Контолтову, пану Контовту (Контолт, Контовт[1]; 1440—1453 гады)[6]; Kunttolt (1 кастрычніка 1441 году)[7]; Cantawt (22 красавіка 1444 году)[8]; Kantolt (8 жніўня 1452 году)[9]; Canttaute[1].

Зь літоўскага баярскага роду. Меў брата Бірала (магчыма, ідэнтычнага ковенскаму войту з тым жа імём). Каталіцкае імя Міхал паходзіць з вартай даверу генэалёгіі XVI стагодзьдзя[1].

Упершыню ўпамінаецца ў наданьні Жыгімонта Кейстутавіча яго брату Біралу. У 1436—1440 і 1441 гадох быў старостам жамойцкім, у 1452—1453 гадох — разам з галоўным старостам Янам Кезгайлам.

Меў сына Яна[1].

  1. ^ а б в г д Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст.. — 2-е выд. — Смаленск, 2014. С. 259.
  2. ^ Die Bischöfe von Gurk 1072—1822. — Klagenfurt, 1969. S. 156.
  3. ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 709, 1506.
  4. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
  5. ^ Schmittlein R. Toponymes finnois et germaniques en Lituanie // Revue internationale d’onomastique. Nr. 2, 1948. P. 103.
  6. ^ Lietuvos Metrika. Knyga 3 (1440—1498). — Vilnius, 1998. P. 43, 49.
  7. ^ Halecki O. Litwa, Ruś i Żmudż jako części skladowe Wielkiego Księstwa Litewskiego // Rozprawy Akademii Umiejętności. T. 34, 1916. S. 243.
  8. ^ Regesta historica-diplomatica Ordinis S. Mariae Theutonicorum, 1198-1525. Pars I. — Göttingen, 1948. S. 532.
  9. ^ Index corporis historico-diplomatici Livoniae, Esthoniae, Curoniae. Th. 2. — Riga; Dorpat, 1835. S. 16.