Перайсьці да зьместу

Каталіцтва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Каталік»)
Крыж — сымбаль каталіцтва

Каталіцтва (па-лацінску: Catholica ад грэц. Καθολικη — «паўсюдная») — найбуйнейшая лікам вернікаў хрысьціянская канфэсія. Налічвае каля 1 098 366 000 вернікаў. Паводле навукі Каталіцкай Царквы — гэта бачная супольнасьць ахрышчаных людзей, якія зьяднаныя вызнаньнем адной веры і імкненьнем да адной духоўнай мэты, якую (Царкву) заснаваў Ісус Хрыстос падчас свайго знаходжаньня на зямлі для працягу выконваньня Свайго заданьня, каб ажно пакуль сьвет існуе праз Царкву людзі атрымоўвалі плады Адкупленьня, зьдзейсьненага на Крыжы. Паводле волі Ісуса Хрыста, Заснавальніка і Галавы Каталіцкай Карквы, кіраваць ёй павінныя Апосталы начале зь Пятром і іх наступнікі. Папа Рымскі ці Біскуп Рыму — цяпер Францішак — як наступнік сьвятога апостала Пятра, мае ў Каталіцкай Царкве найвышэйшую, поўную, яму ўласьцівую і беспасярэднюю ўладу. Біскупы, як наступнікі Апосталаў, кіруюць Партыкулярнымі Цэрквамі ў еднасьці зь Біскупам Рыму.

Гісторыя каталіцтва зьяўляецца часткай гісторыі хрысьціянства, якое да чацьвертага стагодзьдзя стварала пэўнае адзінства. У пачатку пятага стагодзьдзя тэрмін каталіцтва або заходняе хрысьціянства пачалі выкарыстоўваць адносна хрысьціянаў у заходняй частцы Рымскай імпэрыі. Павольна павялічвалася розьніца паміж хрысьціянствам на Ўсходзе і на Захадзе. У 1054 годзе адбыўся канчатковы падзел паміж усходнім (праваслаўным) хрысьціянствам і заходнім (каталіцкім).

Дагматыка каталіцкай веры сфармавалася ў так званых вызнаньнях веры (сымбалі веры, Credo), і рашэньнях сабораў Касьцёла, якія праходзілі да схізмы 1054 году, і пазьней, якія склікаў Папа Рымскі. Сам Касьцёл, надзяляе пільную ўвагу навучаньню вернікаў, гэтай справе служаць пропаведзі, адукацыя і катэхізацыя вернікаў. Навучаньне каталіцкай веры выкладаецца ў Катэхізісах. Сымбаль веры зьяўляецца самай асновай дагматыцы. Саміх Сымбаляў веры ёсьць некалькі, але два зь іх — Апостальскі сымбаль веры і Нікеа-канстантынопальскі — займаюць найбольш значныя месцы. Ніжэй падаюцца іх тэксты.

Апостальскі сымбаль веры. Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, і ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага, які быў зачаты ад Духа Сьвятога, нарадзіўся зь Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны; зышоў да адхлані, на трэці дзень уваскрос з памерлых, узышоў на неба, сядзіць праваруч Бога Айца ўсемагутнага, адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Веру ў Духа Сьвятога, сьвяты Касьцёл каталіцкі, еднасьць сьвятых, адпушчэньне грахоў, уваскрашэньне цела, жыцьцё вечнае. Амэн.

Нікеа-канстантынопальскі сымбаль веры. Веру ў адзінага Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, усяго бачнага і нябачнага. І ў адзінага Пана Езуса Хрыста, Сына Божага Адзінароднага, з Айца народжанага перад усімі вякамі; Бога ад Бога, Сьвятло ад Сьвятла, Бога сапраўднага ад Бога сапраўднага, народжанага, не створанага, адзінасутнага Айцу, празь якога ўсё сталася. Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўленьня зышоў зь неба. І ўцелавіўся ад Духа Сьвятога зь Дзевы Марыі, і стаўся чалавекам. Укрыжаваны таксама за нас пры Понцкім Пілаце, быў замучаны і пахаваны. І на трэці дзень уваскрос паводле Пісаньня, і ўзышоў на неба, сядзіць праваруч Айца. І зноў прыйдзе ў хвале судзіць жывых і памерлых, і Яго Валадарству ня будзе канца. Веру ў Духа Сьвятога, Пана і Жыватворцу, які з Айца і Сына паходзіць; якому разам з Айцом і Сынам належыць пакланеньне і хвала; які прамаўляў праз прарокаў. Веру ў адзіны сьвяты каталіцкі і апостальскі Касьцёл. Вызнаю адзіны хрост для адпушчэньня грахоў і чакаю ўваскрашэньня памерлых і жыцьця вечнага ў будучым сьвеце. Амэн.

Заўвага 1 — Гэтыя два сымбалі веры прымаюць таксама праваслаўныя і некаторыя пратэстанты, але праваслаўныя вераць, што Дух Сьвяты паходзіць толькі ад Бога Айца, а не ад Бога Айца і Бога Сына (Filioque).

Вышэйшым аўтарытэтам у справах веры зьяўляецца Сьвятое Пісаньне (Біблія) і Сьвятая Традыцыя. Выражэньнем веры ў каталіцтве зьяўляюцца выразы, што перадаюць яе зьмест і якія падаюцца Каталіцкім Касьцёлам (дагматы, дагматычныя дэфініцыі). Такія выразы зьместу веры абвяшчаюцца на паўсюдных саборах або Папам Рымскім. Папа Рымскі, калі навучае ўрачыста як пераемнік апостала Пятра (ex cathedra) не памыляецца ў пытаньнях веры і маралі (беспамылковасьць Папы, бязгрэшнасьць Папы).

Вера і сьветапогляд

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каталіцкі Касьцёл вучыць, што чалавек можа пазнаць Бога ўласным розумам, але гэта пазнаньне датычыць больш самога факту існаваньня Бога. Розум жа, «асьвечаны верай», з дапамогай асаблівага божага дару можа пазнаць натуру Бога. У пазнаньні Бога і дагматаў веры дапамагае божае аб’яўленьне. Чалавечы розум мае абмежаваныя магчымасьці, таму ў поўні пазнаць Бога немагчыма. Як і іншыя хрысьціяне, каталікі вераць у аднаго Бога ў трох асобах (Найсьвяцейшая Троіца): Бог Айцец, Сын Божы (Езус Хрыстус, і Дух Сьвяты. Бог зьяўляецца ўсемагутным стваральнікам Сусьвету зь нічога, усяго матэрыяльнага і нематэрыяльнага. Бог стварыў і чалавека — вяршыню ўсяго стварэньня. Чалавек складаецца зь цела і душы. Душа чалавека несьмяротная і паклікана Богам існаваць на яго падабенства (на вобраз Бога). Разам з тым, Бог стварыў сьвет духаў — анёлаў. Некаторыя анёлы паўсталі супраць волі Бога і сталі дзейнічаць яму насуперак (д’ябал, сатана). Першыя людзі — Адам і Ева — пад уплывам д’ябла не паслухаліся Божых загадаў — учынілі першародны грэх. Вынікі гэтага ўчынку перайшлі на ўсіх людзей: пазбаўленьне першаснай справядлівасьці і сьвятасьці, аслабленасьць чалавечай натуры («выгнаньне з раю»). Пасьля Адама і Евы, кожны чалавек носіць на сабе знак перашароднага граху, які можа быць змыты на хросьце.

Сын Божы (Езус Хрыстус) стаўся чалавекам (уцелавіўся) і памёр на крыжы, каб людзям вярнуць страчаны стан неба (раю). Хрыстос быў пачаты Духам Сьвятым і нарадзіўся ў часе з Багародзіцай. Разам з тым, ён існаваў адвечна. Праз свае дабравольныя пакуты і крыжовую сьмерць, а таксама праз уваскрасеньне зь мёртвых, Хрыстос зрабіў справу адкупленьня. У выніку гэтай справы людзі вызваліліся ад грахоў і іх наступстваў.

Хрыстос мае дзьве натуры — боскую і чалавечую. Ён адзінасутны Богу-Айцу ў бостве і людзям у чалавецтве. Аднак, у адрозьненьне ад любога чалавека, Хрыстос ня мае ніводнага граху. Маці Хрыста — Марыя пры сваім зачацьці ня мела першароднага граху. Дагмат аб беззаганным зачацьці Марыі адсутнічае ў праваслаўі. Марыя захавала дзявоцтва да канца жыцьця. Пасьля яго заканчэньня яна зь целам і душой была ўзята на неба (да раю). Як маці Бога, Марыя займае выключнае месца сярод сьвятых, таму яе называюць найсьвяцейшая. Каталіцкі Касьцёл вучыць, што на працягу гісторыі чалавецтва адбываецца змаганьне зь сіламі зла. Каб заставацца добрым, кожнаму чалавеку патрэбна дапамога — божая ласка. Гэтую ласку для людзей выслужыў Хрыстос. Існуе два кшталты ласкі — дзейсная ласка і асьвячальная (пастаянная) ласка. Пастаянная ласка — гэта пастаянная накіраванасьць жыць і дзейнічаць так, як гэтага жадае Бог. Дзейсная ласка дапамагае пры навяртаньні або асьвячэньні. Грэх — гэта сьвядомае і дабравольнае парушэньне божых загадаў. Чалавек, які робіць цяжкі грэх, страчвае асьвячальную ласку. Калі ён памрэ ў такім стане, то трапіць у пекла, таму такія грахі яшчэ называюць сьмяротнымі. Вярнуць асьвячальную ласку пасьля цяжкага граху можна праз сакрамэнт споведзі. Ад няцяжкіх грахоў можна ачысьціцца як на споведзі, так і празь сьвятую камунію (прычашчэньне, гл. эўхарыстыя). Прабачэньне грахоў і вызваленьне ад іх называецца апраўданьнем чалавека. Каталіцкае вучэньне аб апраўданьні моцна адрозьніваецца ад пратэстанцкіх.

Прыгатаваньне дароў падчас Эўхарыстыя.[1]

Божую ласку можна атрымаць праз сакрамэнты (таямніцтвы). У каталіцтве, як і ў праваслаўі, прыняты сем сакрамэнтаў: хрост (хрышчэньне), канфірмацыя (алеепамазаньне, бежмаваньне), эўхарыстыя, пакаяньне і паяднаньне (споведзь), намашчэньне хворых, сьвятарства, сужэнства. Пры гэтым хрост зьяўляецца першым сакрамэнтам, прыняцьце якога дазваляе прымаць іншыя і робіць чалавека хрысьціянінам. Асаблівае месца ў каталіцтве займае культ эўхарыстыі (сьвятая Імша, сьвятая Камунія, Прычасьце, Найсьвяцейшыя цела і кроў Хрыста, Божае цела, адарацыя найсьвяцейшага сакрамэнту). Эўхарыстыя зьяўляецца вяршыняй і крыніцай хрысьціянскай рэлігіі.

Месца людзей ды іх абавязкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усе людзі пакліканы да сьвятасьці — поўні хрысьціянскага жыцьця й дасканалай любові дзякуючы нормаў паводзінаў, якія зьмешчаны ў божых прыказаньнях (Дэкалёг, Дзесяць прыказаньняў). Сьвятасьць — гэта прысьвячэньне сябе целам і душой справе Божай славы й служэньню бліжняму, праз выконваньне божае волі.

Душа чалавека пасьля сьмерці трапляе ў неба (рай) або пекла, у залежнасьці ад таго, як пражыў сваё жыцьцё кожны канкрэтны чалавек. Душы, якія памерлі ў стане асьвячальнай ласкі, але не гатовы трапіць у рай, перш, чым там апынуцца, праходзяць ачышчэньне ў чысцы (чысьцец). Дактрына аб чысцы адсутнічае ў праваслаўных хрысьціянаў. Калі Хрыстос прыйдзе другі раз на зямлю (парузія), адбудзіцца апошні суд і людзкія целы ўваскроснуць. Паводле гэтага суда Езус аддасьць кожнаму чалавеку паводле яго справаў і па яго прыняцьцю або адкіданьню ласкі (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касьцёла параграф 682). Душы, што памерлі ў стане сьмяротнага граху, будуць вечна пакутаваць у пекле. Душы ў небе (раі) будуць вечна шчасьлівымі.

Арганізацыйная структура

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Католікі вызнаюць, што ўсе Касьцёлы суі юрыс зьвязаны адзінствам паміж сабою і зь біскупам Рыма (Папам Рымскім), а кожны сябра Каталіцкага Касьцёла праз хрост належыць да ўсяго Каталіцкага Касьцёла, і да канкрэтнага Касьцёла суі юрыс.

Каталіцкі касьцёл вучыць, што яго кіраўніком (галавой) зьяўляецца Хрыстос, якога бачным намесьнікам і наступнікам апостала Пятра зьяўляецца біскуп Рыму (папа рымскі).

Папа Рымскі выбіраецца калегіяй кардыналаў на канклаве. Папа мае найвышэйшую ўладу, зьяўляецца кіраўніком гораду-дзяржавы Ватыкан.

Іншыя біскупы, якія знаходзяцца ў лучнасьці зь біскупам Рыма, утвараюць калегію біскупаў — другі ўзровень кіраваньня ў Каталіцкім Касьцёле. Калегія біскупаў лічыцца спадкаемніцай групы дванаццаці апосталаў Езуса Хрыста. Сваю ўладу калегія біскупаў выконвае толькі ў лучнасьці пад кіраўніцтвам папы рымскага. Выкананьне гэтай улады адбываецца: у сусьветных саборах, што склікаюцца папам; праз калегіяльныя дарадчыя органы біскупа Рыма; Рымскую курыю. Найвышэйшую ўладу каталіцтва называюць яшчэ Апостальскай сталіцай.

Каталіцкі Касьцёл складаецца зь мясцовых (партыкулярных) Касьцёлаў (цэркваў). Прадстаўнікамі папы рымскага ў мясцовых Касьцёлах у розных краінах, тэрыторыях і арганізацыях зьяўляюцца легаты (апостальскія нунцыі, пранунцыі, інтэрнунцыі, апостальскія дэлегаты).

Мясцовыя Касьцёлы (цэрквы) складаюцца з дыяцэзіяў або архідыяцэзіяў (дыяцэзіяў вышэйшага ўзроўню); ва ўсходніх каталіцкіх цэрквах прынята назва япархія і архіяпархія адпаведна. Гэта сталыя і звычайныя адміністрацыйныя адзінкі Каталіцкага Касьцёла. З дыяцэзіямі (архідыяцэзіямі) маюць роўныя правы: тэрытарыяльная пралатура, тэрытарыяльнае абацтва, апостальскі вікарыят і апостальская прэфэктура, апостальская адміністратура, ва ўсходніх каталіцкіх цэрквах — экзархаты. Функцыю дыяцэзіі выконвае, таксама, вайсковы ардынарыят.

Кіраўніком мясцовага Касьцёла (мясцовай Царквы) зьяўляецца дыяцэзіяльны (епархіяльны) біскуп або зраўнаны зь ім герарх (пралат, тэрытэрыяльны абат, апостальскі адміністратар, вайсковы ардынарый; ва ўсходніх цэрквах — экзарх). Дыяцэзіяльны біскуп можа мець так званага біскупа-каад’ютара (г. зн. біскупа, які мае права спадкаемнасьці) і дапаможнага біскупа (аднаго або некалькіх).

У кіраваньні мясцовымі Касьцёламі біскупам дапамагаюць: сьвятарская рада, калегія дарадцаў (кансултараў), рада эканамічных справаў, душпастырская рада, дыяцэзіяльны сынод (ва ўсходніх каталіцкіх цэрквах — епархіяльны канвэнт), капітулы канонікаў, дыяцэзіяльная курыя.

Мясцовыя Касьцёлы складаюцца з парафіяў (прыходаў, парохіяў) — пастаянных супольнасьцяў вернікаў акрэсьленай тэрыторыі. Кіраўніком парафіі зьяўляецца пробашч (настаяцель), якому можа дапамагаць вікарый або некалькі вікарыяў. Пробашчаў і вікарыяў прызначае дыяцэзіяльны біскуп. Яны належаць да другой (пасьля біскупаў) ступені сьвятарства — прэзьбітэраў (ксяндзоў). У выкананьні сваіх функцыяў ім дапамагаюць дыяканы — прадстаўнікі трэцяй (ніжэйшай) ступені сьвятарства.

Некалькі суседніх парафіяў могуць быць аб’яднаныя ў дапаможныя структуры — дэканаты (раённыя вікарыяты). Кіраўніком такой структуры зьяўляецца дэкан (раённы вікарый, протапрэзьбітэр), звычайна ім зьяўляецца пробашч адной з парафіяў, што ўваходзяць у дадзены дэканат і які зьяўляецца заслужаным сьвятаром.

Апрача парафіяў існуць асобныя цэнтры душпастырства (арганізацыі кіраваньня вернікаў) і рэктараты. Таксама асобна ад парафіяў служаць капэланы (апека над вязьнямі, хворымі, эмігрантамі, вайскоўцамі, спартоўцамі і інш.).

Некалькі мясцовых Касьцёлаў утвараюць наддыяцэзіяльныя структуры: мітраполіі (Касьцёльныя правінцыі), Касьцёльныя рэгіёны і Канфэрэнцыі біскупаў. На тэрыторыі Касьцёльных правінцый могуць склікацца правінцыяльныя сыноды. У вялікіх краінах некалькі мітраполіяў могуць утвараць Касьцёльныя рэгіёны з уласнымі рэгіянальнымі канфэрэнцыямі біскупаў. Біскупы адной краіны звычайна складаюць Канфэрэнцыю біскупаў гэтай краіны.

Кананічныя законы для ўсходніх каталіцкіх цэркваў прадбачаць магчымасьць існаваньня схода біскупаў розных абрадаў.

У Каталіцкім Касьцёле можна выдзеліць шэсьць галоўных лацінскіх абрадавых традыцыяў і пяць усходніх. Абрадам называюць асаблівы спосаб выражэньня каталіцкай веры супольнасьцю вернікаў, якіх яднае аднолькавая літургічная спадчына, а таксама тэалягічнае, духоўнае і дысцыплінарнае фарамаваньне ў канкрэтных гістарычных і культурных умовах. У рамках абрадавых традыцый у каталіцтве існуюць супольнасьці хрысьціян, называныя суі юрыс (па-лацінску: «sui iuris» — свайго закону), якія прызнаюць найвышэйшую ўладу Каталіцкага касьцёла. Такіх супольнасьцяў на дадзены момант існуе 22.

Вось сьпіс Касьцёлаў (Цэркваў) суі юрыс:

Александрыйская традыцыя:

  1. копцкі (патрыярхат)
  2. этыёпцкі (мітраполія)

Антыёская традыцыя:

  1. маланкарскі (мітраполія)
  2. мараніцкі (патрыярхат)
  3. сырыйскі (патрыярхат)

Халдэйская традыцыя:

  1. сыра-малабарскі (большае архібіскупства)
  2. халдэйскі (патрыярхат)

Бізантыйская (канстантынопальская) традыцыя:

  1. альбанскі
  2. баўгарскі
  3. беларускі (уніяты або вуніяты, грэка-католікі)
  4. вугорскі
  5. грэцкі
  6. італьяна-альбанскі
  7. мельхіцкі
  8. расейскі
  9. румынскі (мітраполія)
  10. русінскі (мітраполія)
  11. славацкі
  12. украінскі (большае архібіскупства; уніяты або вуніяты, грэка-католікі)
  13. харвацкі

Армянская традыцыя:

  1. армянскі (патрыярхат)

Лацінская традыцыя:

  1. лацінскі (патрыярхат)