Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і калегіюм езуітаў (Юравічы)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і калегіюм езуітаў
| |
Касьцёл і калегіюм езуітаў
| |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Юравічы |
Каардынаты | 51°56′31.06″ пн. ш. 29°31′57.85″ у. д. / 51.9419611° пн. ш. 29.5327361° у. д.Каардынаты: 51°56′31.06″ пн. ш. 29°31′57.85″ у. д. / 51.9419611° пн. ш. 29.5327361° у. д. |
Канфэсія | Беларускі экзархат |
Эпархія | Тураўская япархія |
Дата заснаваньня | XVII ст. |
Статус | Ахоўная зона |
Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і калегіюм езуітаў | |
Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і калегіюм езуітаў на Вікісховішчы |
Касьцёл Нараджэ́ньня Найсьвяце́йшай Па́нны Мары́і і кале́гіюм езуі́таў — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Юравічах. Знаходзіцца ў цэнтры гістарычнага мястэчка пад адрасам вуліца Горная, 9, на беразе Прыпяці. У другой палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату. У 2010-я гады комплексу вярнулі аўтэнтычны выгляд. Твор архітэктуры барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Комплекс складаецца з будынкаў касьцёла і калегіюму, аточаных высокім мурам з уязной брамай. У наш час у будынках дзее царква і манастыр Раства Багародзіцы Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Айцы-езуіты зьявіліся ў Юравічах у другой палове XVII ст. з фундацыі Барбары Лозкі і Мар’яны Катарскай, якія перадалі вёску ў валоданьне ордэна. 8 верасьня 1673 году адбылося асьвячэньне капліцы, у якую ўрачыста ўнесьлі цудоўны абраз Маці Божай. У 1681 годзе ў выніку дзейнасьці астроскіх езуітаў у Юравічах утварылася езуіцкая місія.
У 1726—1746 гадох на месцы драўляных будынкаў кляштару збудавалі мураваныя. У 1754 годзе місію ператварылі ў рэзыдэнцыю. У 1756 годзе тут адкрылася школа, пераўтвораная ў 1778 годзе ў калегіум. Пры рэзыдэнцыі існавалі музычная бурса, тэатар і бібліятэка[1].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Юравічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і калегіюм працягвалі дзеяць. У 1820 годзе, па ліквідацыі ордэна езуітаў у Расейскай імпэрыі, будынкі перадалі мазырскім бэрнардынам. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) расейскія ўлады гвалтоўна ліквідавалі кляштар, аднак у 1841 годзе[2] будынкі вярнулі каталікам. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у лістападзе 1864 году расейскія ўлады зноў адабралі будынкі ў каталікоў і ў 1865 годзе перабудавалі да непазнавальнасьці пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).
Наноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі царкву. У 1958 годзе на загад старшыні калгаса помнік архітэктуры пачалі разьбіраць на цэглу.
У 1990-я гады будынкі перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату, які заснаваў тут жаночы манастыр Раства Багародзіцы, а ў 2006 годзе — мужчынскі манастыр. У наш час вядзецца аднаўленьне комплексу ў выглядзе, набліжаным да аўтэнтычнага.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Комплекс складаецца з будынкаў касьцёла і калегіюму, аточаных высокім мурам з уязной брамай. З кутоў агароджы і абапал брамы ўзвышаюцца круглыя ў пляне вежы з байніцамі.
Касьцёл — 3-нэфавая 2-вежавая базыліка з выцягнутай паўкруглай алтарнай апсыдай. Галоўны фасад вэртыкальна падзяляецца на тры ярусы разьвітымі антаблемэнтамі, гарызантальна — пілястрамі. Разнастайныя нішы і вокны аздабляюцца складанымі профілямі і ляпнінай. Бакавыя сьцены падзяляюцца лапаткамі і неглыбокімі нішамі. Абапал алтара разьмяшчаюцца 2-павярховыя закрысьціі. Да паўночнай закрысьціі далучаецца 2-сьветлавы калідор, які вядзе ў будынак калегіюму. Пад касьцёлам разьмяшчаецца крыпта.
Калегіюм — 2-павярховы П-падобны ў пляне будынак. Ягоную сымэтрычную аб’ёмна-прасторавую кампазыцыю падкрэсьліваюць дзьве 3-ярусныя вежы з кутоў дваровага фасада. Сьцены рытмічна падзяляюцца пілястрамі, аконныя праёмы маюць фігурныя абрамленьні. Плян галерэйны зь вялікай заляй у цэнтры. Перакрыцьці абодвух паверхаў скляпеністыя.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычная графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Касьцёл і калегіюм, абмеры 1835 г.
-
Капліца і сакральны комплекс, XIX ст.
-
Капліца і сакральны комплекс, 1865 г.
-
Касьцёл і калегіюм, абмеры 1865 г.
Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Калегіюм езуітаў, да 1915 г.
-
Касьцёл па маскоўскай перабудове, 1926 г.
-
Касьцёл і калегіюм, 1936 г.
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Агульны выгляд сакральнага комплексу
-
Касьцёл
-
Касьцёл з боку апсыды
-
Мур і кутняя капліца
-
Брама
-
Касьцёл і калегіюм
-
Калегіюм
-
Абраз на фасадзе касьцёла
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Блінова Т. Юравіцкая езуіцкая рэзідэнцыя // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 771.
- ^ Ярашэвіч А. Пакуты Юравіцкага касцёла // Наша Вера. № 2 (24), 2003 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 312Г000407 |