Касьцёл Сьвятой Яўхіміі і кляштар бэнэдыктынак (Нясьвіж)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятой Яўхіміі і кляштар бэнэдыктынак
Касьцёл Сьвятой Яўхіміі і кляштар бэнэдыктынак
Касьцёл Сьвятой Яўхіміі і кляштар бэнэдыктынак
Краіна Беларусь
Места Нясьвіж
Каардынаты 53°12′56.8″ пн. ш. 26°40′53.57″ у. д. / 53.215778° пн. ш. 26.6815472° у. д. / 53.215778; 26.6815472Каардынаты: 53°12′56.8″ пн. ш. 26°40′53.57″ у. д. / 53.215778° пн. ш. 26.6815472° у. д. / 53.215778; 26.6815472
Дата заснаваньня XVI ст.
Касьцёл Сьвятой Яўхіміі і кляштар бэнэдыктынак на мапе Беларусі
Касьцёл Сьвятой Яўхіміі і кляштар бэнэдыктынак
Касьцёл Сьвятой Яўхіміі і кляштар бэнэдыктынак
Касьцёл Сьвятой Яўхіміі і кляштар бэнэдыктынак
Commons-logo.svg Касьцёл Сьвятой Яўхіміі і кляштар бэнэдыктынак на Вікісховішчы

Касьцёл Сьвятой Яўхіміі і кляштар бэнэдыктынак — помнік архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў у Нясьвіжы. Знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне Старога Места, на гістарычнай Бэнэдыктынскай вуліцы[a]. Твор архітэктуры раньняга і віленскага барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс складаецца з касьцёла, убудаванага ў кляштарны корпус, гаспадарчых пабудоваў і мура з брамай-званіцай. У 2-й палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі зруйнавалі касьцельную званіцу дзеля надбудовы купала-цыбуліны. У наш час у кляштарным комплексе разьмяшчаецца пэдадагічны каледж.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кляштар бэнэдыктынак у Нясьвіжы заснавалі ў канцы XVI ст. з фундацыі братоў Мікалая «Сіроткі» і Юрыя Радзівілаў. У 1590—1596 гадох вялося будаваньне мураванага кляштарнага комплекса, які меў абарончае значэньне. 12 чэрвеня 1597 году ў касьцёле адбылося першае набажэнства.

У 1720-я гады кляштар рэканструявалі, касьцёл упрыгожыла вежа. У 1763 годзе пры ўваходзе на тэрыторыю кляштару збудавалі вежу-браму. Пры кляштары дзейнічала жаночая школа. У 1784 годзе кляштар наведаў кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На дрэварыце Ў. Гумінскага, 1883

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793) касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. На 1804 год было 22 навучэнкі, 48 чал. жаночай прыслугі і 16 рамесьнікаў, на 1828 год — 33 манашкі, пераважна зь Менскага і Наваградзкага паветаў. У бібліятэцы было 437 кніг на польскай і 79 на лацінскай мовах. З музычных інструмэнтаў упамінаюцца 5 скрыпак, басэтля, 2 флейты.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1877[1] годзе ўлады Расейскай імпэрыі гвалтоўна ліквідавалі кляштар, па чым касьцёл перарабілі пад царкву Маскоўскага патрыярхату. Кляштарны корпус прыстасавалі пад вайсковыя кашары. У гэты ж час яны зруйнавалі касьцельную вежу.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1920 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі будынкі бэнэдыктынкам. У 1945 годзе савецкія ўлады зачынілі кляштар.

З 1994 году ў будынках кляштару месьціцца пэдагагічны каледж на базе пэдагагічнай вучэльні, заснаванай у 1984 годзе.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл — 1-нэфавая базыліка з 5-граннай апсыдай і невялікім трансэптам. Уваход у касьцёл ажыцьцяўляецца з калідораў прыбудаванага кляштарнага карпуса. Галоўны фасад выходзіць ува ўнутраны дворык і мае выгляд рызаліта кляштарнага корпуса. Апсыда дэкаруецца трыма пілястрамі і лучковымі аконнымі праёмамі. Над рызалітам узвышалася 8-гранная 3-ярусная вежа, зруйнаваная ў 2-й палове XIX ст.

Кляштар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У панараме места (налева), 1882

Кляштарны корпус — 2-павярховы Е-падобны ў пляне будынак з рознавялікімі бакавымі крыламі (цэнтральная частка — касьцёл). Гладкія сьцены фасадаў праразаюцца прастакутнымі аконнымі праёмамі. Архітэктурна-прасторавая арганізацыя двух замкнёных двароў, сфармаваных як з заходняга, так і з усходняга, алтарнага боку касьцёла, мае нерэгулярны і досыць выпадковы характар. Галоўны ўваход разьмяшчаецца асымэтрычна, у паўночным крыле.

У бакавых крылах разьмяшчаліся кельлі, гаспадарчыя і службовыя памяшканьні, у паўднёвым крыле — заля-трапезная. Унутраны плян калідорны, часткова зьменены пад сучасныя патрэбы.

Брама-званіца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вежа-брама разьмяшчаецца паміж кляштарымі сьценамі, на цэнтральнай восі ўнутранага дворыку. Гэта прастакутны ў пляне будынак, падзелены разьвітымі прафіляванымі цягамі на тры ярусы, якія паступова зьмяншаюцца. Першы ярус праразаецца аркай, над якой разьмяшчаецца высокі праём, другі з аркавым аконным праёмам у цэнтры, апярэзаны ліштвай, трэці ярус таксама з аркавым праёмам, дэкараваны крывалінейным карнізам. Кожны ярус на кутах падзяляецца пілястрамі. Вежа завяршаецца фігурным купал з шпілем. Дзьверы аздабляюцца мастацкай акоўкай[2].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цікавыя факты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Чапаева, 8

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ярашэвіч А. Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 375.
  2. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 372.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  612Г000480

Commons-logo.svg Касьцёл Сьвятой Яўхіміі і кляштар бэнэдыктынак (Нясьвіж)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў