Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў (Віцебск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам EmausBot (гутаркі | унёсак) у 01:33, 19 верасьня 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Сакральнае збудаваньне
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў
Касьцёл Сьв. Язэпа і калегіюм езуітаў, 1860-я
Касьцёл Сьв. Язэпа і калегіюм езуітаў, 1860-я
Краіна Беларусь
Места Віцебск
Каардынаты 55°11′35.60″ пн. ш. 30°12′24.49″ у. д. / 55.1932222° пн. ш. 30.2068028° у. д. / 55.1932222; 30.2068028Каардынаты: 55°11′35.60″ пн. ш. 30°12′24.49″ у. д. / 55.1932222° пн. ш. 30.2068028° у. д. / 55.1932222; 30.2068028
Архітэктурны стыль барокавая архітэктура[d]
Дата заснаваньня XVII ст.
Дата скасаваньня 1956
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў на мапе Беларусі
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў на Вікісховішчы

Касьцёл Сьвятога Язэпа[а 1] і калегіюм езуітаў — колішні рымска-каталіцкі кляштарны і адукацыйны комплекс у Віцебску. Дзейнічаў у XVII — 1-й пал. XIX стст., існаваў да сяр. XX ст. Знаходзіўся на тэрыторыі Ніжняга замка на левым беразе рэчкі Віцьба.

Займаў вялікі пляц, на заходнім баку якога разьмяшчаліся касьцёл і будынак калегіюму, што ўваходзілі ў адзіны комплекс і складалі замкнёны прастакутны двор. Усходні бок займаў вялікі сад і агарод. Паміж садам і будынкамі касьцёла і калегіюму знаходзіўся гаспадарчы двор, пэрыметрам якога стаялі мураваныя і драўляныя 1-павярховыя службовыя збудаваньні. На поўдзень ад гэтай тэрыторыі праз вуліцу знаходзілася 2-павярховая мураваная езуіцкая школа. Ля моста празь Віцьбу стаяла мураваная брама з капліцай, дзе штодня праводзіліся набажэнствы. У 1956 годзе бальшавікі зруйнавалі ўсе кляштарныя збудаваньні, да нашага часу захаваліся падмуркі.

Гісторыя

Айцы-езуіты зьявіліся ў Віцебску ў 1637 годзе. У 16401644 гадох з фундацыі ваяводы смаленскага Аляксандра Корвін-Гасеўскага тут збудавалі першы драўляны касьцёл Сьвятога Язэпа, спалены ў 1708 годзе разам з усім местам на загад цара маскоўскага Пятра I[1].

Езуіцкі кляштарны комлекс хутка зрабіўся значным асьветніцкім асяродкам: пры ім дзейнічала сэмінарыя для дзяцей зьбяднелай шляхты, друкарня і тэатар[1]. У 1682 годзе адкрыўся калегіюм, уводзіліся курсы філязофіі і маральнай тэалёгіі[2].

У 1716 годзе на сродкі кашталяна віцебскага Марцыяна Міхала Агінскага і мясцовай шляхты пачалося ўзьвядзеньне мураванага касьцёла, якое завяршылася ў асноўным да 1731 году. Кіраваў працамі італьянскі дойлід К. Англіяніні, аўтар алтара сьвятыні і выкладнік тэорыі архітэктуры ў калегіюме[3]. Асьвячэньне касьцёла адбылося ў 1751 годзе па аздабленьні інтэр’еру.

Праекты і абмеры
Касьцёл
Калегіюм
Школа

Мураваныя будынкі калегіюму ўзводзіліся ў 16911714 і 17371755 гадох. Яны значна пацярпелі ад пажараў у 1757 і 1762[2]. Аднаўленьне калегіюму вялося да 1799 году, у выніку чаго ён набыў рысы пераходнага стылю ад барока да клясыцызму.

У 1820 годзе расейскія ўлады ліквідавалі ордэн езуітаў. У 18221839 гадох будынкі займалі базыляны (вуніяты). Па забароне Грэка-Каталіцкай Царквы, у 1843 годзе ўлады перадалі комплекс Маскоўскаму патрыярхату, а касьцёл Сьвятога Язэпа перабудавалі і пераасьвяцілі ў сабор Сьвятога Мікалая (у гонар расейскага імпэратара). Адбылася замена фігурных завяршэньняў вежаў і цэнтральнага купала з «заломам», бачных на акварэлі Ю. Пешкі пачатку ХІХ ст., на паўсфэрычныя купалы, а над гадзіньнікавай вежай зьявіўся высокі ампірны шпіль.

У 1872 годзе ў час капітальнага рамонту комплексу вежу калегіюму цалкам разабралі, а вежы касьцёла перабудавалі ў стылі маскоўскай сярэднявечнай архітэктуры.

Неаднаразовыя перабудовы значна зьмянілі аўтэнтычны выгляд помніка, аднак яго значэньне ў арганізацыі прасторы і сылюэтнай панарамы цэнтру Віцебску як і раней заставалася істотным. Разам з комплексам бэрнардынскага кляштару калегіюм езуітаў ствараў нібыта люстэркавую сымэтрыю Рынкавай і Саборнай плошчаў і адзіны архітэктурны ансамбль. Аднак у 1956 годзе (паводле іншых зьвестак у 1957[2]) бальшавікі зьнішчылі абодва кляштарныя комплексы з мэтай «упарадкаваньня і рэканструкцыі» цэнтру места[4].

У наш час улады Віцебску зьбіраюцца адбудаваць колішні езуіцкі кляштарны комплекс з далейшай перадачай будынкаў Маскоўскаму патрыярхату. Плянуецца, што аднаўленьне сьвятыні адбудзецца не ў пачатковым барокавым выглядзе, а з пазьнейшымі мураўёўскімі перабудовамі (залатыя купалы-цыбуліны над вежамі і барабанам, зьнявечаны франтон галоўнага фасаду і інш.).

Архітэктура

Файл:Макет былога касьцёла і калегіюму езуітаў у Віцебску.jpg
Адрозны ад арыгінальнага (з залатымі купаламі-цыбулінамі) плянаваны да аднаўленьня выгляд комплексу

Касьцёл — помнік архітэктуры позьняга барока. Гэты была 2-вежавая 3-нэфавая базыліка з паўкруглай апсідай і бакавымі закрысьціямі. Над асноўным аб’ёмам узвышаўся магутны 8-гранны сьветлавы барабан, які завяршаўся высокім ліхтаром[3]. 2-ярусны галоўны фасад завяршаў плястычна выгнуты франтон, па бакох фасад флянкавалі 2-ярусныя 8-гранныя вежы (па перабудове на сабор Маскоўскага патрыярхату набылі завяршэньні ў выглядзе купалоў-цыбулінаў з макаўкамі). Аналягічныя галоўнаму фігурныя франтоны завяршалі крылы трансэпту. 2-і ярус галоўнага фасаду, падзяляўся аркавымі аконнымі праёмамі ў плястычных ліштвах і крапаваўся пілястрамі. Перадапошні ярус вежаў — аркавыя прасьветы-званы. Пад будынкам мелася скляпеністая крыпта[5].

Фасад П-падобнага двухпавярховага корпусу калегіюму, што выходзіў на чырвоную лінію забудовы Саборнай плошчы, побач з касьцёлам, крапаваў сымэтрычны ўваходны аб’ём, які завяршаўся 3-яруснай вежай з гадзіньнікам (у 1872 годзе пры капітальным рамонце гэтую вежу цалкам разабралі). Будынак меў калідорнае плянаваньне. На 1-м паверсе разьмяшчаліся пакоі для вучняў, архіў, рэфэктар з кухняй, на 2-м — кельлі манахаў і цёплая капліца, у цокальным паверсе — гаспадарчыя службы. Памяшканьні ўсіх паверхаў перакрываліся крыжовымі скляпеньнямі, а залі рэфэктару і капліцы над ім — люстэркавымі скляпеньнямі з падугамі (найбольш распаўсюджаны тып скляпеньня пэрыяду барокавага клясыцызму)[6].

Галерэя

Заўвагі

  1. ^ Іншыя варыянты імя сьвятога: Юзэф, Ёсіф

Крыніцы

  1. ^ а б Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 167.
  2. ^ а б в Валерый Пазднякоў. Віцебскі езуіцкі калегіум // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 454.
  3. ^ а б Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 171.
  4. ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 168.
  5. ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 230.
  6. ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 167—168.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў (Віцебск)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў