Карляс Сьлім

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Карляс Сьлім
гішп. Carlos Slim
2012 г.
Род дзейнасьці Прадпрымальніцтва
Дата нараджэньня 28 студзеня 1940 (84 гады)
Месца нараджэньня Мэхіка, Мэксыка
Грамадзянства Мэксыка
Месца вучобы
Занятак прамысловы магнат, філянтроп, інвэстар, генэральны выканаўчы дырэктар, спэцыяліст у галіне інфарматыкі, інжынэр цывільнага будаўніцтва, прадпрымальнік
Месца працы
Бацька Хуліян Сьлім (1888—1953)
Маці Лінда Элу (1902—1984)
Жонка Сумая Доміт (1966 — † 1999)
Дзеці 3 сыны: Карляс (1967), Марк-Антоні, Эвэрэт-Патрык; 3 дачкі: Сумая, Ванэса, Хуана
Узнагароды Ордэн Леапольда II (2002), ордэн Кедра (2008)
Сайт carlosslim.com
Дадаткова Уласьнік і старшыня «Амэрыка Мовіл»(es) і «Група Карсо»(es)

Карляс Сьлім (1940; Мэхіка, Мэксыка) — мэксыканскі прадпрымальнік-мільярдэр арабскага паходжаньня. У 2010—2013 гг. быў найбагацейшым чалавекам у сьвеце. На 2015 г. пад яго кіраўніцтвам знаходзіліся звыш 40% прадпрыемстваў у лістынгу Мэксыканскай фондавай біржы(es). Яго чыстыя актывы складалі каля 6% ад сукупнага ўнутранага прадукту Мэксыкі.

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бацька Халіль Салім Хадад Агламаз (1888—1953) нарадзіўся ў Бэйруцкай вобласьці(ar) (цяпер Лібан) Асманскай імпэрыі у 1888 годзе. Паходзіў зь сям’і арабаў-хрысьціянаў, якія належалі да Мараніцкай царквы(ar). У 1902 г. 14-гадовым юнаком пераехаў у Мэксыку, дзе зьмяніў імя на Хуліян Сьлім Хадад. Чатыры старэйшыя браты ўжо жылі ў Мэксыцы, куды хлопцаў выправілі для ўніканьня рэкруцтва ў Асманскае войска(tr) у 15-гадовым узросьце. У 1911 г. з 36-гадовым братам Хасэ адчыніў буйную краму «Зорка Ўсходу» ў гандлёвай частцы Мэхіка (цяпер раён Вэнустыяна Каранса(es)), дзе ў 1921 г. скупіў нерухомасьць пасьля абвалу цэнаў у выніку Мэксыканскай рэвалюцыі(es) 1910—1920 гадоў. У жніўні 1926 г. ажаніўся зь Ліндай Элу, ад якой меў 3 сыноў (Хуліян, Хасэ, Карляс) і 3 дачок (Нур, Альма, Лінда). Маці Лінда Элу (1902—1984) нарадзілася ў паўночнамэксыканскім горадзе Парал(es) (штат Чыўаўа). Паходзіла зь сям’і лібанскіх арабаў-хрысьціянаў, які пераехалі ў Мэксыку пры канцы 19 стагодзьдзя. Яе бацька стварыў адзін зь першых арабскамоўных часопісаў Мэксыкі на прывезеным з Бэйруцкай вобласьці (Асманская імпэрыя; цяпер Лібан) друкарскім станку.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і лібанскага перасяленца, які 14-гадовым юнаком пераехаў у Мэксыку ў 1902 г. і адчыніў у 1912 г. у цэнтры Мэхіка буйную краму «Зорка Ўсходу». Бацька ў 1930—1949 гг. быў старшынём Лібанскай гандлёвай палаты. Маці была дачкой буйнога лібанскага гандляра, які пераехаў у Мэксыку пры канцы 19 стагодзьдзя. Бацькі паходзілі зь сем’яў арабаў-хрысьціянаў, якія належалі да Мараніцкай царквы. Меў 3 старэйшых братоў і 2 сястры.

У 1951 г., 11-гадовым юнаком, зрабіў першае ўкладаньне ў аблігацыі ўрада Мэксыкі пад складаны адсотак(en). У 1952 г. набыў першыя акцыі «Нацыянальнага банка Мэксыкі»(es). У 1953 г., у 13-гадовым узросьце, асірацеў у сувязі са сьмерцю бацькі. У 1955 г., у 15 гадоў, стаў акцыянэрам найбольшага банка Мэксыкі. У 17 гадоў зарабляў 200 пэса за тыдзень на прадпрыемстве, якое заснаваў бацька. У 1957 г. паступіў у Нацыянальны аўтаномны ўнівэрсытэт Мэксыкі (Мэхіка) на інжынэрны факультэт, які скончыў у 1961 г. па спэцыяльнасьці грамадзянскае будаўніцтва. Адначасна працаваў ва ўнівэрсытэце прафэсарам альгебры і лінейнага праграмаваньня. Па выпуску з ВНУ ў 1961 г. пачаў гандляваць акцыямі на біржы, дзе працаваў да 14 гадзінаў на дзень. У 1965 г. прыбытак ад прыватных укладаньняў дасягнуў 400 тысячаў даляраў ЗША, што дазволіла заснаваць 30 лістапада брокерскае прадпрыемства «Біржавы інвэстар»(es) (гішп. Inversora Bursátil), якое з 1990 называецца «Інбурса». Таксама ў 1965 г. заснаваў холдынг «Група Карсо»(es) і набыў вытворцу напояў «Збанкі Поўдня»(es) (гішп. Jarritos del Sur). У студзені 1966 г. стварыў прадпрыемства «Нерухомасьць Карсо» і меў уласнасьці на $40 млн. У красавіку 1966 г. ажаніўся з Сумаяй Доміт (1940—1999). 15 лістапада 1967 г. нарадзіўся першы сын Карляс(es).

У 1981 г. набыў 2-га найбольшага вытворцу цыгарэтаў Мэксыкі — «Мэксыканскі цыгарны тытунь» (ЦыгаТаМ; гішп. Cigarros la Tabacelera Mexicana, CigaTaM) падчас абвалу цаны акцыяў перад дэфолтам ураду Мэксыкі ў жніўні 1982 году (Лацінаамэрыканскі даўгавы крызіс(es) 1980-х гг.). Прыбыткі гэтага прадпрыемства дазволілі набыць большасьць наступных прадпрыемстваў. У 1984 г. набыў за $50 млн мэталаздабывальнае прадпрыемства «Фрыско» (гішп. Frisco; Мэхіка), якое пераважна выпускала залатыя і срэбраныя зьліткі з руды на 9 шахтах у Мэксыцы. Таксама ў 1984 г. набыў за $13 млн «Страхаваньне Мэксыкі», што ў 1997 г. стала падразьдзяленьнем «Інбурса». У 1985 г. «Група Карсо» набыла кантрольны пакет акцыяў сеткі крамаў і рэстаранаў «Санборн-Эрманос»(es) (Мэхіка) у амэрыканскай аптэчнай сеткі «Ўолгрынз» (вёска Дырфілд, штат Іліной). У 1988 г. набыў мэксыканскага вытворцу медзі «Накобрэ» (гішп. Nacobre).

У 1990 г. набыў дзяржаўнае прадпрыемства сувязі «Тэлефоны Мэксыкі(es)», якому належаў сотавы апэратар «Тэлсэл» і на 2006 г. звыш 90% тэлефонных лініяў Мэксыкі. У 1991 г. набыў мэксыканскую сетку гасьцініцаў «Калінда» (цяпер «Остар»). У 1992 г. набыў кантрольны пакет акцыяў найбольшага ў Мэксыцы вытворцы шынаў «Эўскадзі» (бас. Euzkadi — Басконія) ў амэрыканскага прадпрыемства «Б.Ф. Гудрыч(en)» (Шарлот, штат Паўночная Караліна). 8 сьнежня 1994 г. у сталічным палацы Лярэта заснаваў у гонар жонкі Музэй Сумаі(es), які адчыніў для бясплатнага агляду звыш 64 тыс. твораў мастацтва з усяго сьвету за 30 стагодзьдзяў гісторыі. 29 сакавіка 2011 г. музэй перанесьлі ў сталічны Палац Карсо(en).

У 1999 г. перанёс апэрацыю на сэрцы, пасьля чаго перадаў кіраўніцтва прадпрыемствамі сваім траім сынам. У 2000 г. з «Тэлсэл» утварылі «Амэрыка Мовіль(es)» (гішп. América Móvil — Мабільная Амэрыка), што ў 2003 г. заснавала ў Бразыліі міжнародную сотавую сетку «Кляру Амэрыкас» (парт. Claro Americas — Ясная Амэрыка) з ахопам звыш 313 млн жыхароў у большасьці краінаў Лацінскай Амэрыкі на 2012 год. У 2011 г. заклаў у Мэхіка хрысьціянскі прапаведніцкі цэнтар, лякарню і музэй пры Базыліцы Гвадэлюпскай Багародзіцы(es). На сакавік 2012 г. асабістае багацьце было найбольшым у сьвеце, складала $68,6 млрд і вырасла ад пачатку году на 11%[1]. 23 красавіка 2014 г. набыў для «Амэрыка Мовіл» 59,7% акцыяў прадпрыемства «Сувязь Аўстрыі(de)» (Вена), якому належыць беларускі сотавы апэратар «А1» і сотавыя апэратары ў Баўгарыі, Македоніі, Славеніі, Сэрбіі і Харватыі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]