Зьезд настаўнікаў Менскай губэрні (1906)
Зьезд настаўнікаў Менскай губэрні — другі зьезд беларускіх настаўнікаў, які адбыўся 9 ліпеня 1906 году ва ўрочышчы Прыстанька каля мястэчка Мікалаеўшчына Стаўпецкага павету. У сходзе прынялі ўдзел шэраг дзяячоў беларускага нацыянальнага адраджэньня: Якуб Колас, Янка Маўр, Алесь Сянкевіч і іншыя. На сходзе былі выказаны думкі пра неабходнасьць навучаньня дзяцей на роднай мове, увядзеньне бясплатнага навучаньня ў пачатковых школах, бяспраўнае становішча народнага настаўніка ва ўмовах царскага рэжыму, далучэньне да агульнарасейскага рэвалюцыйнага руху «Усерасейскі зьвяз настаўнікаў». У выніку, удзельнікі былі арыштаваны і пазбаўлены права настаўнічаць, некаторыя (Якуб Колас) адсядзелі ў турме.
Ход падзей
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Размовы пра тое, каб аб’яднацца і стварыць свой настаўніцкі зьвяз, даўно вяліся ў асяродзьдзі беларускіх настаўнікаў пачтаку XX стагодзьдзя: так, у 1905 годзе ў Менску ўжо адбыўся настаўніцкі зьезд. Гэтым разам, 9 ліпеня 1906 году шэраг настаўнікаў пераважна зь Менскай губэрні сабраліся ва ўрочышчы Прыстанька на беразе Нёмана, каб абмеркаваць палітычнае становішча ў краіне. На сходзе прысутнічалі 17 настаўнікаў шэрагу беларускіх губэрняў: Сямён Самахвал, Алесь Райскі, Алесь Сянкевіч, Нікіфар Янкоўскі, Вікенты Віяленцій, Хведар Калечыц (зь Менскага павету), Язэп Міцкевіч (зь Ковенскай губэрні), Кастусь Міцкевіч, Адам Вайцяхоўскі (зь Ігуменскага павету), Іван Лапцэвіч, Аляксей Аляшкевіч, Уладзімер Міцкевіч (зь Бабруйскага павету), Антось Камароўскі (зь Пінскага павету), Адам Мілюк (зь Ашмянскага павета), Міхась Пальчэўскі (са Слуцкага павета), Іван Фёдараў (зь Барысаўскага павета), Алесь Філіповіч [1]. Старшыня зьезду Алесь Сянкевіч, настаўнік Мікалаеўшчынскай школы, зрабіў даклад аб палітычным становішчы ў дзяржаве. Ён прапанаваў стварыць сваю прафэсійную арганізацыю і далучыцца да Расейскага зьвязу настаўнікаў. Настаўнікі чыталі свае вершы, купаліся ў Нёмане і падрыхтоўвалі пратакол зьезду. У канцы дня ўдзельнікі зьезду вярнуліся ў вёску. Разам павячэралі ў школе, склалі і падпісалі пратакол зьезду.
Пратакол ляжаў на стале. Нікому і ў галаву не прыйшло цяпер, што нас можа напаткаць бяда. А гэтая бяда ў вобразе паліцыі ўжо совалася пад вокнамі школы. У гадзін 12 ночы раптам уляцеў ураднік у кватэру настаўніка і з крыкам "ні зь месца", як каршун, наляцеў на наш пратакол. Следам уварваліся сюды паліцэйскія стражнікі на чале зь прыставам. Закамандавалі падняць рукі ўгору і пайшлі трасьці нашы кішэні і шукаць па ўсіх кутках крамолы... | ||
—Якуб Колас, «Васямнаццатая гадавіна» |
Настаўнікаў хацелі арыштаваць адразу, але за іх заступіліся сяляне. Хтосьці залез на званіцу, і царкоўны звон абудзіў усю вёску. Каля школы сабраўся людзкі натоўп. Вяскоўцы гатовы былі ўзяцца за калы і царскія служкі не рашыліся забраць зь сабой падазраваных[2].
Следзтва і суд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пакуль вялося сьледзтва, двое зь настаўнікаў, Алесь Сянкевіч і Нічыпар Янкоўскі, эмігравалі ў Амэрыку. Астатніх удзельнікаў, чыі подпісы стаялі пад пратаколам, звольнілі зь пасады і забаранілі працаваць у школе. Апрача пратаколу, у рукі паліцыі трапіла лістоўка з заклікам дамагацца лепшай долі. Пакаралі за лістоўку Кастуся Міцкевіча, хаця пісаў яе іншы настаўнік, якога Міцкевіч не выдаў. Сьледзтва вялося два гады і па выніках яго былі пакараны два настаўнікі: Якуб Колас і ягоны сябар-зямляк[2].
Судзіла нас выязная сэсія Віленскай судовай палаты. Лістоўку бралі на экспэртызу двойчы. Першы раз экспэрты далі патрэбныя суду зьвесткі. Другі раз прызналі, што рука не мая. Пракурор як усхопіцца! І давай: «З прычыны разыходжаньняў у поглядах экспэртаў, гаспада судзьдзі, патрабую Міцкевіча асудзіць». Так што ўсё было вырашана загадзя. Не ўдавалася пасадзіць за падабенства, дык пасадзілі за разыходжаньне паміж экспэртамі... | ||
—Максім Лужанін, «Колас расказвае пра сябе» |
У выніку, зь 1908 па 1911 гады Якуб Колас адбываў пакараньне ў менскай турме Пішчалаўскі замак, дзе ён пачаў пісаць паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка».
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Якуб Колас напісаў верш «Сябрам», які ён прысьвяціў настаўнікам, якія ўдзельнічалі ў зьезьдзе.
Мікола Маляўка ў памяць аб падзеях зьезду напісаў санэт «У Прыстаньцы, далей ад царскіх слуг».
Ва ўрочышчы Прыстанька ў 1993 годзе быў усталяваны помнік зьезду, які ўяўляе сабой два валуны, на адным зь якіх ёсьць шыльда з апісаньнем падзеі [1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б У Прыстаньцы, далей ад царскіх слуг…
- ^ а б Мікола Маляўка. Коласаў абярэг / Мікола Маляўка.- Мінск: Маст.літ., 2011.- 214 с.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мікола Маляўка Коласаў абярэг. — Мінск: «Мастацкая літаратура», 2011. — С. 3—16. — 214 с. — 1200экз. ас.