Мужчынская зборная Мэксыкі па футболе
| Мэксыка | |||||
| | |||||
| Фэдэрацыя | Мэксыканская футбольная фэдэрацыя[d] | ||||
|---|---|---|---|---|---|
| Канфэдэрацыя | КОНКАКАФ | ||||
| Трэнэр | |||||
| Капітан | Гільерма Ачоа | ||||
| Найбольш гульняў |
Андрэс Гуардада | ||||
| Найлепшы бамбардзір |
Хавіер Эрнандэс | ||||
| Першая гульня | |||||
|
Мэксыка 2:1 Гватэмала (Мэхіка, Мэксыка; 9 сьнежня 1923) | |||||
| Самая буйная перамога | |||||
|
Мэксыка 13:0 Багамы (Талюка, Мэксыка; 28 красавіка 1987) | |||||
| Самая буйная параза | |||||
|
Ангельшчына 8:0 Мэксыка (Лёндан, Ангельшчына; 10 траўня 1961) | |||||
| Чэмпіянат сьвету | |||||
| Удзел | 18 (упершыню: 1930) | ||||
| Дасягненьні | Чвэрцьфінал (1970, 1986) | ||||
| Залаты кубак КОНКАКАФ | |||||
| Удзел | 26 (упершыню: 1963) | ||||
| Дасягненьні | Чэмпіён (1965, 1971, 1977, 1993, 1996, 1998, 2003, 2009, 2011, 2015, 2019, 2023, 2025) | ||||
| |||||
Мужчы́нская збо́рная Мэ́ксыкі па футбо́ле — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Мэксыку на міжнародных футбольных турнірах і ў таварыскіх матчах. Арганізацыяй, які ажыцьцяўляе кантроль і кіраваньне зборнай, ёсьць Мэксыканская футбольная фэдэрацыя. Каманда стасуецца да адной з самых тытулаваных зборных у рэгіёне КОНКАКАФ.
Зборная Мэксыкі традыцыйна ўважаецца за наймацнейшую каманду ў Цэнтральнай і Паўночнай Амэрыцы. З прычыны таго, што паўночнаамэрыканскі кантынэнт першапачаткова меў права праводзіць самастойны адборачны турнір, мэксыканцы, як правіла, лёгка былі мацней за супернікаў і атрымоўвалі квіток на фінальную стадыю чэмпіянату. Аднак у фінальнай стадыі Мэксыка з той жа лёгкасьцю атрымлівала паразы камандам больш высокага ўзроўню. Толькі з канца 1980-х гадоў каманда здолела крыху падвысіць узровень гульні. Мэксыканскі футбол да гэтага часу пакутуе ад вымушанай ізаляцыі, што згубна адбіваецца на разьвіцьці гульні ў гэтай краіне. Акружаная футбольнымі карлікамі, мэксыканская зборная ахвотна праводзіць матчы з моцнымі камандамі іншых кантынэнтаў, удзельнічае ў розных турнірах, як то Кубак канфэдэрацыяў і Кубак Амэрыкі, спрабуючы тым самым падвысіць узровень свайго футболу.
Мэксыканскі чэмпіянат здаўна ёсьць адным з самым высокааплатных у Паўночнай і Цэнтральнай Амэрыцы. Тут таксама гуляюць і многія паўднёваамэрыканскія футбалісты. Мэксыканскія ж гульцы зрэдку пакідаюць межы сваёй краіны й выступаюць як правіла за мэксыканскія клюбы. Падобная сытуацыя таксама ня ёсьць плённай для далейшага разьвіцьця мэксыканскага футболу. Трэнэрамі зборнай часьцяком становяцца замежныя спэцыялісты, як то Бора Мілутынавіч, Рыкарда Ля Вольпэ.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Першы матч зборнай быў згуляны 9 сьнежня 1923 году ў Мэхіка, дзе мэксыканская каманда перамагла зборную Гватэмалу зь лікам 2:1. Гэта быў першы матч сэрыі міжнародных таварыскіх сустрэчаў супраць зборнай Гватэмалы. Прайшло яшчэ чатыры гады, перш чым нацыянальная каманда зноў была прадстаўленая ў міжнародных таварыскіх матчах. 19 чэрвеня 1927 году каманда сустрэлася з зборнай Гішпаніі, зьвёўшы матч унічыю 3:3. Падчас гэтай сэрыі каманда таксама згуляла супраць уругвайскага клюбу «Насьяналь», зазнаўшы паразу зь лікам 1:3[2].
Мэксыканская футбольная фэдэрацыя была створаная толькі ў 1927 годзе. Алімпійскі футбольны турнір 1928 году стаў першым афіцыйным міжнародным спаборніцтвам для мэксыканцаў, але там дружына саступіла зборнай Гішпаніі зь лікам 1:7 ужо ў 1/8 фіналу[3]. Зборная Мэксыкі таксама брала ўдзел у першым чэмпіянаце сьвету 1930 году ва Ўругваі, трапіўшы ў адную групу з зборнымі Аргентыны, Чылі і Францыі. Першы ў гісторыі матч чэмпіянату сьвету адбыўся менавіта з удзелам мэксыканскай каманды, якая саступіла зборнай Францыі зь лікам 1:4. У другім матчы дружына саступіла зборнай Чылі 0:3. У трэцяй сустрэчы, супраць зборнай Аргентыны, быў першы прызначаны першы пэнальці турніру, які рэалізаваў мэксыканец Мануэль Росас, але мэксыканцы ўсё адно саступілі зь лікам 3:6[4].

Каманда ня брала ўдзелу наступных чэмпіянатах сьвету ажно да 1950 году. Не зважаючы на тое, што дружына была наймацнейшай у Паўночнаамэрыканскай канфэдэрацыі футболу і ейнай пераемніцы КОНКАКАФ, ёй было цяжка займець добрыя вынікі на чэмпіянатах сьвету да 1970 года і было цяжка канкураваць з эўрапейскімі і паўднёваамерыканскімі камандамі. У 1965 годзе зборная стала пераможцам чэмпіянату КОНКАКАФ 1965 году, упершыню стаўшы чэмпіёнам кантынэнту. Мэксыка ладзіла ўдома чэмпіянат сьвету 1970 году і пачала турнір зь безгалявой нічыёю 0:0 супраць зборнай СССР, пасьля чаго перамагла зборную Сальвадору зь лікам 4:0. Гаспадары здолелі прасунуцца ў наступны раўнд дзякуючы перамозе над зборнай Бэльгіі, а ў 1/4 фіналу каманда была выбітая зборнай Італіі, якая перамагла мэксыканцаў зь лікам 1:4. Зборная не кваліфікавалася на чэмпіянат сьвету 1974 году, але адабралася на мундыяль 1978 году, дзе скончыла выступы адразу пасьля трох паразаў ад зборнай ФРН 0:6, зборнай Тунісу 1:3 і зборнай Польшчы 1:3. Мэксыка зноў прапусьціла чэмпіянат сьвету 1982 году, не прабіўшыся праз кваліфікацыю. У 1986 годзе Мэксыка чарговы раз прымала чэмпіянат сьвету. Пад кіраўніцтвам Боры Мілутынавіча каманда пачала зь перамогі над зборнай Бэльгіі 2:1, згуляла ўнічыю з зборнай Парагваю 1:1 і перамагла зборную Іраку 1:0. У выніку гаспадары фінішавалі першымі ў сваёй групе і трапілі ў наступны раўнд, дзе перамаглі зборную Баўгарыі 2:0. У чвэрцьфінале мэксыканцы прагулялі зборнай ФРН зь лікам 1:4 у сэрыі пэнальці пасьля таго, як асноўны час скончыўся ўнічыю 0:0.
Стыль гульні
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Мэксыканцы аддаюць перавагу абарончаму, жорсткаму футболу. Футбалісты зборнай адрозьніваюцца высокай тэхнікай валоданьня мячом. Тыповай для іх манэрай ёсьць гульня ў кароткі пас. Акрамя сталых няўдалых выступаў на чэмпіянаце сьвету Мэксыка паказвае добрыя вынікі на Кубку Амэрыкі, у якім стала прымае ўдзел з 1993 году. На рэгіянальных турнірах мэксыканцы часьцяком становяцца чэмпіёнамі. Не зважаючы на нэгатыўны балянс выступаў на сусьветнай арэне Мэксыка ёсьць радзімай многіх моцных футбалістаў. Сярод іх брамнікі Антоніё Карбахаль і Хорхэ Кампас, цэнтральны нападнік Уга Санчэс, а таксама гульцы апошніх складаў Люіс Эрнандэс, Куаўатэмок Блянка й Харэд Бархэцьці.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ https://miseleccion.mx/noticia/6541-Designan-a-Rafael-M%C3%A1rquez-como-nuevo-DT-de-la-Selecci%C3%B3n-Nacional-de-M%C3%A9xico
- ↑ The Start; El Comienzo. Televisa. Праверана 01.05.2008 г. Архіўная копія ад 04.10.2003 г.
- ↑ The First Olympics. Televisa. Праверана 01.05.2008 г. Архіўная копія ад 04.10.2003 г.
- ↑ Six countries entered bidding for first World Cup. Hello.. The Times of India. Праверана 07.05.2007 г. Архіўная копія ад 15.06.2006 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Афіцыйны сайт Мэксыканскай футбольнай фэдэрацыі.
