Перайсьці да зьместу

Жаночая зборная Беларусі па валейболе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Жаночая зборная Беларусі па валейболе
Сьцяг Беларусі
ФэдэрацыяБеларуская фэдэрацыя валейболу
КанфэдэрацыяЭўрапейская канфэдэрацыя валейболу
Форма
Апошняе абнаўленьненевядома

Жаночая зборная Беларусі па валейболе — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Беларусь на міжнародных валейбольных турнірах. Кіруецца Беларускай фэдэрацыя валейболу. Свой першы матч у гісторыі каманда згуляла 24 кастрычніка 1992 году.

Жаночая зборная Беларусі па валейболе ўпершыню была сфармаваная ў 1992 годзе. Упэўнена здабыўшы перамогу ў адборачным турніры да чэмпіянату Эўропы 1993 году, нацыянальная каманда, ачоленая трэнэрам сталічнага «Амкадару» Мікалаем Пазьняком, у фінальнай стадыі кантынэнтальнага першынства ў Чэхіі заняла 8-е месца. Вынік паўтарыўся і праз два гады на чэмпіянаце Эўропы ў Нідэрляндах, куды Беларусь трапіла ўжо без адбору. У 1997 годзе зборная Беларусі ў трэці раз запар стала ўдзельніцай чэмпіянату Эўропы, але гэтым разам згуляла няўдала, здабыўшы адзіную на турніры перамогу над зборнай Баўгарыі, каманда падзяліла апошняе месца з зборнай Румыніі. У сьнежні таго ж году пачаўся адборачны турнір наступнага чэмпіянату Эўропы, у якім беларускія дзяўчаты выступілі катастрафічна дрэнна, то бок зазналі 10 паразаў з аднолькавым лікам 0:3.

У 2000 годзе зборную ачоліў трэнэр Уладзімер Казлоў, які вярнуўся з Турэччыны. Пачаўся паступовы працэс зьмены пакаленьняў, а ранейшыя лідэры саступалі месцы ў нацыянальнай камандзе новай генэрацыі беларускіх валейбалістак. У 2002 годзе шэсьць гульчыхаў моладзевай зборнай, якія на юніёрскім узроўні брала бронзавыя мэдалі эўрапейскага першынства, гулялі ў складзе нацыянальнай зборнай. Сярод іх Марына Тумас, Алена Гуркова, Вольга Пальчэўская, Ганна Каліноўская, Алена Арлова, Юлія Андрушка. Тым часам зборная Беларусі пасьля няўдалай адборачнай кампаніі чэмпіянату Эўропы 2001 году, знаходзілася ў другім эшалёне эўрапейскага валейболу.

У чэрвені 2005 году зборнай Беларусі зусім крыху не хапіла да працягу барацьбы за трапленьне на чэмпіянат сьвету, бо каманда толькі праз горшую розьніцу партыяў заняла апошняе месца ў групе другога кваліфікацыйнага раўнду ў Атэнах. Аднак, у адборачным турніры чэмпіянату Эўропы 2005 году зборная стала пераможцам групы ў дывізіёне Б і трапіла ў лік 16-і найлепшых камандаў кантынэнту. Капітанам беларускай зборнай з 2004 году была Аксана Кавальчук, у каманду запрашаліся і іншыя дасьведчаныя спартоўкі, але асноўная стаўка па-ранейшаму рабілася на моладзь, якая выступала ў нацыянальным чэмпіянаце за менскую «Славянку». Улетку 2006 году зборная Беларусі пасьпяхова пракрочыла праз адборачны турнір да чэмпіянату Эўропы 2007 году. У фінальнай стадыі каманда ў трох матчах тройчы саступіла суперніцам з зборных Азэрбайджану, Нямеччыны і Італіі. У лістападзе 2007 году беларуская зборная брала ўдзел у папярэднім кантынэнтальным кваліфікацыйным турніры да летніх Алімпійскіх гульняў 2008 году ў баўгарскім Габраве, але няўдала, страціўшы шансы на працяг барацьбы ўжо пасьля пачатковых матчаў супраць зборных Баўгарыі і Румыніі. Гэта быў апошні турнір, які беларускія валейбалісткі гулялі пад кіраўніцтвам Уладзімера Казлова. У канцы 2007 году пераемнікам 65-гадовага спэцыяліста стаў ягоны шматгадовы памочнік, трэнэр юніёрскіх і моладзевых зборных Віктар Ганчароў[1]. Каманда гуляла на чэмпіянце Эўропы 2009 году, але як і папярэднім разам вярнулася дадому безь перамогаў, а кваліфіцыя да чэмпіянату сьвету была няўдалай. Пасьля гэтага галоўным трэнэрам быў прызначаны Мікалай Карполь. Зь ім зборная Беларусі ня здолела прабіцца на чарговы чэмпіянат Эўропы, саступіўшы месца ў адборы зборнай Ізраілю. У выніку ў канцы 2010 году да пасаду галоўнага трэнэра вярнуўся Ўладзімер Казлоў.

У 2011 годзе беларуская каманда ўпершыню брала ўдзел ў розыгрышы Эўралігі і заняла ў гэтым турніры 7-е месца. Пры наяўнасьці ў групе папярэдняга этапу безумоўнага лідэра ў абліччы зборнай Турэччыны і відавочнага аўтсайдэра, як то зборнай Харватыі, беларускі захоўвалі шанцы на выхад у Фінал чатырох толькі ў выпадку пасьпяховага выступу ў гульнях супраць зборнай Румыніі, аднак ня здолелі скарыстацца мажлівасьцямі, прайграўшы румынкам абодва матчы. Страціўшы шанец на выхад з групы, зборная Беларусі ўсё ж прадэманстравала свой патэнцыял, здабыўшы 26 чэрвеня ў Менску перамогу над турчанкамі. Тым часам нацыянальная фэдэрацыя пастанавіла адмовіцца ад эўрапейскага кваліфікацыйнага турніру да летніх Алімпійскіх гульняў 2012 году[2]. У верасьні 2012 году зборная Беларусі брала ўдзел у адборачным турніры чэмпіянату Эўропы 2013 году бязь дзьвюх ключавых гульчыхаў, як то Аксаны Кавальчук, якая сышла ў дэкрэтны адпачынак, і блякавальніцы Алены Юр’евай, якая атрымала расейскае грамадзянства. Зазнайшы дзьве паразы ад зборнай Азэрбайджану, беларускі задаволіліся другім месцам у групе, што дало мажлівасьць прабіцца на кантынэнтальнае першынство праз сутыкавыя матчы супраць зборнай Славаччыны, чым беларускі і скарысталіся. У верасьні 2013 году зборная Беларусі шосты раз выступіла ў фінальным турніры чэмпіянату Эўропы. На групавым этапе падапечныя Віктара Ганчарова саступілі зборным Расеі і Харватыі і перамаглі каманду Азэрбайджану, атрымаўшы першую з 1997 году перамогу ў рамках фінальных турніраў чэмпіянатаў Эўропы, якая ў выніку дазволіла ім пракрочыць у плэй-оф. У матчы 1/8 фіналу зборная Беларусі зь лікам 0:3 не на сваю карысьць саступіла турчанкам.

У студзені 2015 году новым галоўным трэнэрам беларускай зборнай стаў настаўнік берасьцейскага «Прыбужжа» Пётар Хілько[3]. Зь ягонай працай дружына ўдала завяршыла пачаты яшчэ пры Ганчарове кваліфікацыйны турнір чэмпіянату Эўропы, здабыўшы пуцёўку ў фінальную частку кантынэнтальнага першынства паводле вынікаў дадатковых матчаў супраць зборнай Украіны ў Берасьці. Зборная Беларусі здабыла дзьве перамогі на групавым этапе чэмпіянату Эўропы, перагуляўшы харватак і баўгарак, што дазьволіла прабіцца ў плэй-оф. У матчы 1/8 фіналу супраць зборнай Польшчы падапечныя Хілько здолелі адгуляцца зь ліку 0:2 паводле партыяў і нават вялі зь лікам 10:7 у пятым сэце, але ў выніку саступілі[4]. У красавіку 2016 году Хілько пакінуў пасаду галоўнага трэнэра зборнай у сувязі з рознагалосьсямі з фэдэрацыяй[5], аднак у жніўні 2017 году быў вернуты на былую пасаду. На чэмпіянаце Эўропы 2017 году ў Азэрбайджане і Грузіі зборная Беларусі ўпершыню за ўвесь час выступаў на кантынэнтальных пяршынствах дакрочыла да чвэрцьфіналу і заняла 7-е месца. На шляху да свайго найлепшага выніку каманда Хілько здабыла перамогу ў зборнай Грузіі, але саступіла зборнай Італіі. У наступных двух сустрэчах беларускі здабылі перамогу, пры гэтым двойчы саступаючы цягам гульні зь лікам 0:2, выгуляўшы зборныя Харватыі і Чэхіі. Перамозе над чэшкамі ў матчы плэй-оф паспрыялі замены, як то перавод на пазыцыю дыяганальнай нападніцы Настасьсі Гарэлік замест капітана Аксаны Кавальчук і выхад на пляцоўку Надзеі Сьмірновай. У 1/4 фіналу зборная Беларусі ў трох партыях прагуляла будучым чэмпіёнкам зборнай Сэрбіі. Пасьпяховы выступ на Эўра дазволіў беларускай камандзе без дадатковага адбору кваліфікавацца на наступны чэмпіянат Эўропы.

У чэрвені 2019 году зборная Беларусі ўпершыню апынулася на п’едэстале розыгрышу Эўралігі. Каманда без паразаў пракрочыла групавы этап, а ў Фінале чатырох у Вараждзіне саступіла зборнай Чэхіі, але перамагла ў матчы за 3-е месца зборную Гішпаніі[6]. Гэтага дасягненьня беларуская каманда дамаглася, не зважаючы на пашкоджанье блякавальніцы Анжалікі Барысевіч і завяршэньня кар’еры сувязной Вольгі Пальчэўскай. За месяц да пачатку чэмпіянату Эўропы 2019 году адна з зорак зборнай Ганна Грышкевіч пайшла ў дэкрэтны адпычынак, у выніку каманда зазнала паразы ўва ўсіх трох матчах. У сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну ў 2022 годзе Эўрапейская канфэдэрацыя валейболу адхіліла беларускую зборную ад усіх турнірах.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]