Перайсьці да зьместу

Жаночая зборная Сэрбіі па валейболе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Жаночая зборная Сэрбіі па валейболе
Сьцяг Сэрбіі
ФэдэрацыяВалейбольная фэдэрацыя Сэрбіі
КанфэдэрацыяЭўрапейская канфэдэрацыя валейболу
Рэйтынг МФВ10
Колерысіні, белы, чырвоны
Форма
Камандныя колеры
Камандныя колеры
Камандныя колеры
Камандныя колеры
Камандныя колеры
Камандныя колеры
Камандныя колеры
Камандныя колеры
Апошняе абнаўленьне30 жніўня 2024 году

Жаночая зборная Сэрбіі па валейболе — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Сэрбію на міжнародных валейбольных турнірах. Кіруецца валейбольнай фэдэрацыяй Сэрбіі.

Сэрбская зборная паўстала ў 2006 году, бо да гэтага сэрбскія валейбаслісткі здаўна выступалі ў складах зборнай Югаславіі і зборнай Сэрбіі і Чарнагорыі. Першым афіцыйным міжнародным стартам у гісторыі зборнай стаў адборачны турнір Сусьветнага Гран-пры 2008 году, які ладзіўся ў Анкары, дзе сэрбкі занялі 4-е месца. Менш чым праз два тыдні каманда Зорана Тэрзіча ў Бэльгіі згуляла свой першы матч фінальнага турніру чэмпіянату Эўропы. Зьведаўшы паразу ў першай сустрэчы ад зборнай Славаччыны, сэрбскія спартоўкі на першым групавым этапе здабылі цяжкія перамогі над зборнымі Нідэрляндаў і Бэльгіі, а на другім этапе саступілі толькі зборнай Польшчы, пры гэтым перамогшы зборныя Баўгарыі і Чэхіі. Лёсаваньне зноў зьвяло зборныя Сэрбіі і Польшчы ў паўфінале і на гэты раз падапечныя Тэрзіча ўзялі пераканаўчы рэванш у пераможцаў дзьвюх папярэдніх эўрапейскіх пяршынстваў. У фінальным матчы сэрбкі саступілі зборнай Італіі ў трох партыях. Дзьве гульчыхі сэрбскай каманды былі ўзнагароджаныя індывідуальнымі прызамі, то бок Мая Огненавіч была прызнаная найлепшай сувязной, а Ёвана Бракачавіч была названая найлепшай падавальніцай.

Сэрбская зборная ў 2010 годзе.

На чэмпіянаце Эўропы 2009 году ў Польшчы, гэтак жа як і на чэмпіянаце сьвету 2010 году ў Японіі, сэрбскія валейбалісткі вельмі ўпэўнена гулялі ў матчах першага этапу, але на другім, які вызначае ўдзельнікаў плэй-оф, рэзка іхныя вынікі пагаршаліся. У 2011 годзе зборная Сэрбіі ў дэбютным для сябе турніры Гран-пры заняла трэці радок ды ў тым жа сэзоне сэрбскім валейбалісткам скарылася вяршыня чэмпіянату Эўропы 2011 году. У Бялградзе, дзе былі згуляныя вырашальныя матчы турніру, каманда Зорана Тэрзіча прадэманстравала ня толькі майстэрства, але і моцны характар, выйграўшы паўфінальны матч у турчанак, саступаючы зь лікам 1:5 на тай-брэйку, і зламаўшы хаду фіналу зь немкамі, у якім суперніцы вялі зь лікам 2:1 у партыях і 6:0 у чацьвертым сэце. Індывідуальнымі прызамі былі ўзнагароджаны Мая Огненавіч і Сузана Чэбіч, а Ёвана Бракачавіч прызнана ўганараваная тытулам найкаштоўнейнай гульчыхі чэмпіянату.

Некалькі гадоў прадстаўніцы Сэрбіі ня мелі вялікіх посьпехаў, але ў 2015 годзе здабылі бронзавыя мэдалі на Эўрапейскіх гульнях ды на чэмпіянаце Эўропы. У жніўні 2016 году зборная ўпершыню ў сваёй гісторыі стала прызэрам Алімпійскіх гульняў. У Рыю-дэ-Жанэйру балканская каманда фінішавала трэцяй у сваёй групе, а ў чвэрцьфінале ў трох партыях выгуляла зборную Расеі. У паўфінале сэрбкі здабылі цяжкую перамогу ў зборнай ЗША, а ў вырашальным матчы, узяўшы першую партыю, зазналі паразу ад зборнай Кітаю. У 2017 і 2019 гадах каманда Зорана Тэрзіча здабыла золата чэмпіянатаў Эўропы, не прайграўшы аніводнага матчу. У 2018 годзе каманда стала чэмпіёнам сьвету. Ува усіх памянёных турнірах найлепшай гульчыхай была прызнаная дыяганальная нападніца Тыяна Бошкавіч. На летніх Алімпійскіх гульнях 2020 году ў Токіё каманда здабыла бронзу, пасьля чаго з пасады галоўнага трэнэра сышоў Тэрзіч. У кастрычніку 2022 году, ачоленая італьянскім трэнэрам Даніеле Сантарэльлі, зборная Сэрбіі абараніла тытул чэмпіёнак сьвету, абгуляўшы ў фінале зборную Бразыліі зь лікам 3:0.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]