Жаночая зборная Турэччыны па валейболе
Жаночая зборная Турэччыны па валейболе | |||
Фэдэрацыя | Турэцкая валейбольная фэдэрацыя | ||
---|---|---|---|
Канфэдэрацыя | Эўрапейская канфэдэрацыя валейболу | ||
Рэйтынг МФВ | 4 | ||
Колеры | чырвоны, белы | ||
Форма | |||
| |||
Апошняе абнаўленьне | невядома |
Жаночая зборная Турэччыны па валейболе — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Турэччыну на міжнародных валейбольных турнірах. Кіруецца арганізацыяй Турэцкай валейбольнай фэдэрацыяй.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Валейбол зьявіўся ў Турэччыне ў 1919 годзе ў Стамбуле. Фэдэрацыя спартовых гульняў Турэччыны, якая акрамя валейболу таксама кіравала баскетболам і гандболам, далучылася да МФВ у 1949 году. У 1958 была ўтворана незалежная Турэцкая валейбольная фэдэрацыя. Свой першы матч жаночая зборная краіны згуляла ў 1957 годзе на міжнародным турніры, які ладзіўся ў Стамбуле. У гэтай гульні турчанкі зазналі паразу ад зборнай Румыніі ў трох партыях. Першая ж перамога была здабытая ў ліпені 1961 году, калі зь лікам 3:2 была пераможаная зборная ФРН. Дэбют жаночай нацыянальнай зборнай у афіцыйных міжнародных спаборніцтвах пад эгідай МФВ адбыўся на чэмпіянаце Эўропы, які быў згуляны ў кастрычніку і лістападзе 1963 году ў Румыніі. На ім турэцкія валейбалісткі занялі 10-е месца пры 13 удзельніцах. Наступнае эўрапейскае першынство адбылося ў 1967 годзе ў Турэччыне з удзелам 15 зборных. Гаспадыні чэмпіянату сталі 12-мі ў агульным заліку.
Вынікі зборнай цягам наступных 35 гадоў былі таксама вельмі сьціплымі. За гэты час кожнага разу яны не давалі рады ў адборачных этапах чэмпіянатаў сьвету, але тройчы бралі ўдзел у фінальнай стадыі чэмпіянатаў Эўропы ў 1981, 1989 і 1995 гадах. Тым ня менш, на эўрапейскай арэне турчанкі займалі месцы ў ніжняй частцы турнірнай табліцы, здабыўшы толькі 2 перамогі пры 17 паразах. Усе мэдальныя дасягненьні турэцкіх валейбалістак за гэты час былі павязаныя толькі з рэгіянальнымі спаборніцтвамі, як то Міжземнаморскімі гульнямі і чэмпіянатамі Балканскіх краінаў.
Імклівы прарыў жаночай зборнай Турэччыны ў эўрапейскую эліту адбыўся на хатнім чэмпіянаце Эўропы 2003 году. На папярэдняй стадыі першынства турчанкі здабылі 4 перамогі ў 5 матчах, а ў паўфінале не пакінулі аніякіх шанцаў зборнай Нідэрляндаў, абгуляўшы іх у трох партыях. У фінале, аднак, гаспадыні саступілі зборнай Польшчы, якая ў вырашальным матчы перамагла зь лікам 3:0. Няблага зборная згуляла адборачны раўнд да летніх Алімпійскіх гульняў 2004 году, нават выгуляўшы палячак, аднак на алімпійскі турнір турчанак не пусьцілі немкі. У 2005 годзе зборная Турэччыны без асаблівага посьпеху выступіла на чэмпіянаце Эўропы ў Харватыі, дзе фінішавала на 6-м радку. Але прынамсі адразу дзьве турэцкія валейбалісткі сталі ўладальніцамі індывідуальных прызоў паводле вынікаў першынства — Эзлэм Эзчэлік стала найлепшау на блёку, а Гюлдэн Каялар была прызнаная найлепшая абаронцай. У 2006 годзе зборная Турэччыны дэбютавала на чэмпіянаце сьвету ў Японіі, але турчанкі былі там толькі 10-мі. На чэмпіянаце сьвету 2010 году зборная спынілася на 6-м месцы. У чвэрцьфінале чэмпіянату Эўропы 2011 году турэцкія валейбалісткі ўпэўнена перамаглі зборную Расеі зь лікам 3:0, у паўфінале ва ўпартай барацьбе ў пяці сэтах саступілі гаспадыням першынства — зборнай Сэрбіі, а ў матчы за трэцяе месца, таксама ў пяці партыях, выгулялі ў зборнай Італіі. У 2012 годзе зборная здолела кваліфікавацца на летнія Алімпійскія гульні 2012 году, але на іх посьпеху не зазнала. На чэмпіянаце Эўропы 2015 году турчанкі былі чацьвертымі. У 2019 годзе зборная Турэччыны прабілася ў фінал чэмпіянату Эўропы, дзе ў пяцісэтавай барацьбе саступіла зборнай Сэрбіі. У 2021 годзе зборная здабыла бронзавыя мэдалі.
У студзені 2023 году новым галоўным трэнэрам быў прызначаны італьянец Даніеле Сантарэльлі, які раней працаваў са зборнымі Харватыі і Сэрбіі. Пад ягоным кіраўніцтвам зборная Турэччыны дасягнула сваёй першай гучнай перамогі, выйграўшы Лігу нацыяў. Найлепшай гульчыхай фінальнага этапу была прызнана натуралізаваная кубінка Мэліса Варгас, якая дэбютавала ў турэцкай камандзе. Яе ж абралі і найлепшай дыяганальнай нападніцай турніру. Акрамя Варгас, у сымбалічную зборную трапілі цэнтральная блякавальніца Зэхра Гюнэш і лібэра Гізэм Эрге. У чэмпіянаце Эўропы 2023 годзе турэцкая каманда зноў стала найлепшай, упершыню ў сваёй гісторыі здабыўшы перамогу ў кантынэнтальным першынстве. У фінале турчанкі перамаглі зборную Сэрбіі зь лікам 3:2, а найлепшай гульчыхай турніру зноў стала Варгас. На летніх Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы зборная Турэччыны была фаварытам, але дружына спынілася ў кроку ад мэдалёў, фінішаваўшы чацьвертай.