Дужкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Ду́жкі — парныя знакі, якія выкарыстоўваюцца ў розных галінах.

У беларускае мове слова дужка — памяншальна-ласкавае слова ад слова дуга. У вузкім значэньні дужка — два знакі ( і ) . Першы знак — ( — называецца адкрывальнаю дужкаю. Другі — ) называецца закрывальнаю дужкаю.

У шырокім значэньні адрозьніваюць:

  • круглыя ( ) дужкі;
  • скобы [ ] дужкі;
  • фігурныя { } дужкі;
  • вуглавыя < > дужкі (або <> у ASCII-тэкстах).

Правілы пастаноўкі дужак у беларускай мове[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У дужкі бяруцца ўстаўныя словы, спалучэньні слоў і сказы, якія аб'яднаны з асноўным сказам сувязьзю значэньня і служаць у якасьці заўваг, удакладненьняў і пад.: Узялі мы вуды, кацялок для юшкі, сачок (на ўсякі выпадак) і рушылі на рыбалку (А. Якімовіч).

У дужкі бяруцца словы і спалучэньні слоў (разам з адпаведным знакам прыпынку), якія выражаюць адказ, адносіны слухачоў да чыёй-небудзь прамовы, выказваньня, водгуку:

А н і с і м....Таму кожны павінен атрымаць сваю долю. (Воклічы: «Правільна!»)
С а к р а т а р. Ці будуць пытаньні да прысутных? (Галасы: «Хопіць!»)

У дужкі бярэцца прозьвішча аўтара або прозьвішча аўтара і крыніца (назва твора), зь якой прыводзіцца даслоўны пераказ[a]: Каля пасады лесьніковай цягнуўся гожаю падковай стары, высокі лес цяністы (Я. Колас. «Новая зямля»).

Пасьля даслоўнага пераказу[b], непасрэдна за якой у гэтым жа радку ў дужках зьмяшчаецца спасылка на аўтара або на аўтара і крыніцу (г. зн. перад адкрывальнай дужкай), захоўваецца адпаведны знак прыпынку –– пытальнік, клічнік або шматкроп'е: Прыгадаліся знаёмыя радкі: «Чым сустрэла мяне мая вуліца, як я выходзіў?» (А. Куляшоў. «Сьцяг брыгады»).

У дужкі бяруцца заўвагі аўтара ў драматургічным творы:

А л ь ж б э т а (убягае, трымаючы ў руцэ клінок з тварагом). Што гэта ў вас тут парабілася, мае міленькія?
П а ў л і н к а. Кабыла дзядзькава ўцякла ці хто ўкраў. (Ідзе, садзіцца на ложак і шые) (Я. Купала).

Пасьля ўстаўных словаў (перад закрывальнай дужкай) ставіцца пытальнік, клічнік або шматкроп'е, якія патрабуюцца значэньнем сказа, а кропка ня ставіцца: І толькі школа (я адразу ўбачыў яе і беспамылкова пазнаў) стаяла за гародамі, бліжэй да лесу (І. Шамякін).

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Або на іншаму "цытата".
  2. ^ Або на іншаму "цытата".