Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй
Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй | |
2009 год | |
Тып | краязнаўчы |
---|---|
Месцазнаходжаньне | Гарадок, Беларусь |
Адрас | вул. Вароўскага, д. 3[1] |
Тэматыка калекцыі | палеанталёгія, этнаграфія |
Велічыня калекцыі | 29 150 адзінак захоўваньня (2014 год) |
Плошча экспазыцыі | 445 кв.м (2022 год) |
Створаны | 20 лютага 1974 (50 гадоў таму) |
Адкрыты | 24 сьнежня 1976 (47 гадоў таму) |
Заснавальнік | Выканкам Гарадоцкага раённага Савету дэпутатаў |
Дырэктар | Крысьціна Нікалаева |
Колькасьць супрацоўнікаў | 5 |
Геаграфічныя каардынаты | 55°27′45″ пн. ш. 29°59′1″ у. д. / 55.4625° пн. ш. 29.98361° у. д.Каардынаты: 55°27′45″ пн. ш. 29°59′1″ у. д. / 55.4625° пн. ш. 29.98361° у. д. |
Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй | |
haradok.museum.by/be |
Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй — дзяржаўны музэй Беларусі, заснаваны ў лютым 1974 году ў Гарадку (Віцебская вобласьць).
На 2022 год экспазыцыйныя плошча складала 190 кв.м, а выставачная — 255 кв.м. У музэі дзейнічала па 3 выставачныя і экспазыцыйныя залі. Аддзел прыроды разьмяшчаў экспазыцыю ў дыярамнай і інфармацыйнай залях. Інфармацыйная заля ўлучала палеанталягічныя экспанаты і фатаграфіі, мапы-схемы прыроднага асяродзьдзя Гарадоцкага раёну і Чырвоную кнігу раёну. Тамсама месьціліся дыярамы «Дубрава. Дуб-волат», «Апакаліпсіс» і «Арлан-белахвост». Дыярамная заля аддзелу прыроды ўлучала 5 дыярамаў: «Лес», «Верхавое балота», «Луг. Вадаём», «Птушкі на возеры» і «Вадзяны гарэх». Асобныя вітрыны зьмяшчалі каля 100 відаў вусякоў. Пастаянная экспазыцыя «Заля этнаграфіі і народных рамёстваў Гарадоччыны» складалася з 4-х разьдзелаў: «Жыцьцё селяніна ў канцы 19 — пачатку 20 стст.» з часткай каморы і хаты, «Традыцыйныя жаночыя і мужчынскія рамёствы», «Вераваньні нашых продкаў» з карцінамі храмаў Гарадоччыны і абрадавымі прадметамі і «Побыт жыхароў Гарадка і павету» з дыярамай «Кірмаш у мястэчку» і часткай крамы. У выставачных залях на 1-м і 2-м паверхах ладзілі зьменныя выставы. Каля музэю ўсталявалі 2 валуны з памятнымі дошкамі пра Канстанціна Вераніцына і яго паэму «Тарас на Парнасе»[2]. Сярод іншага, у зборах музэю знаходзіўся каталёг вырабаў «Ноўкінскага шклянога заводу» (Стадолішчанскі сельсавет), які дзейнічаў у 1861—1942 гадох[3]. Ад красавіка 2022 году адзіны квіток для наведваньня ўсіх выставаў музэю каштаваў 3,83 рублі, а для студэнтаў і школьнікаў — 2,07 рублі[4].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]20 лютага 1974 году Выканкам Гарадоцкага раённага Савету дэпутатаў ухваліў Пастанову аб стварэньні Гарадоцкага раённага краязнаўчага музэю, які разьмясьцілі ў будынку былой дзіцячай бібліятэкі. 24 сьнежня 1976 году музэй адчынілі для наведваньня[2].
На 1993 год меў плошчу 404 кв.м і налічваў звыш 27 000 экспанатаў. Падзяляўся на 3 разьдзелы: археалёгіі, гісторыі Гарадоччыны і этнаграфіі. Археалягічныя экспанаты тычыліся засяленьня Гарадоччыны ад мэзаліту да фэадалізму. Выстаўляліся матэрыялы дасьледаваньняў археалягічных помнікаў на землях Гарадоцкага раёну: косткі маманта і каменныя сякеры, зерняцёркі і крамянёвыя прылады працы, жалезныя замкі, падковы і цьвікі, гліняныя цацкі і прасьліцы, керамічны посуд і курыльныя люлькі. Сярод іншага, выстаўлялі нумізматычныя зборы з арабскіх дырхемаў, медных і срэбраных манэтаў 16—17 стагодзьдзяў. Таксама музэй меў матэрыялы пра старажытны Гарадок і капіталістычнае разьвіцьцё на Гарадоччыне пры канцы 19-га стагодзьдзя, падзеі рэвалюцыйнага руху і аднаўленьне гаспадаркі. Прысутнічалі экспанаты часоў Нямецка-савецкай вайны пра абарончыя баі 179-й стралковай дывізіі ў 1941 годзе, узьнікненьне і разгортваньне падпольля і савецкага партызанскага руху, дакумэнты пра ваенныя злачынствы нямецкіх акупантаў, пра вызваленьне Гарадка і Гарадоцкага раёну ў ходзе Гарадоцкай апэрацыі 1943 году, матэрыялы пра вайсковыя часьці і злучэньні з ганаровымі найменьнямі «Гарадоцкіх», жыцьцяпісы, асабістыя рэчы і дакумэнты такіх землякоў-герояў Савецкага Саюзу, як Мікалай Аверчанка, Мартын Ананьеў, Г.В. Багданаў, Ёсіф Бумагін, Мікалай Гапяёнак, Арсень Казлоў, Іван Крумін, Цімафей Рамашкін і Аляксандар Пятровіч Сабалеўскі, а таксама такіх поўных кавалераў ордэна Славы, як Іван Дарошчанка і Ільля Яшчанка. Паказаны паваенны час аднаўленьня і разьвіцьця гаспадаркі раёну[5].
На 1994 год у экспазыцыі былі дакумэнты пра землякоў, якія сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў 1930—1950-х гадоў, загінулі ў Савецка-фінскую вайну 1939—1940 гадоў і Аўганска-савецкую вайну 1979—1989 гадоў, а таксама дасягнулі выбітных посьпехаў у працы і творчасьці. У разьдзеле этнаграфіі зьмяшчаліся прылады побыту і працы, народнае адзеньне і сьвяточныя рэчы 19-га стагодзьдзя пад Вялікдзень, Каляды і Купальле. Таксама выстаўлялі кераміку і вырабы ткацтва, вырабы з лазы і саломкі, вышыўку і вязаньне. Асобная экспазыцыя прысьвячалася хлебу[2]. У 1996 годзе музэй атрымаў новы будынак[5]. На 2014 год асноўны фонд налічваў 29 150 адзінак захоўваньня. Дзейнічала па 3 выставачныя залі і экспазыцыі. Ажыцьцяўлялася супраца з Цэнтрам пазашкольнай працы, Домам рамёстваў і фальклёру, каледжамі і школамі Гарадоцкага раёну. Пры музэі працавала народнае аматарскае аб’яднаньне «Зялёная альтанка»[6].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Г.С. Арлоўскі
- Ларыса Бандарэнка
- Зінаіда Пляскач
- Кацярына Ўверская (на 1994 год)
- Т.Н. Іванова
- А.Н. Войлакаў
- Крысьціна Нікалаева (на 2022 год)[2]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кантакты (рас.) // Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй, 2022 г. Праверана 23 чэрвеня 2022 г.
- ^ а б в г Гісторыя стварэньня і будова // Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй, 2022 г. Праверана 23 чэрвеня 2022 г.
- ^ Вырабы Ноўкінскага шклянога заводу (рас.) // Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй, 2022 г. Праверана 23 чэрвеня 2022 г.
- ^ Бягучыя цэны ад 1 траўня 2022 г. (рас.) // Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй, 2022 г. Праверана 23 чэрвеня 2022 г.
- ^ а б Кацярына Ўверская. Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў, маст. Эдуард Жакевіч. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1994. — Т. 2. Беліцк — Гімн. — С. 480—481. — 537 с. — 10 000 ас. — ISBN 5-85700-142-0
- ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 20 лютага 2014. — № 32 (27642). — С. 12. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Навіны // Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй, 21 лютага 2022 г. Праверана 23 чэрвеня 2022 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |