Вэрнэр Сымэнс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вэрнэр Сымэнс
ням. Ernst Werner Siemens
Дата нараджэньня 13 сьнежня 1816(1816-12-13)[1][2][3][…]
Месца нараджэньня вёска Лентэ(de), Каралеўства Гановэр, Нямецкі Саюз
Дата сьмерці 6 сьнежня 1892(1892-12-06)[1][2][3] (75 гадоў)
Месца сьмерці Бэрлін, Каралеўства Прусія, Нямецкая імпэрыя
Прычына сьмерці пнэўманія
Месца пахаваньня
Месца вучобы Пруская ваенная акадэмія(de) (1838)
Занятак прадпрымальнік, вайсковы інжынэр, вынаходнік, інжынэр, палітык, інжынер чыгуначных шляхоў
Навуковая сфэра Электратэхніка
Месца працы «Сымэнс і Гальске»(en) (Бэрлін; 1847—1890)
Вядомы як Вынаходнік удасканаленага тэлеграфа, электрычнага ліфта
Навуковы кіраўнік Густаў Магнус(de) (1802—1870)
Бацька Christian Ferdinand Siemens[d][4][5]
Дзеці Arnold von Siemens[d][4], Georg Wilhelm von Siemens[d][4], Anna Zanders[d][4], Carl Friedrich von Siemens[d][4] і Käthe Pietschker[d][4]
Узнагароды Ордэн Ганаровага легіёну (1867)
Сайт siemens.com
Подпіс Выява аўтографу

Эрнст Вэрнэр Сымэнс (ням. Зімэнс; 1816, в. Лентэ, цяпер у г. Гэрдэн(de), Гановэрская вобласьць(de), зямля Ніжняя Саксонія, Нямеччына — 1892, Бэрлін, цяпер Нямеччына) — нямецкі інжынэр-электратэхнік і вынаходнік-прамысловец 19-га ст. Сябар Прускай акадэміі навук (1874), чалец-карэспандэнт Пецярбурскай акадэміі навук (1882). У 1847 г. атрымаў патэнт на ўдасканалены тэлеграф, для якога вынайшаў бясшоўную гутаперчавую(en) абалонку дрота. Вынаходзтва засьцерагала кабэль ад вільгаці пры пракладцы пад вадой, што дазволіла ў 1868—1870 гг. працягнуць тэлеграфную лінію зь Лёндана (Ангельшчына) ў Калькуту (Брытанская Індыя; цяпер Індыя) даўжынёй звыш 11 тыс. км ды па дне Міжземнага мора. У 1853—1856 гг., падчас Крымскай вайны, праклаў тэлеграфную лінію ў Расейскай імпэрыі ад Пецярбурга да Севастопаля (Таўрыйская губэрня; цяпер Крым, Украіна)[6]. Кіраваў стварэньнем першай трамвайнай лініі на прамысловай выставе ў Бэрліне 1879 году. Займаўся распрацоўкамі ў галіне моцнатокавай электратэхнікі (электрычнай асьвятленьне, трамвай, электрастанцыя). Стварыў іртутны эталён супраціўленьня (ом) і сэленавы фатомэтар(en). Заснаваў электратэхнічны канцэрн «Сымэнс і Гальске». Яго імя атрымала адзінка электраправоднасьці — сымэнс[7].

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям'і землеарандатара Крысьціяна-Фэрдынанда Сымэнса(de) (1787—1840) і Элеаноры-Генрыеты Дайхман (1792—1839). Быў старэйшым сынам і 4-м з 14 дзяцей. Меў 4 малодшых братоў. У 1823 г. пераехаў з бацькамі ў маёнтак Мэнцэндорф(de) (Вялікае княства Мэкленбург-Швэрын(de), Нямецкі Саюз; цяпер зямля Мэкленбург — Пярэдняя Памяранія, Нямеччына). Год адвучыўся ў гарадзкой школе(sk) Шонбэрга(de) (В.к. Мэкленбург-Швэрын; цяпер зямля Мэкленбург — Пярэдняя Памяранія). Затым 3 гады браў хатнія ўрокі ў настаўніка. У 1834 г. у Любэку (Нямецкі Саюз; цяпер зямля Шлезьвіг-Гальштайн, Нямеччына) скончыў 3 клясы гімназіі Катарынэюм(de). Увосень 1835 г. паступіў курсантам у Артылерыйска-інжынэрную школу(de) Прускай ваеннай акадэміі (Бэрлін) на прапанову кіраўніка Інжынэрнага корпуса генэрала Густава Раўха(de) (1774—1841). У 1838 г. скончыў навучаньне ў званьне артылерыйскага лейтэнанта і паступіў на вайсковую службу ў Магдэбург (правінцыя Саксонія, Каралеўства Прусія, Нямецкі Саюз; цяпер зямля Саксонія-Ангальт, Нямеччына). Пазьней атрымаў накіраваньне ў гарнізон Вітэнбэрга (правінцыя Саксонія; зямля Саксонія-Ангальт), дзе за сэкунданцтва на дуэлі атрымаў 5 гадоў зьняволеньня. У турэмнай цытадэлі Магдэбурга(de) пачаў першыя досьледы з пастаянным токам ад батарэі, у ходзе якіх у 1841 г. распрацаваў гальванізаваньне(en) золатам і срэбрам[6]. У 1842 г. атрымаў памілаваньне і ўладкаваўся на працу ў гарматню ў Бэрліне. У 1843 г. у Лёндане прадаў ангельскаму ювэліру Джорджу Элкінгтана(en) правы на сваё першае вынаходзтва гальванізаваньня каштоўнымі мэталамі. У 1844 г. паслаў 20-гадовага брата Карла-Вільгельма(de) ў Ангельшчыну для ўкараненьня сваіх распрацовак.

Пры канцы 1846 г. удасканаліў тэлеграф іголкай для ўказаньня слушнай літары замест азбукі Морзэ. У пачатку 1847 г. вынайшаў бясшоўную гутаперчавую(en) абалонку для дрота, якая засьцерагала кабэль ад вільгаці пры пракладцы пад вадой[6]. 1 кастрычніка 1847 г. у Бэрліне сумесна з мэханікам Ёганам Гальске(de) (1814—1890) заснаваў тэлеграфна-будаўнічае прадпрыемства «Сымэнс і Гальске»(en). 12 кастрычніка адчынілі ўласную майстэрню на грошы стрыечнага брата Ёгана Сымэнса(de) (1805—1879), які працаваў судовым дарадцам і пазычыў 6842,2 прускіх(en) талераў за атрыманьне 20% прыбыткаў цягам наступных 6 гадоў. У 1848 г., на пачатку 1-й Шлезвігскай вайны(en), вынайшаў для абароны порта Кіля марскія міны з электрычным прывядзеньнем у дзеяньне на адлегласьці.

Узімку з 1848 на 1849 г. «Сымэнс і Гальске» пабудавала першую ў Нямеччыне тэлеграфную лінію з Бэрліна ў Франкфурт-на-Майне (цяпер зямля Гэсэн, Нямеччына), дзе тым часам засядаў Нацыянальны сход(de). У выніку прускі кароль Фрыдрых Вільгельм IV за тыдзень да прыезду ў Бэрлін імпэратарскага пасольства Нац.сходу даведаўся аб прывезенай яму прапанове стаць нямецкім імпэратарам. У 1852 г. «Сымэнс і Гальске» ўдалося атрымаць кантракт на будаўніцтва тэлеграфных лініяў ад Пецярбурга (Расейская імпэрыя) да Варшавы (Царства Польскае; цяпер Польшча) і Масквы. У 1853—1856 гг., падчас Крымскай вайны, праклаў тэлеграфную лінію ў Расейскай імпэрыі ад Пецярбурга да Севастопаля (Таўрыйская губэрня; цяпер Крым, Украіна)[6]. Таксама пры дапамозе брата Карла Сымэнса(de) (1829—1906), які з 1853 г. загадваў прадстаўніцтвам «Сымэнс і Гальске» ў Пецярбургу, ажыцьцявілі пракладку тэлеграфных лініяў ад расейскай сталіцы ў Гэльсынгфорс (Вялікае княства Фінляндзкае; цяпер Фінляндыя), Кранштат, Рыгу і Рэвель (Эстляндзкая губэрня, цяпер Эстонія). У 1863—1866 гг. уваходзіў у Прускую Палату дэпутатаў(de) ад Нямецкай партыі прагрэсу(de), сузаснавальнікам якой зьяўляўся. У 1867 г. атрымаў на Сусьветнай выставе ў Парыжы ордэн Ганаровага легіёну. У 1868—1870 гг. кіраваў пракладкай тэлеграфнай лініі зь Лёндана (Ангельшчына) ў Калькуту (Брытанская Індыя; цяпер Індыя) даўжынёй звыш 11 тыс. км[7]. У 1880 г. пабудаваў першы ў сьвеце электрычны ліфт. У 1888 г. атрымаў шляхецтва. У 1890 г. сышоў у адстаўку з «Сымэнс» за 2 гады да сьмерці.

Сям'я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1852 г. ажаніўся на Матыльдзе Дзюман, ад якой меў 2 сыноў: Арнольда Сымэнса(de) (1853—1918) і Георга-Вільгельма Сымэнса(de) (1855—1919). Аўдавеў у 1867 годзе.

У 1869 г. ажаніўся на Антоніі Сымэнс (1840—1900), ад якой меў сына Карла-Фрыдрыха Сымэнса(de) (1872—1941) і дачку Гэрту (1870—1939).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Werner von Siemens // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ а б Ernst Werner Siemens // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.) / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag
  3. ^ а б Werner von Siemens // Roglo — 1997.
  4. ^ а б в г д е Deutsche Biographie (ням.)München BSB, Historische Kommission bei der Bayerischen Akademie der Wissenschaften, 2001.
  5. ^ Biographisches Lexikon der Münzmeister und Wardeine, Stempelschneider und Medailleure
  6. ^ а б в г Дзьве даты // Зьвязда : газэта. — 13 сьнежня 2011. — № 237 (27101). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ а б Сіменс Эрнст Вернер // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14. — С. 386. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]