Перайсьці да зьместу

Абраз Маці Божай Браслаўскай

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Абраз Маці Божай Браслаўскай,
Браслаў

Абраз Маці Божай Браслаўскай, абраз Маці Божай Валадаркі азёраў — адна з хрысьціянскіх сьвятыняў на Беларусі. Знаходзіцца ў галоўным алтары касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі (г. Браслаў, Віцебская вобласьць).

На тэрыторыі браслаўскай парафіі быў праваслаўны манастыр, які ўзьнік у XV ст. па фундацыі віленскага ваяводы Войцеха Манівіда на адным з 15 астравоў возера Несьпіш. У 1596 Браслаўскі манастыр прыняў Унію, і ў ім пачалі працу манахі-базыльяне. Тут, за тры кілямэтры ад Браславу, знаходзілася асабліва шанаваная вернікамі цудадзейная ікона Маці Божай, якой вернікі аддавалі пашану падчас сьвятаў і якую яны называлі таксама Маці Божай Манастырскай.

Гравюра з выявай «Абразу Маці Божай Браслаўскай» і манастыра базыльянаў у Браславе. 1774

Гравюра з выявай абразу Маці Божай Манастырскай датуецца 30-і—40-і гадамі XVIII ст. Пашырэньню культу сьвятыні спрыяў браслаўскі архімандрыт Геранім Нэрэзій, які ў 1774 г. у друкарні віленскіх базыльянаў выдаў кнігу гамілій пра Божую Маці, прамоўленых у сьценах царквы манастыра[1].

З актаў віленскага архіву вядомы трагічны лёс манастыра базыльянаў. У 1832 годзе ад удару маланкі ўспыхнуў пажар, які зьнішчыў усе пабудовы. Ацалеў толькі абраз Маці Божай. Мясцовае паданьне гаворыць, што манахі-базыльяне самі падпалілі свой манастыр падчас буры, баючыся, што пасьля касацыі закону базыльянаў і Уніі ён будзе аддадзены праваслаўным. Ацалелы ў пажары абраз быў схаваны і пазьней зьмешчаны ў новазбудаваным браслаўскім касьцёле ля Замкавай гары. Лёс цудатворнага абраза ў пэрыяд з часу пажару ў манастыры базыльянаў і да зьяўленьня яго ў сьценах браслаўскага касьцёлу дагэтуль застаецца невядомым.

У 1950—1953 гадах касьцёл быў зачынены. У 1974 годзе адбылося аднаўленьне алтароў. 15 жніўня 1974 адбылося першае набажэнства перад адноўленым цудатворным абразом Маці Божай.

У 1999 годзе дыяцэзіяльны біскуп новаўтворанай Віцебскай дыяцэзіі Ўладзіслаў Блін прызначыў браслаўскі касьцёл пад тытулам Нараджэньня Маці Божай марыйным санктуарыем Маці Божай Валадаркі азёраў[2].

У сакавіку 2009 году Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI блаславіў кароны для браслаўскага цудатворнага абраза. 22 жніўня ў Браславе архібіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснэр зьдзейсьніў каранацыю папскімі каронамі цудатворнага абраза Маці Божай Валадаркі азёраў[3]. Гэта сёмы выпадак ускладаньня Папскіх каронаў на цудатворныя абразы ў каталіцкіх храмах Беларусі і першы — на Віцебшчыне[4]. Апякуюць Санктуарыюм Маці Божай Валадаркі азёраў ксяндзы-сальватарыяне.