Баркулабаўскі абраз Маці Божай

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Баркулабаўскі абраз Маці Божай,

Баркулабаўскі абраз Маці Божай — твор выяўленчага мастацтва XVII ст., хрысьціянская сьвятыня. Паходзіць з Ушэсьценскага манастыра ў мястэчку Баркулабаве. Адзін з найвялікшых шэдэўраў беларускай школы іканапісу, які захоўвае выразныя рысы старажытнабізантыйскай асновы. Ушаноўваецца як цудоўны, сьвяткаваньне 11 ліпеня (у дзень зьяўленьня абраза ў манастыры)[1].

Апісанне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Баркалабаўская Адзігітрыя, намаляваная тэмпэрай на хваёвай аснове з пазалочаным разьбяным фонам — адзін з найвялікшых шэдэўраў беларускай школы іканапісу, які захоўвае выразныя рысы старажытнабізантыйскай асновы.

Божая Маці ўбрана ў цёмна-пурпурны мафорый, упрыгожаны трыма залатымі ажурнымі зоркамі і залатой карункавай аблямоўкай з пэндзьлямі, цёмна-зялёная сукенка мае шырокі жамчужны обнізь на гарлавіне і поручах, залаты німб, гравіраваны прамяністым зьзяньнем. Аблічча Багародзіцы выканана царскай прыгажосьці, высакароднасьці і смутку. Схіліўшы галаву да Божага Дзіцяці, якое сядзіць на Яе левай руцэ, высока паднятай уверх правай рукой Яна паказвае на дзясьніцу Сына. Немаўля Хрыстос, у белым хітоне-кашулі з адкладным каўняром, з чырвоным поясам, і вохрыста-чырвоным гімаціі з багатым залатым асістам, зьлёгку павернуты да Маці Божай, благаслаўляе правай рукой, у левай руцэ трымае скрутак.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Навукоўцы выказваюць меркаваньне, што абраз створаны на мяжы XVI—XVII ст. ці ў 1-й пал. XVII ст. ў цэнтральнабеларускім рэгіёне (магчыма, на тэрыторыі паміж Слуцкам і Слонімам[2]).

Першапачаткова знаходзілася ў праваслаўным Баркулабаўскім жаночым манастыры (адсюль назва), заснаваным Б. Сьцяцкевічам у 1648 годзе. У манастырскім архіве захоўвалася легендарнае паданьне пра паходжаньне абразу. Паводле яго ў 1659 годзе нейкі «князь вояў рускіх» Пажарскі вяртаўся «з Польшчы», маючы пры сабе патаемна гэты абраз Багародзіцы. Калі атрад князя праходзіў каля манастыру, «абраз стаў нерухомы» і ніякія намаганьні людзей не здолелі зрушыць яго з месца. Пажарскі зразумеў, што абраз жадае застацца ў манастыры і перадаў яго ігуменьні Фаціньні Кіркораўне.

На думку навукоўцаў, падзеі малі адбывацца трохі раней. Згаданы ў паданьні князь Пажарскі — гэта Сямён Раманавіч Пажарскі, які ў 1655 годзе прымаў на чале конных злучэньняў маскоўскага войска ўдзел у баявых дзеяньнях на Беларусі падчас 13-гадовай вайны — аблоге Старога Быхава, Слуцка, захопе Клецка, бітве пад Цімкавічамі. Князь Сямён Пажарскі разьбіў воінскія злучэньні ВКЛ пад Цімкавічамі, захапіў шмат палонных, літоўскія вайсковыя сьцягі і літаўры, разграбіў і спаліў Цімкавічы. Верагодна, тады і ўзяў князь у свой абоз адзначаны вялікі абраз Божай Маці, які ён не выпадкова пакінуў потым у Баркалабаўскім манастыры, адным з нямногіх пасьля абвяшчэньня Берасьцейскай царкоўнай уніі праваслаўных прыстанкаў Беларусі

Абраз праславіўся у Баркулабаўскім манастыры многімі цудамі, аб чым сьведчылі яго шматлікія копіі ў навакольных цэрквах. Найвялікшым цудам лічылася тое, што абраз перажыў усе войны XVII—XX ст. і ганеньні на рэлігію ў XX ст.

Доўгі час, пасьля таго як у 1920 годзе манастыр быў закрыты, абраз знаходзіўся ў адным з храмаў Быхава. У ліпені 2010 году яго вярнулі ў адноўлены манастыр у Баркулабава.

Абраз быў выяўлены 27-й экспэдыцыяй Дзяржаўнага мастацкага музэю БССР у 1974 годзе[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ярашэвіч А. Баркулабаўскі абраз Маці Божай // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 287.
  2. ^ Быцева І. М., Хадыка Ю. В. Разьба на фонах абразоў як датуючая прыкмета // Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1985. С. 44-49
  3. ^ Жывапіс барока Беларусі / Аўт.-склад. Н. Ф. Высоцкая. — Мн.: БелЭН; МФКД.2003. — 304 с.:іл. С. 47-48.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]