Абраз Маці Божай Лагішынскай
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/4/40/%D0%9C%D0%B0%D1%86%D1%96_%D0%91%D0%BE%D0%B6%D0%B0%D1%8F_%D0%9B%D0%B0%D0%B3%D1%96%D1%88%D1%8B%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F.jpg/220px-%D0%9C%D0%B0%D1%86%D1%96_%D0%91%D0%BE%D0%B6%D0%B0%D1%8F_%D0%9B%D0%B0%D0%B3%D1%96%D1%88%D1%8B%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F.jpg)
Маці Божая Лагішынская — Каралева Палесься — каталіцкі цудатворны абраз. Знаходзіцца ў галоўным алтары касьцёлу Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла ў Лагішыне Пінскага раёну Берасьцейскай вобласьці.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У красавіку 1706 году, пакінуўшы Горадню, швэдзкі кароль Карл XII са сваім войскам праз Пружаны, Бярозу, Хомск ішоў да Пінску. Расейцы праз Жалудок ішлі на Менск. Адзін з вайсковых аддзелаў у Мерчыцах павярнуў на Лагішын, адпачыць і папоўніць правіянт[1]. Афіцэр аддзелу, Галабурда, які вёз з сабой абраз, затрымаўся на пастой у сакратара гораду Малішэўскага. Ён загарнуў абраз у палатно і паставіў каля дзьвярэй у сенях. Калі паступіў загад выступаць у паход, абраз застаўся за расчыненымі дзьвярыма. Малішэўскія занесьлі яго ў сьвятыню, дзе абраз у хуткім часе праславіўся шматлікімі цудамі[2].
Вялікім цудам стала выратаваньне драўлянага храма ад пажару, падчас якога згарэлі ўсе суседнія дамы. У 1866 годзе, пасьля задушэньня паўстаньня 1863—1864 гадоў, касьцёл разам з абразам быў перададзены царскімі ўладамі праваслаўнай царкве.
У 1913 годзе быў пабудаваны новы мураваны касьцёл, але абраз ня быў вернуты каталікам. І толькі ў 1938 годзе некалькі юнакоў-каталікоў таемна вынесьлі абраз Маці Божай з царквы і перанесьлі яго ў касьцёл. Тры разы праваслаўныя судзіліся з каталікамі, але суд застаўся на боку апошніх. Увосень 1939 году абраз адправілі ў Варшаву на рэстаўрацыю, пасьля якой берасьцейскі біскуп Казімір Букраба сам прывёз яго і ўласнаручна зьмясьціў у галоўны алтар новага касьцёлу. У 1944 годзе, пасьля ўваходу Чырвонай Арміі ў мястэчка, зноў праваслаўныя запатрабавалі вярнуць абраз у царкву, але не знайшлі падтрымкі ў ваеннага камісара.
Каранацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзякуючы намаганьням арцыбіскупа мінска-магілёўскага кардынала Казіміра Сьвёнтэка, абраз быў адноўлены і 1 студзеня 1997 г. зноў урачыста перададзены Петрапаўлаўскаму касьцёлу. А 10 траўня, у дзень парафіяльнага сьвята, якое штогод адзначаецца ў Лагішыне, адбылася вялікая ўрачыстасьць, прысьвечаная яго каранацыі папскімі каронамі, у якой удзельнічала некалькі тысячаў вернікаў. У ёй удзельнічаў кардынал Казімір Сьвёнтак, нунцый архібіскуп Дамінік Грушаўскі, шматлікія сьвятары з усіх дыяцэзіяў Беларусі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Королева Полесья // «Краязнаўчая газета», 2008 год