Бойтра
Разбойнік Бойтра | |
בויטרע גזלן | |
Жанр: | паэма |
---|---|
Аўтар: | Мойшэ Кульбак |
Мова арыгіналу: | ідыш |
Год напісаньня: | 1936 |
Публікацыя: | 1936 |
Выдавецтва: | Штэрн, Менск |
Электронная вэрсія |
«Бойтра» ці «Разбойнік Бойтра» (на ідышы: בויטרע גזלן) — п’еса Мойшэ Кульбака, якая ўпершыню была надрукавана ў 1936 годзе ў Менску ў часопісе «Штэрн»[1]. Драма «Бойтра» была створана ў 1936 годзе й тады ж была пастаўлена Дзяржаўным габрэйскім драматычным тэатрам у Менску (рэжысэр - Саламон Міхоэлс(yi)), мела поспех, але неўзабаве была забаронена як твор «ворага народа», пасьля не перавыдавалася й не перакладалася на іншыя мовы[1]. Толькі аднойчы, у 1966 годзе, да 70-годзьдзя з дня нараджэньня пісьменьніка, тады ўжо рэабілітаванага, часопіс «Саветыш геймланд» зьмясьціў гэтую п’есу на сваіх старонках[1].
Зьмест
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паказаныя ў драме падзеі адбываліся ў мяжы аселасьці ў часы кіраваньня расейскага імпэратара Мікалая І[1]. Мікалай І выдаў указ, якім праз валявое рашэньне ўвёў асаблівыя ўмовы рэкруцкіх набораў для габрэяў[1]. Па гэтым указе ажыцьцяўленьне рэкруцкіх набораў ускладалася на габрэйскія абшчыны (кагалы)[1]. Пры гэтым хлопчыкаў можна было здаваць у жаўнеры з 12-гадовага ўзросту[1]. Кагалы часта здавалі ў жаўнеры сіротаў і паўсіротаў, дзяцей беднякоў, маўляў, і ў бядняцкіх сем’ях ратоў паменее, і сіроты будуць утрымлівацца за дзяржаўны кошт[1]. Урад стварыў спэцыяльныя ваенныя каманды, якія езьдзілі па мястэчках, адлоўлівалі габрэйскіх хлопчыкаў і 12, і 10, і нават 8 год – усіх, хто трапіць пад руку – і здавалі іх у так званыя «кантаністы»[1]. Дзяцей накіроўвалі ў спэцыяльныя батальёны кантаністаў, дзе іх прыводзілі да праваслаўя, некага й прымусова[1]. Мала хто зь дзяцей, выявіўшы ўпартасьць, заставаўся ў веры дзядоў. Нярэдкасьцю сярод кантаністаў бывалі выпадкі самазабойства[1]. Афіцыйна вайсковая служба пачыналася з 20 год і доўжылася 25 гадоў[1]. Час знаходжаньня ў батальёнах кантаністаў да прызыўнога ўзросту ў тэрмін службы не залічваўся[1]. Адначасова аднавілася палітыка высяленьня габрэяў зь вёсак[1]. Габрэі супраціўляліся, не хацелі пакідаць родныя мясьціны[1]. Выгнаныя зь вёсак габрэі сем’ямі бадзяліся па лясох і палёх, здабывалі хлеб надзённы выпадковымі заробкамі[1]. Здаралася, голад падштурхоўваў самых адчайных да разбою[1].
У драме Мойшэ Кульбака апавядаецца пра тое, як у памянёных вышэй умовах сын балагола Хаім, што застаўся сіратою, таленавіты, але бедны юнак, быў здадзены кагалам у жаўнеры[1]. Пры гэтым істотную ролю адыграла й тая акалічнасьць, што ў хлапца закахалася дачка старосты кагалу, багатага й уплывовага чалавека, які не хацеў аддаць яе за жабрака й меў намер па-свойму ўладкаваць жыцьцё роднага дзіцяці[1]. Хаіму ўдалося ўцячы з жаўнераў, і ён зрабіўся высакародным атаманам разбойнікаў, габрэйскім Робін Гудам[1]. Толькі ж апынуўшыся паміж жорнамі самадзяржаўнай улады й улады кагалу, герой-адзіночка не здолеў перамагчы[1]. І хоць урэшце яму ўдалося зьяднацца з каханаю, але толькі дзеля таго, каб ім разам загінуць…[1]
Пераклад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Твор «Разбойнік Бойтра» пад назвай «Бойтра» быў перакладзены на беларускую мову паэтам і перакладнікам Фэліксам Баторыным(be) у 2014 годзе й надрукаваны ў 72 выпуску часопіса Дзеяслоў[1].