Перайсьці да зьместу

Зэлік Аксэльрод

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Аксэльрод.
Зэлік Аксэльрод
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Зэлік Майсеевіч Аксэльрод
Нарадзіўся 30 сьнежня 1904(1904-12-30)[1]
Памёр 26 чэрвеня 1941(1941-06-26) (36 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, паэт-лірык, перакладчык
Гады творчасьці 1922—1941
Мова ідыш[2], расейская мова[2] і беларуская мова[2]
Значныя творы Зборнік абраных вершаў ідыш «Лідэр», прадмова Н. Майзэля, Нью-Ёрк (1961)

Зэ́лік Майсе́евіч Аксэльро́д (30 сьнежня 1904 Маладэчна, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя — 26 чэрвеня 1941 Менск, БССР) — беларуска-габрэйскі пісьменьнік, паэт-лірык, перакладчык. Брат мастака Меера Аксэльрода. Пісаў на ідышы.

Нарадзіўся ў мястэчку Маладэчна Віленскай губэрні. Шмат скітаўся з прычыны першай сусьветнай вайны, вучыўся ў Маскве ў Пэдагагічным інстытуце імя Бубнова, у 1922—1925 гадах у Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя Брусава, у 1928 годзе скончыў літаратурны факультэт Маскоўскага пэдінстытуту. Менавіта мастацкая атмасфэра Масквы 1920-х паўплывала на фармаваньне паэтычнага густу Аксэльрода, творы якога вылучаліся лірызмам.

Зэлік Аксельрод у маладосьці, 1920-я гады

Пасьля вучобы вярнуўся ў Менск. За кароткае жыцьцё выпусьціў 4 кніжкі вершаў, першую ў 1922 годзе. Пісаў на мове ідыш.

Зэлік і Меер. Малюнак Меера Аксэльрода, роднага брата Зэліка

З посьпехам выступаў у Менску зь вершамі, пазнаёміў адну з прыхільніц Рыўку Рубіну з братам Меерам, што завяршылася іх шлюбам[3]. Адзін зборнік выйшаў у 1937 годзе на расейскай у перакладах Міхаіла Сьвятлова. Пастаянна абвінавачваўся крытыкамі ў «буржуазным індывідуалізьме», «нездаровай цікавасьці да мінулага» і г. д. Быў адказным сакратаром, а затым і апошнім галоўным рэдактарам часопіса «Беластокер Штэрн» (Зорка).

У вершах ухваляў сацыялістычныя пераўтварэньні ў краіне, сяброўства савецкіх народаў[4]. Перакладаў на ідыш творы Янкі Купалы[5]. Перакладаў на ідыш расейскую клясыку (Аляксандар Пушкін, Мікалай Някрасаў)[4]. Сябра БелАПП з 1928 году, сябра СП СССР з 1934 году. Пасьля вяртаньня ў Беларусь працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, а з 1931 году адказны сакратар габрэйскага часопісу «Беластокер Штэрн» (Зорка)[6]. Пераклаў паэму «Вялікаму Сталіну ад беларускага народа», але гэта ня выратавала яго ад рэпрэсіяў.

Разам зь Ізі Харыкам узначальваў сэкцыю габрэйскіх пісьменьнікаў пры Саюзе пісьменьнікаў Беларусі, Харык быў арыштаваны НКУС у 1937 годзе і расстраляны 29 кастрычніка 1937 году разам з шматлікімі іншымі пісьменьнікамі. Яго калега Зэлік Аксэльрод быў расстраляны 26 чэрвеня 1941 году пад Менскам, калі НКУС пазбаўляўся ад палітычных вязьняў напярэдадні прыходу ў горад нацысцкіх акупантаў. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.

У 1939 годзе Зэлік Аксэльрод паехаў у Беласток, дзе апякаў групу габрэйскіх пісьменьнікаў, уцекачоў з Польшчы і рэдагаваў часопіс «Беластокер Штэрн». Там ён сустрэў Пэрл Вайсэнбэрг, дачку вядомага габрэйскага пісьменьніка Іцхака-Мэір Вайсэнбэрга, і ажаніўся зь ёю.

Выступаў супраць закрыцьця школ на мове ідыш, зьвярнуўся разам з Гіршам Камянецкім зь лістом да першага сакратара кампартыі Беларусі П. К. Панамарэнка. На сходзе габрэйскіх пісьменьнікаў Менску 30 траўня 1941 году рэзка пярэчыў сакратару Саюза пісьменьнікаў Беларусі Міхасю Лынькову, які сьцьвярджаў, «што габрэйскія савецкія пісьменьнікі… не стварылі вобразы герояў вялікай значнасьці», неўзабаве быў арыштаваны. На допыце 18 чэрвеня быў абвінавачаны ў дачыненьні да «пісьменьніцкай нацыяналістычнай арганізацыі».

Па сьведчаньнях відавочцаў, 26 чэрвеня 1941 году пры адступленьні Чырвонай Арміі зь Менску зьняволеных адвезьлі ў лес, адабралі палітычных і расстралялі, у тым ліку і Аксэльрода, якому на той момант было 37 гадоў. Родныя ведалі толькі аб арышце, завіхаліся аб вызваленьні, дамагліся заступніцтва Ільлі Эрэнбурга і доўгія гады атрымлівалі супярэчлівыя адказы на запыты аб лёсе Зэліка Аксельрода[7].

Некалькі кніг выйшлі пасьмяротна, у складаньні ўдзельнічаў брат Меер Аксэльрод і яго жонка пісьменьніца Рыўка Рубіна, выйшла кніга і ў перакладзе на расейскую, прадмова Р. Рубінай, афармленьне М. Аксэльрода, вялікая частка перакладала Алена Аксэльрод, пляменьніца Зэліка. Адна кніга выйшла значна пазьней пасьля яго сьмерці ў Нью-Ёрку ў 1961 годзе.

  • ідыш «Цапл» («Трапятаньне», 1922)
  • ідыш «Лідар» («Вершы», 1932)
  • ідыш «Ун видер лідар» («І зноў вершы», 1935)
  • ідыш «Ойг аф ойг» («Сам-насам», 1937)
  • Зборнік абраных вершаў ідыш «Лідар», прадмова Н. Майзеля, Нью-Ёрк (1961)
  • «Чырвонаармейскія вершы» (ідыш «Ройтармейшэ лідар», 1939).
  • «Ранішняе сьвятло» (у перакладзе на рускі. М. 1963)
  • ідыш «Лідар» («Вершы». М. 1980)
  1. ^ Zelik Aksel’rod // Прабук (анг.) — 2018.
  2. ^ а б в Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  3. ^ Аксельрод, Елена Мееровна. Двор на Баррикадной. Стр. 43
  4. ^ а б т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
  5. ^ Релес Гирш. Еврейские советские писатели Белоруссии. Воспоминания. — Мн.: 2006. С. 289-290,298.
  6. ^ Костырченко Г. В. Сталин против «космополитов». Власть и еврейская интеллигенция в СССР (рас.)
  7. ^ Аксельрод, Елена Мееровна, «Двор на Баррикадной», стр. 105—111

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зэлік Аксэльродсховішча мультымэдыйных матэрыялаў