Адам Більдзюкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Адам Більдзюкевіч
Старшыня Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры
1926 — 1929
Віцэ-старшыня ЦК Беларускага сялянскага саюзу
1926 — 1928
Старшыня Беларускага камітэту ў Варшаве
1925 — цяперашні час
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 1895(1895)
м. Радашкавічы
Памёр: 1952(1952)
Польшча
Партыя: Беларускі сялянскі саюз

Адам Язэпавіч Більдзюкевіч (пс. А. Саюзнік, А. Незалежнік, «А. Б.» і «Б. А.»; 1895, мяст. Радашкавічы — 1952, Польшча[1]) — беларускі культурна-асьветніцкі дзяяч, эканаміст, пэдагог.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вучыўся ў Пецярбурскім унівэрсытэце. Удзельнік 1-й сусьветнай вайны, атрымаў раненьне і чын паручніка[2]. 3 1920 у Вільні, займаўся аднаўленьнем працы Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.

Уваходзіў у Часовы беларускі нацыянальны камітэт. Служыў у Беларускай вайсковай камісіі.

У 1922 дарадца сэнатара Уласава па пытаньнях эканомікі і культуры. Разам з А. Уласавым заснаваў ТБШ у Радашкавічах, удзельнічаў у адкрыцьці Радашкавіцкай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны і выкладаў у ёй. 3 1925 старшыня Беларускага камітэту ў Варшаве.

У 1926 віцэ-старшыня ЦК Беларускага сялянскага саюзу (БСС), старшыня Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры (БІГіК). Клапаціўся аб стварэньні сацыяльна-эканамічнай базы беларускага адраджэнскага руху. Склаў статут Беларускага каапэратыўна-земляробча-прамысловага банку, уваходзіў у яго кіраўніцтва. З ініцыятывы А. Більдзюкевіча адкрыліся каапэратыўна-гандлёвыя курсы, якія рыхтавалі «піянэраў беларускай каапэрацыі».

У 1927 годзе Більдзюкевіч разам зь сястрой Касяй набылі аўтобус, і распачалі перавозку пасажыраў па маршруце Радашкавічы-Вільня.

У 1928 у сувязі з выбарамі ў сейм выйшаў з БСС, далучыўся да паланафільскай групы Ф. Умястоўскага — Т. Вернікоўскага. Пасьля паражэньня на выбарах зазнаў ганеньні з боку ўсіх беларускіх партыяў і адышоў ад палітычнай дзейнасьці. Займаўся прадпрымальніцтвам у Радашкавічах.

У 1944 выехаў у Польшчу. Паводле некаторых зьвестак дажываў у доме састарэлых. А ў апошні шлях праводзіў яго ня хто іншы, як колішні радашкавіцкі сусед Юзік Будслаўскі[2].

Асабістае жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыкладна ў 1928—1929 пазнаёміўся зь дзяўчынай-мэдыкам Тэафіліяй з Баранавіч. Хутка ў Вільні, у касьцёле Сьвятога Мікалая, іх абвянчаў ксёндз Адам Станкевіч. У сям’і нарадзіліся дзьве дзяўчынкі[2].

Працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Публікаваўся пад уласным прозьвішчалі, крыптанімам Б. А. і псэўданімамі ў газэце «Сялянская ніва», кнігах-календарах і спэцвыпуску БІГіК «3 роднай нівы» па пытаньнях каапэратыўнага руху, падзелу зямлі ў Заходняй Беларусі і інш. Выступаў з пазыцыяў сялянства, гарадзкога і сельскага спажыўца. Аўтар першага беларускага падручніка па эканоміцы « Асновы грамадзкай гаспадаркі: для сярэдняй школы і саманавучаньня / Адам Більдзюкевіч. — Вільня, 1926. ».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]