Беларуская драматычная дружына
Беларуская драматычная дружына — тэатральны калектыў пры Беларускім клюбе ў Вільні, які існаваў ў 1916—1917 і траўні 1918 году пад кіраўніцтвам беларускага драматурга Францішка Аляхновіча[1].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Напачатку сваёй дзейнасьці калектыў наладжваў музычна-драматычныя паказы тыпу кабарэ. 15 кастрычніка 1916 году ў зале работніцкага клюбу на Вароньняй вуліцы быў паказаны першы драматычны спэктакль «Хам» паводле п’есы Элізы Ажэшкі. Наступнай прэм’ерай калектыву становіцца дэбютная п’еса Францішка Аляхновіча «На Антокалі», пастаўленая 26 сьнежня 1916 году на сцэне цырка на Лукіскім пляцы. У 1916—1917 гадах таксама ставяцца: «На вёсцы», «Калісь», «Бутрым Няміра», «Манька», «Базылішк» і «Чорт і баба» (з музыкай Станіслава Манюшкі) Ф. Аляхновіча, «Міхалка» Далецкіх, «У зімовы вечар» паводле Э. Ажэшкі, «Як яны ажаніліся» В. Валодзьскага, «Паўлінка» Янкі Купалы, «Мядзьведзь» Антона Чэхава, пазьней — «П'етра Каруза» П. Брака, «Антось Лата» Якуба Коласа, сцэнічная фантазія «У купальскую ноч»[1].
У канцы лютага 1917 году тэатар мае ўжо сваю ўласную сцэну ў новым памяшканьні Беларускага клюбу на Віленскай вул. № 28, дзе спэктаклі адбываюцца што нядзелю. Улетку з прычыны рэквізыцыі гэтага памяшканьня вайсковаю ўладаю клюб разам з тэатрам перабіраецца на Юраўскі праспэкт № 22, дзе таксама знаходзіцца сцэна[2].
У 1918 калектыў быў рэарганізаваны ў Народны тэатар, узначаляваны акторам былога калектыву сьпяваком А. Бароўскім. У 1919 годзе на аснове Народнага тэатру меркавалася стварыць Беларускі дзяржаўны тэатар у Вільні, але задума не была ажыцьцеўленая[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в А. В. Сабалеўскі Беларуская драматычная дружына // Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: У 2 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: 2002 Т. 1. — С. 107—108. — 568 с.
- ^ Аляхновіч Ф. Беларускі тэатр. — Вільня: 1924. — С. 114. паводле Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі: У 3 т. Т. 1: Ад вытокаў — да пачатку XX стагоддзя / Бел. ун-т культуры; Уклад., рэд. тэкстаў, уступ. арт. і камент. А. В. Сабалеўскага. — 2-е выд., пашыр. і ўдаклад.. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — С. 363. — 444 с. — ISBN 985-08-0064-X