Перайсьці да зьместу

Адольф Зянюк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «А. Зянюк»)
Адольф Зянюк
Дата нараджэньня 1895
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 1938
Месца сьмерці
Месца вучобы
Месца працы
Сябра ў Гарадзенскі гурток беларускай моладзі і Беларускі студэнцкі саюз

Адольф Зянюк (1895, в. Сухаволя, Сакольскі павет — 23 верасьня 1937, Сандамір, Польшча) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, адвакат.

Нарадзіўся пад Горадняй у в. Сухаволя Сакольскага павету.[1] Скончыў гімназію ў Горадні. Далучыўся да беларускага руху, будучы ў 3-й клясе гімназіі. Нацыянальную сьвядомасьць вынес з роднай хаты.

Адзін з заснавальнікаў Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі. У гуртку прыймаў актыўны ўдзел ва ўсіх яго працах. Удзельнічаў у спэктаклях гуртка. Уваходзіў у склад рэдкалегіі часопісу «Колас беларускай нівы». Пісаў мастацкія апавяданьні. Паводле ўспамінаў Зоські Верас меў вельмі прыгожы почырк і ўласна ён перапісаў матэрыялы для часопісу-аднаднёўкі «Колас беларускай нівы», які ў колькасьці 50 ас. быў надрукаваны на шапірографе.[2] З восені 1913 — апошні кіраўнік гуртка.

Паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту. Дбаючы аб агульным разьвіцьці, хадзіў на лекцыі хіміі і філязофіі. Прымаў сталы ўдзел у дзейнасьці беларускіх студэнцкіх арганізацыяў у Пецярбургу, а таксама ў грамадзкім беларускім руху. Як сталы сябра сустрэчаў у праф. Браніслава Эпімах-Шыпілы, быў у курсе ўсіх беларускіх падзеяў у Пецярбургу, і таму, паводле сьведчаньня Зоські Верас, зьяўляўся сваеасаблівым сувязным паміж Пецярбургам і Менскам.[3] Яго лісты да Зоські Верас адлюстроўвалі ўсё жыцьцё беларускага руху ў Пецярбургу, і таму іх чыталі супольна з усімі менскімі беларусамі, якія зьбіраліся ў Беларускай хатцы (Захараўская, 18), а лісты Зоські Верас пра беларускую дзейнасьць у Менску чыталі на сходах у прафэсара Б. Эпімах-Шыпілы. 16 сьнежня 1914 году на вечарыне ў Эпімах-Шыпілы прачытаў рэфэрат «Стасунак беларусаў да іх суседзяў».

У 1916 годзе мабілізаваны ў войска. Скончыў вайсковую вучэльню ў Кіеве, пасьля чаго юнкерам пападае ў Перм.

У 1920-я гады навучаўся ў Віленскім унівэрсытэце. Сябра ўправы Беларускага студэнцкага саюзу. У 1925 выдавец-рэдактар часопісу «Студэнцкая думка».[4] Скончыў Віленскі ўнівэсытэт Стэфана Баторыя у 1927 годзе. У 1928 годзе прызначаны кіраўніком беларускага аддзелу на Віленскім радыё, дзе кожны тыдзень чытаў беларускія лекцыі. Верагодна, дзякуючы ягоным клопатам, у 1930-я гады на радыё, якое трансьлявалася на ўсю Польшчу, часта выступаў хор БСС пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы.

Працаваў судзьдзёй у Вільні, на Палесьсі. 8 лістапада 1930 году Адольф Зянюк, асэсар судовы ў акрузе апэляцыйнага суду ў Вільні, быў прызначаны судзьдзём павятовага суду ў Століне ў Пінскай акрузе акруговага суду.[5] Вядома, што ў 1932-1933 г. быў кіраўніком гарадзкога апэляцыйнага суду ў Сандаміры.[6]

Маючы ўсяго трохі за сорак гадоў, заўчасна памёр на пасадзе гарадзкога судзьдзі ў Сандаміры 29 верасьня 1937 году.[7]

  1. ^ На паштоўках — беларуская моладзь Сакольшчыны // Ніва, 6 красавіка 2008
  2. ^ Зоська Верас. Успаміны. Старое Гродна
  3. ^ Зоська Верас. Успаміны. Старое Гродна
  4. ^ Мастыка Андрэй. Беларускі студэнцкі саюз Віленскага універсітэта Стэфана Баторыя (1919-1939)
  5. ^ Ruch służbowy. Dodatek do dzennika urzędowego Ministerstwa sprawiedliwości, № 36. Warszawa, 20 grudnia 1930. C. 296.
  6. ^ Kalendarz sądowy na rok 1933. Warszawa, 1932. C. 79.
  7. ^ Dzennik urzędowy Ministerstwa sprawiedliwości, № 10. Warszawa, 20 października 1937. C. 117.