Сяргей Чыгрын

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сяргей Чыгрын
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 24 верасьня 1958 (64 гады)
Хадзявічы, Слонімскі раён Гарадзенскай вобласьці
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, літаратуразнавец, гісторык, краязнавец, перакладчык, журналіст
Гады творчасьці з 1975
Мова беларуская
Дэбют верш «Сьвеціць сонейка»
Творы на сайце Kamunikat.org

Сярге́й Мікала́евіч Чыгры́н (нар. 24 верасьня 1958, вёска Хадзявічы, Слонімскі раён Гарадзенскай вобласьці, БССР) — беларускі паэт, літаратуразнавец, гісторык, краязнавец, перакладчык, журналіст.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скончыў Хадзявіцкую няпоўную сярэднюю школу (1974), тэатральнае аддзяленьне Магілёўскай культасьветвучэльні і філялягічны факультэт БДУ (1985). Працуе загадчыкам аддзелу культуры і спадчыны «Газэты Слонімскай» і загадчыкам літаратурнай часткі Слонімскага беларускага драматычнага тэатру. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў[1], Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Жыве ў Слоніме.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэбютаваў вершам «Сьвеціць сонейка» у часопісе «Бярозка» (1975). Аўтар зборнікаў паэзіі «Шчырая Шчара» (1993), «Горад безь цябе» (1999), «Лірыка» (2007), «Камень Міндоўга» (2009), кнігаў гісторыка-краязнаўчых артыкулаў «Янка Купала і Слонімшчына» (1993), «Родам са Слонімшчыны» (2003), «Пакліканыя на родны парог» (2005), «Чамяры і чамяроўцы» (2006), «У пошуках слонімскіх скарбаў» (2007), «Беларуская Беласточчына» (2008), «Тэатар у Слоніме» (2008), «Зь беластоцкай зямлі» (2008), «Мастак Антон Карніцкі» (2009), «Жыў роднай песьняй» (2010), «Па сьлядах Купалы і Коласа» (2012), «Такі іх лёс» (2012) і многіх іншых.

Апублікаваў сотні артыкулаў з дасьледаваньнямі жыцьцёвага і творчага шляху Язэпа Стаброўскага, Тодара Лебяды, Сяргея Хмары, Яна Пятроўскага, Гальяша Леўчыка, Міколы Шкялёнка і іншых дзеячоў беларускай літаратуры, гісторыі і культуры. А таксама шэраг артыкулаў, зьвязаных з гісторыяй Слонімшчыны, беларускай эміграцыяй, літаратурнай Беласточчынай. Уклаў і выдаў літаратурную спадчыну С. Грынкевіча, Ф. Грышкевіча, У. Казлоўшчыка (Беласток, «Вяртаньне да сваіх», 1999), гістарычныя нарысы Міколы Шкялёнка (Беласток, «Беларусь і суседзі», 2003), Сяргея Хмары «Рабінавы хмель» (2008), Леаніда Трубача «Паміж песьняй і болем» і іншыя.

На беларускую мову пераклаў вершы францускіх паэтаў — Поля Элюара, Люізы Мішэль, Эжэна Пацье, Поля Вэрлена і ўкраінскіх паэтаў — Рыгора Елішэвіча, Валерыя Бойчанкі, Любові Пшанічнай і іншых. Пераклаў таксама п’есы А. Хайта, К. Манье, Э. Усьпенскага, К. Гальдоні, А. Астроўскага, С. Міхалкова, С. Пракоф’евай, Н. Абрамцавай, Г. Лабакіна, К. Папова, М. Каляды і іншых драматургаў. Многія спэктаклі па п’есах гэтых драматургаў пастаўленыя на сцэне Слонімскага беларускага драмтэатру й іншых тэатраў Беларусі. Напісаў таксама п’есу для дзяцей «Белая мышка» (пастаўленая ў 2005). Аўтар шматлікіх паштовак, буклетаў, плякатаў, прысьвечаных гісторыі Беларусі.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Шчырая Шчара» (паэзія, 1993)
  • «Янка Купала і Слонімшчына» (1993)
  • «Горад безь цябе» (паэзія, 1999)
  • «Родам са Слонімшчыны» (2003)
  • «Пакліканыя на родны парог» (2005)
  • «Чамяры і чамяроўцы» (2006)
  • «У пошуках слонімскіх скарбаў» (2007)
  • «Лірыка» (паэзія, 2007)
  • «Беларуская Беласточчына» (2008)
  • «Тэатар у Слоніме» (2008)
  • «Зь беластоцкай зямлі» (2008)
  • «Камень Міндоўга» (паэзія, 2009)
  • «Мастак Антон Карніцкі» (2009)
  • «Жыў роднай песьняй» (2010)
  • «Альбярцін» (2011)
  • «Па сьлядах Купалы і Коласа» (2012)
  • «Такі іх лёс» (2012)
  • «Сярод сваіх людзей» (2012)
  • «Жыцьцё і творчасьць Анатоля Іверса» (2012)
  • «Слонімскія падмуркі» (2012)
  • «Іншых шляхоў не было» (2013)
  • «Краязнаўчымі сьцежкамі Зэльвеншчыны» (2013)
  • «Легенды і паданьні Слонімшчыны» (2013)
  • «Слонімскі буквар» (2013)
  • «Хочацца дахаты» (2014)
  • «Гісторыя Слоніма на старых фатаздымках і паштоўках» (2014)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Чыгрын Сяргей Мікалаевіч Асабістыя старонкі сяброў СБП. Саюз беларускіх пісьменьнікаўПраверана 4 чэрвеня 2015 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]