Перайсьці да зьместу

Абрам

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Аўраам»)
Аўраам
אַבְרָהָם
Аўраам і Ісаак
Род дзейнасьці патрыярх
Дата нараджэньня не раней за 2167 да н. э. і не пазьней за 1792 да н. э.[1]
Дата сьмерці не раней за 2050 да н. э. і не пазьней за 1638 да н. э.[2]
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Занятак пастух, заснавальнік рэлігіі, прарок
Бацька Тара[d][3]
Маці Аматлея[d][4]
Дзеці Ізмаіл[d][5], Ісаак[6], Зімран[d][7], Ёкшан[d][7], Мэдан[d][7], Мадыян[d][7], Ішбак[d][7], Шуах[d][7] і Bakol[d]

Абрам, Аўраам, Аўрам (па-габрэйску: אַבְרָהָם) — старазапаветны патрыярх, паводле біблейскіх паданьняў родапачынальнік габрэяў і арабаў.

Нарадзіўся ў Мэсапатаміі ў халдэйскім горадзе Ур і зьяўляўся малодшым сынам Тары, дзясятага патрыярха па прамой лініі ад Сіма, сына Ноя. Жывучы сярод паганцаў, як напісана ў Бібліі, Аўраам пазнаў ілжывасьць іх службы паганскім ідалам і верыў ў адзінага Бога, апосталам якога ён стаў. За гэта ён падвергнуўся ганеньням сваімі суайчыньнікамі і на 75 годзе жыцьця мусіў пакінуць радзіму, накіраваўшыся цераз Эўфрат у зямлю Ханаанскую, якую абяцаў Бог яму й ягоным нашчадкам. Там Аўраам быў празваны «га-гіўры», што азначала: прыбылы з таго берагу ракі, адкуль і пайшла назва — габрэй. Разам зь ім сюды перасялілася ягоная жонка й пляменьнік Лот. Доўга ён вандраваў па розных краях, пакуль не пасяліўся ў Хэўроне.

У Біблейскім паданьні Аўраам падаецца як узор чалавекалюбства, лагоднасьці, цярплівасьці, міралюбства, бескарысьлівасьці, цьвёрдай і непахіснай веры ў Бога, пакоры й глыбокай павагі да яго. Доўгі час ён ня меў ад шлюбу з Сарай нашчадкаў. Толькі пад старасьць, калі Сары было ўжо 90, а яму 100 гадоў, у іх нарадзіўся сын Ісаак, які, па сьцьверджаньні Бібліі, стаў прадаўжальнікам роду габрэйскага племені. Гэткую дамову Бог уклаў з Аўраамам яшчэ да нараджэньня Ісаака, зьнешняй праявай дамовы стаў абрад абразаньня. Пры гэтым Бог зьмяніў імя Аўрама на Аўраам. Калі Сара памерла, Аўраам ажаніўся ў другі раз і меў яшчэ 6 сыноў, якія разам з Ізмаілам, яго пазашлюбным сынам ад служанкі Агар, сталі родапачынальнікамі розных арабскіх плямёнаў. Сам жа Аўраам, як падаецца ў Бібліі, пражыў 175 гадоў і памёр у Хэўроне, дзе й быў пахаваны.

Мусульмане-арабы, якія лічаць Аўрама сваім родапачынальнікам і ў Каране называюць яго Ібрагімам, яшчэ ў старажытнасьці пабудавалі над яго магільным склепам мячэт і аберагалі яе як сьвятыню. Вобраз старазапаветнага патрыярха Аўраама (Ібрагіма) карыстаўся асаблівай павагай і папулярнасьцю ў хрысьціянаў і мусульманаў, для якіх служыў прыкладам найвялікшай набожнасьці й праведнасьці й аброс самымі разнастайнымі мітычнымі паданьнямі й легендамі. Паводле іх, Аўраам займаўся прыродазнаўствам, ведаў хімію, астраномію й іншыя навукі, якія ён вывучыў ад халдэяў яшчэ на радзіме, а потым распаўсюджваў сярод хананеяў (фінікійцаў) і эгіпцянаў. Сьцьвярджалі нават, што ён быў вынаходнікам літарнага шрыфту й каляндарных вылічэньняў. У сувязі з гэтымі паданьнямі некаторыя старажытныя багасловы атаясамлялі асобу Аўраама з Зараастрам.

  1. ^ Kantor M. Жыдоўская храналягічная энцыкляпэдыя, новае абноўленае выданьне (анг.) — 2004. — P. 15. — ISBN 978-0-87668-229-6
  2. ^ Kantor M. Жыдоўская храналягічная энцыкляпэдыя, новае абноўленае выданьне (анг.) — 2004. — P. 17. — ISBN 978-0-87668-229-6
  3. ^ 26-27 // Genesis 11
  4. ^ Бава Батра — С. 91a.
  5. ^ 15 // Genesis, בְּרֵאשִׁית, Första Moseboken (стар.-гэбр.)
  6. ^ 3 // Genesis, בְּרֵאשִׁית, Första Moseboken (стар.-гэбр.)
  7. ^ а б в г д е 2 // Genesis, בְּרֵאשִׁית, Första Moseboken (стар.-гэбр.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]