Анюта (балет)
«Анюта» | |
рас. «Анюта» | |
Жанр | балет |
---|---|
Паводле | апавяданьня «Ганна на шыі» (Антон Чэхаў, 1895 г.) |
Аўтар | Аляксандар Бялінскі |
Мастак-пастаноўнік | Бэла Маневіч |
Кампазытар | Валеры Гаўрылін |
Харэограф | Уладзімер Васільеў |
Акторы | Галі Абайдулаў, Кацярына Максімава |
Працягласьць | 2 гадзіны і 5 хвілінаў[1] |
Краіна | СССР |
Мова | расейская |
Год прэм’еры | 21 студзеня 1986 (38 гадоў таму) |
«Анюта» — савецкі балет 1986 году ў 2-х дзеях пра шлюбнае жыцьцё састарэлага чыноўніка Мадэста Аляксеевіча і яго маладой асірацелай жонкі Анюты[2].
Папярэдне ў 1982 годзе кінастудыя «Ленфільм» (Ленінград) выпусьціла аднайменны тэлевізійны фільм-балет, які паказалі ў 114 краінах і ўганаравалі Дзяржаўнай прэміяй Расейскай СФСР і ўзнагародай «Інтэрбачаньне» на міжнародным тэлефэстывалі «Злата Прага» (Чэхаславаччына). 21 студзеня 1986 году ў нэапальскім тэатры імя сьвятога Карла (Італія) адбылася прэм’ера балету. 31 траўня 1986 г. адбылася першая пастаноўка ў Вялікім тэатры ў Маскве (Расейская СФСР). У 2-й палове 1986 г. пастаноўку зрабіў Рыскі тэатар опэры і балету (Латвійская ССР). Пазьней яшчэ 7 тэатраў Расеі ажыцьцявілі прэм’ерныя паказы: 23 сьнежня 1987 г. — Чалябінскі тэатар опэры і балету, 1989 г. — Казанскі (Татарская АССР), 1990 г. — Пермскі, 29 траўня 1993 г. — Омскі музычны тэатар, 10 лютага 1995 г. — Іжэўскі тэатар опэры і балету (Удмуртыя), 25 студзеня 2008 г. — Варонескі, 25 чэрвеня 2009 г. — Краснаярскі, 22 красавіка 2011 г. — Самарскі[2]. 15 траўня 2012 г. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету Беларусі ўпершыню паказаў балет «Анюта» ў Менску[1].
Дзея
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першая
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьвятар і служка адпяваюць жонку настаўніка Пятра Лявонцьевіча. Аўдавелы Пётар Лявонцьевіч праглядае сямейныя фотальбомы і прыбягае да выпіваньня гарэлкі. Увосень 52-гадовы чыноўнік Мадэст Аляксеевіч сватаецца на бульвары да 18-гадовай дачкі настаўніка Анюты. Тая пагаджаецца выйсьці замуж. Увечары Анюта расстаецца са сваім дашлюбным каханкам, які навучаецца ва ўнівэрсытэце. Пасьля вясельля Анюта пераяжджае ў дом мужа. Той адмаўляецца паўторна пазычаць яе бацьку[1], пакуль той працягвае выпіваць. Уначы Мадэсту Аляксеевічу сьніцца ўручэньне ордэна сьвятой Ганны.
Другая
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На Каляды Мадэст Аляксеевіч наведвае з жонкай сьвяточны баль у дваранскім сходзе. На балі Анюта таньчыць вальс з абшарнікам Артынавым. Князь, які зьяўляецца старшынём дваранскага сходу, заўважае Анюту на балі. Па вяртаньні з балю князь уручае Мадэсту Аляксеевічу ордэн сьвятой Ганны. Напярэдадні новага году судовы выканаўца апісвае маёмасьць Пятра Лявонцьевіча за нявыплату даўгоў. У выніку бацька Анюты з 2-ма непаўналетнімі сынамі — Пецяй і Андрэйкам — апынаецца на вуліцы ў марозную ноч[1]. Тым часам, Анюта коўзаецца на каньках з Артынавым, князем і афіцэрамі па бульвары.
Ролі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мадэст Аляксеевіч, чыноўнік — Галі Абайдулаў
- Пётар Лявонцьевіч, настаўнік — Уладзімер Васільеў
- Анюта, дачка Пятра Лявонцьевіча — Кацярына Максімава
- Артынаў, абшарнік — Ф. д’Альбэра
- Студэнт, каханак Анюты да шлюбу — А. д’Алёя
- Князь, старшыня дваранскага сходу — А. Салернітана
Іншыя: 2 афіцэры, 3 цыганкі, Пеця, Андрэйка, судовы выканаўца.
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]15 траўня 2012 г. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету Беларусі ўпершыню паказаў балет «Анюта» на сваіх падмостках. Пастаноўку харэаграфіі ажыцьцявіў народны артыст СССР Уладзімер Васільеў. Кампазытарам выступіў Валеры Гаўрылін, мастаком-пастаноўнікам дэкарацыяў — Віктар Вольскі, мастак па касьцюмах — Рафаіл Вольскі, дырыгентам-пастаноўнікам — Віктар Пласкіна. Галоўныя ролі выконвалі Канстанцін Кузьняцоў (Мадэст Аляксеевіч) і Вольга Яромкіна (Анюта)[2].
3 сьнежня 2012 г. артысты Вялікага тэатру Беларусі паказалі балет «Анюта» на падмостках Вялікага тэатру ў Варшаве (Польшча)[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Анюта // Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету Рэспублікі Беларусь, 2017 г. Праверана 5 верасьня 2017 г.
- ^ а б в Ларыса Цімошык. У рытме вальса // Жырандоля. — 19 траўня 2012. — № 16 (145). — С. 5.
- ^ Валеры Саўко. Беларускі балет сёньня выступіць у Варшаве // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 3 сьнежня 2012 г. Праверана 5 верасьня 2017 г.