Перайсьці да зьместу

Івэта Радзічава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Івэта Радзічава
Iveta Radičová
Саміт ЭНП у кастрычніку 2010
Саміт ЭНП у кастрычніку 2010
6-ы Прэм’ер-міністар Славаччыны
8 ліпеня 2010  4 красавіка 2012
Прэзыдэнт Іван Гашпаравіч
Папярэднік Робэрт Фіца
Наступнік Робэрт Фіца
дэпутатка Нацыянальнай рады
8 ліпеня 2006  24 красавіка 2009
Міністарка працы Славаччыны
17 кастрычніка 2005  4 ліпеня 2006
Прэм’ер-міністар Мікулаш Дзурында
Папярэднік Людавіт Канік
Наступнік Вера Томанава
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася7 сьнежня 1956 (69 гадоў)
Браціслава, Чэхаславаччына
ПартыяСДХУ — ДП (2006—2012)
ГСГ (1990—1992)
АдукацыяБраціслаўскі ўнівэрсытэт імя Коменскага
Оксфардзкі ўнівэрсытэт
Сужэнец Стана Радзіч (1980—2005)
Дзеці Эва
Узнагароды

І́вэта Ра́дзічава (па-славацку: Iveta Radičová), пры нараджэньні Ка́раф’ятава (славац. Karafiátová; нар. 7 сьнежня 1956, Браціслава, ЧССР) — славацкая навуковец-сацыёляг, палітык. Прэм’ер-міністарка (2010—2012), міністарка працы (2005—2006). Кандыдатка ў прэзыдэнты на выбарах 2009 году.

Асабістае жыцьцё

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Івэта Караф’ятава нарадзілася 1 сьнежня 1956 году ў славацка-польскай сям’і ў Браціславе.

У шлюбе з славацкім комікам і акторам Стана Радзічам (загінуў у 2005 року) мае дачку Эву. Жыве з дачкою і зяцем у Новай Дзедзінцы.

Акрамя роднай славацкай, Радзічава валодае ангельскай, нямецкай, польскай і расейскай мовамі[1].

Навуковая кар’ера

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Івэта Радзічава пачала сваю навуковую кар’еру з вывучэньня сацыялёгіі ў Браціслаўскім унівэрсытэце імя Коменскага (1975—1979). У 1981 годзе атрымала ступень доктара філязофіі. У 1979—1989 гг. працавала сацыёлягам у Акадэміі навук Славаччыны. У 1990 годзе праходзіла постдоктарскае навучаньне ў Оксфардзкім унівэрсытэце[2]. У 1990—1993 і 1997—2005 роках — выкладчыца катэдры сацыялёгіі філязофскага факультэту Ўнівэрсытэту Коменскага ў Браціславе[3]. У 1993—1997 — у Істрапалітанскім ўнівэрсытэце. Дацэнтка (1997), прафэсарка (2005).

У 1992 годзе ў Славаччыне Радзічава заснавала Цэнтар аналізу сацыяльнай палітыкі, адну зь першых грамадзкіх арганізацый у Славаччыне, і зьяўлялася выканаўчай дырэктаркай да 2005 году[3].

У 2005 годзе ад факультэта філязофіі Ўнівэрсытэту Коменскага атрымала званьне прафэсара сацыялёгіі, што зрабіла яе першай жанчынай у Славаччыне, якая атрымала гэтае званьне[3].

Палітычная кар’ера

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Як шматлікія іншыя сацыёлягі, Івэта Радзічава ўдзельнічала ў стварэньні руху «Грамадзкасьць супраць гвалту» ў 1990 годзе і зьяўлялася ейнай прамоўцай да 1992 году[3]. У гэты ж час стаяла ля вытокаў заснаваньня славацкага аддзяленьня Грамадзянскай дэмакратычнай партыі і таксама бьла ейнай прамоўцай, але ў партыю не ўступала.

Пасьля перамогі на выбарах 1992 року ў Славаччыне нацыяналістычнага Руху за дэмакратычную Славаччыну Радзічава адышла ад палітычнай дзейнасьці на 13 гадоў.

У 2005 г. замяніла Людавіта Каніка на пасадзе міністрам працы, сацыяльных стасункаў і сям’і ў правацэнтрыскім урадзе прэм’ер-міністра Мікулаша Дзурынды. Па сканчэньні паўнамоцтваў ураду ўступіла ў лібэральна-кансэрватыўную партыю Славацкая дэмакратычная і хрысьціянская унія — Дэмакратычная партыя, дзе неўзабаве заняла пасаду намесьніцы старшыні Мікулаша Дзурынды. Пазьней на парлямэнцкіх выбарах 2006 году Радзічава была абраная ў Парлямэнт Славаччыны[3], набраўшы найбольшую колькасьць галасоў сярод аднапартыйцаў.

Пасьля выбараў 2006 году СДХУ-ДП сышла ў апазыцыю. Радзічава працавала намесьніцай старшыні парлямэнцкага камітэту па пытаньнях сацыяльных стасункаў і жыльлёвага будаўніцтва[3].

У 2009 годзе Радзічава стала кандыдаткай на прэзыдэнцкія выбары як ад партыі, так і зборам подпісаў грамадзянаў. Ейнае вылучэньне падтрымалі таксама апазыцыйныя партыі Хрысьціянскі дэмакратычны рух, Партыя вугорскай кааліцыі і Грамадзянская кансэрватыўная партыя. У першым туры выбараў Радзічава набрала нечакана вялікі адсотак у 38,05% галасоў і выйшла ў другі тур з ужо дзейным прэзыдэнтам Славаччыны Іванам Гашпаравічам. У другім туры выбараў, які адбыўся 4 красавіка, Радзічава саступіла Гашпаравічу, атрымаўшы 44,47% галасоў. Яна стала першай жанчынай у гісторыі краіны, якая выйшла ў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў[4].

Неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў раскрыўся факт галасаваньня Радзічавай на парлямэнцкай сэсіі за адсутную каляжанку[5]. 23 красавіка 2009 году Івэта Радзічава здала дэпутацкі мандат[6].

Прэм’ер-міністарка

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Напачатку 2010 году ўзначаліла партыйны сьпіс на парлямэнцкія выбары, абышоўшы ў ім колішняга міністра фінансаў Івана Міклаша.

На выбарах 12 чэрвеня 2010 СДХУ-ДП набрала 15,42% галасоў, далёка адстаўшы ад сацыял-дэмакратычнай партыі прэм’ер-міністра Робэрта Фіца Курс — сацыяльная дэмакратыя, якая атрымала 34,79% галасоў[7]. Тым ня менш, прыхільнікі кааліцыі Робэрта Фіца, нацыяналістычная Славацкая нацыянальная партыя і нацыянал-кансэрватыўная РЗДС, выступілі на выбарах вельмі слаба (РЗДС ня здолела атрымаць ніводнага месца ў парлямэнце). У выніку кааліцыя з чатырох апазыцыйных партыяў — лібэральная Свабода і салідарнасьць (SaS), Хрысьціянскі дэмакратычны рух (KDH), этнічная вугорская партыя Мост і партыя СДХУ-ДП дамагліся сфармаваць парлямэнцкую большасьць з 79 месцамі з 150 магчымых. Пасьля таго, як Фіца ня здолеў сфармаваць новы ўрад[8], прэзыдэнт Іван Гашпаравіч 23 чэрвеня прапанаваў гэтую магчымасьць Івэце Радзічавай як лідарцы найбуйнейшай апазыцыйнай партыі. 8 ліпеня 2010 яна стала першай прэм’ер-міністаркай краіны, утварыўшы кааліцыйны ўрад з вышэйпералічанымі партыямі.

3 траўня 2012 року выйшла з СДХУ-ДП[9].

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. Členovia formujúcej sa vlády prijali koaličnú zmluvu (славацк.). SME (23 чэрвеня 2010). Праверана 24 сакавіка 2021 г.
  2. Životopis (славацк.). Iveta Radičová (2009). Праверана 23 сакавіка 2021 г. Архіўная копія ад 30 жніўня 2010 г.
  3. 1 2 3 4 5 6 Iveta Radičová (анг.) The Slovak Spectator Праверана 24 сакавіка 2021 г.
  4. Fránek, Tomáš (5 красавіка 2009) Slovensko má prezidenta, znovu zvítězil Gašparovič (чэс.) Aktualne.cz Праверана 24 сакавіка 2021 г.
  5. Havranová, Renata (23 красавіка 2009) Nová politická star Slovenska Radičová se po podvodu vzdala mandátu (чэс.). Hospodářské noviny. Праверана 24 сакавіка 2021 г.
  6. Tódová, Monika (23 красавіка 2009) Radičová sa rozlúčila, aby sa mohla vrátiť (славацк.) SME Праверана 24 сакавіка 2021 г.
  7. Prieskumy neodhadli prepad SMK a SNS (славацк.). SME (10 чэрвеня 2010). Праверана 24 сакавіка 2021 г.
  8. Fico se pokusí sestavit vládu, nejspíš ale skončí v opozici (чэс.) iRozhlas Праверана 24 сакавіка 2021 г.
  9. Expremiérka Radičová končí v politice, odešla ze své strany (чэс.) Denik.cz Праверана 24 сакавіка 2021 г.
  10. Славацкі ўрад вылучыў Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію Культура. Радыё „Свабода“ (8 лютага 2012). Праверана 24 сакавіка 2021 г.