Перайсьці да зьместу

Іван Салярцінскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Іван Салярцінскі
Імя пры нараджэньні Іван Іванавіч Салярцінскі
Род дзейнасьці выкладнік
Дата нараджэньня 3 сьнежня [ст. ст. 20 лістапада] 1902
Месца нараджэньня Віцебск, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 11 лютага 1944
Месца сьмерці Новасыбірск, Расейская СФСР, СССР
Прычына сьмерці інфаркт міякарда
Месца пахаваньня
Грамадзянства СССР
Месца вучобы
Занятак гісторык, музычны крытык, музыказнаўца, музычны пэдагог, тэатральны крытык, літаратурны крытык
Месца працы
Бацька Іван Іванавіч Салярцінскі (1850—1907)
Маці Кацярына Восіпаўна Бабашынская
Дзеці сын Зьміцер Іванавіч Салярцінскі

Іван Іванавіч Салярцінскі (1902; Віцебск, цяпер Беларусь — 1944; Новасыбірск, цяпер Расея) — гісторык музыкі, тэатру і літаратуры.

Зрабіў істотны ўклад у распрацоўку пытаньняў клясычнай музычнай спадчыны, сымфанізму, опэрнай і балетнай драматургіі. Паўплываў на творчасьць савецкага кампазытара Дзьмітрыя Шастаковіча. Аўтар артыкулаў пра клясычную музыку, харэаграфію і тэатральнае мастацтва Заходняй Эўропы, тагачасную музыку СССР і замежжа[1]. Валодаў 26 замежнымі мовамі[2].

Пры канцы 17-га стагодзьдзя заснавальнік роду атрымаў прозьвішча Салярцінскі, калі навучаўся ў праваслаўнай сэмінарыі. Прозьвішча паходзіць ад лац. sollertius — умелы. Родзіч Сяргей Аляксандравіч Салярцінскі (1846—1920) быў прафэсарам Санкт-Пецярбурскай духоўнай акадэміі. Бацька Іван Іванавіч Салярцінскі (1850—1907) служыў у чыне стацкага саветніка ў Петразаводзку (Аланецкая губэрня, Расейская імпэрыя). У сьнежні 1898 г. атрымаў прызначэньне на пасаду Віцебскага павятовага суда (Паўночна-Заходні край; цяпер Беларусь). У Віцебску ажаніўся з маладой шляхцянкай-беспасажніцай Кацярынай Восіпаўнай Бабашынскай. Пазьней стаў сэнатарам[2].

Нарадзіўся ў Віцебску (у доме па вуліцы Гогаля) ў сям'і старшыні павятовага суда. Быў першынцам сярод 3-х дзяцей. Улетку 1902 г., празь некалькі месяцаў пасьля народзінаў сына, бацьку накіравалі служыць у Харкаў (цяпер Украіна), дзе той памёр у 1907 годзе. Ад аўдавелай маці атрымаў хатняе навучаньне францускай мове. Пражыў у Віцебску да 18 гадоў. У 1920 годзе ў Віцебску пазнаёміўся з расейскім мысьляром Міхаілам Бахціным (1895—1975). Тамсама наведваў канцэрты сымфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Мікалая Малька (пазьней яго выкладнік)[2]. У 1921 г. паступіў у Петраградзкі ўнівэрсытэт (Расейская СФСР), дзе ў 1924 г. скончыў рамана-германскае аддзяленьне факультэту грамадзкіх навук. Тамсама вывучаў гішпанскую клясычную літаратуру. Адначасна да 1923 г. займаўся ў Інстытуце гісторыі мастацтваў, дзе ў 1929 г. скончыў асьпірантуру па тэатразнаўстве[3].

З 1923 г. выкладаў гісторыю музыкі, літаратуры, тэатру, псыхалёгію і эстэтыку ў ВНУ Ленінграда. У сярэдзіне 1920-х гадоў навучаўся сымфанічнай музыцы ў дырыгента Мікалая Малька. З 1929 г. працаваў у Леніградзкай філярмоніі, кіраўніком якой стаў з 1940 году. Паралельна ў 1934—1941 гг. працаваў у выдавецтве пры філярмоніі. З 1936 г. адначасна працаваў у Ленінградзкай кансэрваторыі, прафэсарам якой стаў у 1939 годзе. Чытаў лекцыі і выступаў з крытычнай публіцыстыкай пра мастацтва, эстэтыку і псыхалёгію[1]. Улетку 1941 г. пасьля пачатку Нямецка-савецкай вайны пераехаў зь Ленінградзкай філярмоніяй у Новасыбірск, дзе ладзіў канцэрты і лекцыі[3].

У 1944 г. кампазытар Дзьмітры Шастаковіч прысьвяціў памяці Салярцінскага 2-е фартэпіяннае трыё[2]. З 1988 году ў Віцебску (Беларуская ССР; цяпер Беларусь) штогод ладзяцца Міжнародны музычны фэстываль імя Івана Салярцінскага і навуковыя чытаньні[4]. 9 сьнежня 1992 г. Выканаўчы камітэт Віцебскай вобласьці (Беларусь) надаў Віцебскай музычнай вучэльні імя Івана Салярцінскага. У 2003 г. перад будынкам вучэльні ўсталявалі помнік Салярцінскаму[5].

Прыжыцьцёвыя кнігі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • «Болт» Шостаковича. — Л., 1931
  • Гектор Берлиоз. — М., 1932
  • Густав Малер. — Л., 1932
  • Симфонические поэмы Рихарда Штрауса. — Л., 1932
  • Жак Оффенбах. — Л., 1933
  • Арнольд Шёнберг. — Л., 1934
  • Леди Макбет Мценского уезда: опера Шостаковича. — Л., 1934
  • Четвёртая симфония Брамса. — Л., 1935
  • Вторая симфония Брамса. — Л., 1935
  • Джакомо Мейербер. — Л., 1936
  • Риголетто: опера Верди. — Л., 1936
  • Глюк. — Л., 1937
  • Кармен: опера Бизе. — Л., 1937
  • «Волшебная флейта» Моцарта. — Л., 1940
  • «Фиделио» Бетховена. — Л., 1940
  • Седьмая симфония Брукнера. — Л., 1940
  • Третья симфония Брамса. — Л., 1941
  1. ^ а б Браніслаў Смольскі. Салярцінскі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14. — С. 122. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5
  2. ^ а б в г Аляксандар Пукшанскі. Фэномэн Салярцінскага // Зьвязда : газэта. — 23 траўня 2012. — № 96 (27211). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б Салярцінскі Іван Іванавіч // Віцебская абласная бібліятэка, 2010 г. Праверана 28 верасьня 2017 г.
  4. ^ Кацярына Князева. Фэстываль імя Івана Салярцінскага падтрымлівае традыцыі клясычнай музыкі ў Віцебску // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 4 сьнежня 2015 г. Архіўная копія ад 4 сьнежня 2015 г. Праверана 28 верасьня 2017 г.
  5. ^ Аляксандар Пукшанскі. Ён сябраваў з Шастаковічам // Жырандоля. — 26 лістапада 2016. — № 43 (343). — С. 17.