Іван Ільля Мялешка
Герб Корчак | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1552[1][2] |
Памёр | 13 траўня 1622[3] |
Род | Мялешкі[d] |
Дзейнасьць | пісьменьнік |
Іван Ільля Мялешка (каля 1552 — 13 траўня 1622) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, публіцыст. Кашталян амсьціслаўскі (1605—1610), берасьцейскі (1610—1615) і смаленскі (з 1615).
Валодаў Бусяжам, Дзявяткавічамі і часткай маёнтку Жыровічаў у Слонімскім павеце. Трымаў Зьдзітаўскую дзяржаву.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зь літоўскага шляхецкага роду, сын Івана, маршалка слонімскага, і Настасьсі, дачкі Васіля Тышкевіча (пам. 1571), ваяводы смаленскага.
З 1591 году быў падкаморым мазырскім і падстаростам слонімскім. На сойме 1598 году атрымаў прызначэньне ў склад камісіі з разьмежаваньня Мазырскага павету з Кіеўскім ваяводзтвам (гэтыя паўнамоцтвы працягваліся на соймах 1609 і 1611 гадох). Абіраўся паслом на сойм 1605 году. У 1602—1605 гадох быў маршалкам слонімскім, у 1605—1610 гадох — кашталянам амсьціслаўскім, у 1610—1615 гадох — кашталянам берасьцейскім. У 1613 годзе ўваходзіў у склад сэнатарскай рады пры каралю і вялікім князю Жыгімонце Вазе. У 1615 годзе атрымаў урад кашталяна смаленскага.
У 1613 годзе фундаваў Жыровіцкі базыльянскі манастыр, у 1613 і 1618 гадох перадаў манастыру сваю частку Жыровічаў.
Аўтар скіраванага супраць замежнага (галоўным парадкам польскага) уплыву ў Вялікім Княстве Літоўскім сатырычнага твору Прамова Мялешкі[4], у якім зазначалася: «Але Жыґімонта Першага — салодкая памяць яго! Той немцаў, як сабак, не любіў, і ляхаў зь іх хітрасьцю вельмі не любіў, а літву і русь нашу [але нашу літву і русь нашу[5]] любіцельна мілаваў».
У шлюбе з Ганнай Фурсавай меў дачку, якая пазьней стала жонкай віленскага старосты Матэвуша Барымінскага (пам. 1610).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego : spisy. T. 9, Województwo mścisławskie XVI-XVIII wiek / пад рэд. А. Рахуба — Warszawa: 2019. — С. 73. — ISBN 978-83-65880-76-5
- ^ Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. VIII, Ziemia brzeska i województwo brzeskie XIV‒XVIII wiek / пад рэд. А. Рахуба — Warszawa: 2020. — С. 96. — ISBN 978-83-65880-89-5
- ^ Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. IV, Ziemia smolenśka i województwo smolenśkie XIV‒XVIII wiek / пад рэд. А. Рахуба — Warszawa: Wydawnictwo DiG, 2003. — С. 88. — 412 с. — ISBN 83-7181-279-5
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 333.
- ^ Сагановіч Г. Айчыну сваю баронячы. — Менск: Навука і тэхніка, 1992.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0