Як вада, як агонь
«Як вада, як агонь» | |
Like Water, Like Fire | |
Абодва выданьні ў Скарынаўскай бібліятэцы Лёндану (2021 год) | |
Жанр: | паэзія |
---|---|
Аўтар: | 41 беларускі паэт |
Мова арыгіналу: | ангельская |
Публікацыя: | 1971 год |
Асобнае выданьне: | 1971 год |
Выдавецтва: | «Джордж Ален і Анўін» |
Сэрыя: | UNESCO Collection of Representative Works |
Колькасьць старонак: | 347 |
Перакладчык: | Вера Рыч |
Носьбіт: | кніга |
Наступны твор: | «Анталёгія беларускіх раманаў» (фр., 1983) |
ISBN: | 0-04-891041-4 |
Электронная вэрсія |
«Як вада́, як аго́нь» (па-ангельску: Like Water, Like Fire) — першая і дагэтуль найбольш поўная анталёгія беларускай паэзіі ў перакладзе на ангельскую мову, якая зьмяшчае творы з 1828 году[1].
Выдадзеная ў 1971 годзе ў сэрыі «Калекцыя рэпрэзэнтатыўных твораў ЮНЭСКА» (па-ангельску: UNESCO Collection of Representative Works) у лёнданскім выдавецтве «Джордж Ален і Анўін» (па-ангельску: George Allen & Unwin). Перакладніца ўсіх твораў — брытанская журналістка і паэтка Вера Рыч. Кнігу сумесна фінансавалі ЮНЭСКА і Нацыянальная камісія БССР па справах ЮНЭСКА.[1][2]
Зьмест
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кніга налічвае 221 верш і паэтычны фрагмэнт 41-го аўтара[3] (37 мужчынаў, 4 жанчыны) на 347 старонках. Ейная назва паходзіць ад словаў з паэмы "На папасе" Янкі Купалы:[4]
Зварухнуўся Лявон,
Як вада, як агонь,
Пазнаў сілу ў сабе небывалую;
Ўжо бяда — не бяда,
Ўжо нуда — не нуда,
Запеў песні свае разудалыя.
Анталёгія ахоплівае пэрыяд ад 1828 году да паваенных клясыкаў савецкай Беларусі. Кніга пачынаецца творамі Паўлюка Багрыма, Францішка Багушэвіча і Янкі Лучыны, і заканчваецца Аркадзем Куляшовым і Максімам Танкам.
У кнізе сем разьдзелаў: «Раньні пэрыяд (1828—1905)», «Нашаніўскі пэрыяд (1906—1914)», «Гады ўладкаваньня (1917—1939)», «Міжчасьсе — Заходняя Беларусь (1921—1939)», «Узьяднаньне і вайна (1939—1945)», «Гады аднаўленьня (1945—1953)» і «Адліга і пасьля (1954-)».
Кожны разьдзел пачынаецца кароткім уступам да адпаведнага літаратурнага пэрыяду і заканчваецца падрабязнымі камэнтарамі перакладніцы да апублікаваных твораў.
Кніга адкрываецца разьдзелам падзякаў і 10-старонкавым уступам, у якім перакладніца тлумачыць гістарычны кантэкст твораў кнігі і беларускай літаратуры наогул. Таксама тлумачацца правілы беларускага вымаўленьня: усе імёны і назвы ў кнізе напісаныя беларускай лацінкай.
Няма ў анталёгіі ніводнага аўтара з шматлікай і вельмі плённай тады беларускай эміграцыі.
Прызнаньне й крытыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларуская эміграцыя і нешматлікія тады заходнія беларусазнаўцы віталі зьяўленьне анталёгіі і рэкамэндавалі яе чытачам, але і адзначалі шматлікія хібы. Аляксандар Надсан прыгадваў, што Вера Рыч да апошняга трымала ў тайне зьмест кнігі.[5] Янка Запруднік — пад псэўданімам А. Будзіч,[6] — пісаў, што савецкі бок настаяў на ўключэньне ў анталёгію значнай колькасьці аўтараў, якія "хоць і ня высокага таленту, але бездакорныя з гледзішча партыйнага".[4]
Арнольд Макмілін вітаў публікацыю анталёгіі як доўгачаканы шанец пазнаёміцца зь невядомай англамоўнаму чытачу літаратурай. Ён заўважыў, што кніга — прадукт амаль дваццаці гадоў працы Веры Рыч, таму якасьць перакладаў у ёй неаднолькавая. На ягоную думку, перакладніца добра перадала форму і рытм твораў. Найбольш пасьпяхова атрымаліся пераклады твораў канца XIX — пачатку XX стагодзьдзяў, нашаніўскага пэрыяду і міжваеннага часу, найперш — Максіма Багдановіча, а таксама Канстанцыі Буйло, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Уладзімера Дубоўкі і Максіма Танка. Больш позьнія творы, якіх якраз большасьць у кнізе, перакладзеныя менш удала.[7][8] Ён зьвярнуў увагу на неадэкватнае прадстаўленьне ў анталёгіі паэзіі ХІХ стагодзьдзя (сем вершаў трох аўтараў), напр. адсутнасьць твораў Чачота, Дунін-Марцінкевіча і паэмы «Тарас на Парнасе», а таксама факталягічныя недакладнасьці ў камэнтарах і непаслядоўнасьць трансьлітарацыі імёнаў і назваў.[8]
Антон Адамовіч, супрацоўнік Беларускага інстытуту навукі і мастацтва (БІНіМ) у Нью-Ёрку, адзначаў што паваенная савецкая беларуская паэзія прадстаўлена ў анталёгіі вельмі поўна — 165 творамі 29 аўтараў — і збольшага добра перакладзеная. У той жа час 1920-я гады, багатыя на цудоўных аўтараў і творы, прадстаўлены непрапарцыйна мала, гэтак жа сама як і ўся дасавецкая літаратура наогул. У кнізе знайшлося сьціплае месца некалькім рэпрэсаваным аўтарам: Язэпу Пушчу, Уладзімеру Дубоўку і Ларысе Геніюш (кожны прадстаўлены адным творам, тады як Пімен Панчанка — чатырнаццацю). Як і Макмілін, ён звяртаў увагу на факталягічныя памылкі (напр., Дунін-Марцінкевіч названы ў анталёгіі празаікам), памылкі трансьлітарацыі імёнаў і прыкрыя абдрукоўкі.[3]
Аляксандар Надсан заўважыў, што Вера Рыч была найбольш прадуктыўнай пад стрэсам і ў апошнюю хвіліну, што можа патлумачыць няроўнасьць якасьці перакладаў.[5] Ён быў аўтарам артыкулу ў часопісе «Божым шляхам», дзе працытаваў пераклад вершу «Цуд тварыўся» Ніла Гілевіча як прыклад удалага перастварэньня. Ён шкадаваў, што «перакладніца не скарыстала зь вялікай, магчыма непаўторнай, нагоды зрабіць анталёгію выдатным творам». Ён прадказваў, што іншы шанец для такога выдання здарыцца няхутка.[9]
Трыццаць гадоў пасьля зьяўленьня анталёгіі Лявон Юрэвіч, дасьледнік з ЗША, адзначыў, што праца «й сёньня зьяўляецца ўнікальным выданьнем; прычым унікальным і ў станоўчым пляне — сваёю якасьцю, гэтак і ў адмоўным — тым, што яна адзіная.»[10]
У 2012 г. Сьвятлана Скамарохава зрабіла падрабязны аналіз анталёгіі ў доктарскай дысэртацыі, прысьвечанай перакладам беларускай літаратуры на ангельскую мову.[11] Яна заўважыла, што «бацькі-заснавальнікі» новай беларускай літаратуры — Багдановіч, Купала й Колас, — былі найбольш шырока прадстаўленыя ў зборніку. Таксама аўтары ХХ стагодзьдзя, якія ўжо атрымалі прызнаньне на той час, былі добра прадстаўленыя. Гэта, на думку дасьледчыцы, «робіць кнігу фундамэнтальнай працай па літаратурным перакладзе на ангельскую мову»,[11] а «абсяг і дыяхранічны мэтад зрабілі яе непераўзыйдзенай дагэтуль». Дасьледніца адзначае, што для перакладу й тлумачэньня беларускіх твораў В. Рыч па-майстэрску скарысталася сваімі ведамі клясычнай ангельскай літаратуры і часта выкарыстоўвала параўнаньні з ангельскай, ірляндзкай і валійскай літаратурнымі традыцыямі. С. Скамарохава выказала сумненьне, аднак, што стыль перакладніцы будзе мець посьпех у сучасных чытачоў. На ейную думку, пераклады В. Рыч «верагодна, патрабуюць перагляду з-за ігнараваньня сучаснай літаратурнай эстэтыкі».[11]
Цікавыя факты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падзякі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Палутарастаронкавы разьдзел падзякаў на пачатку кнігі чытаецца як твор дасьціпнай камэдыі. Ён пачынаецца сьпісам трынаццаці бібліятэкаў і ўстановаў у Вялікабрытаніі (у тым ліку — беларускай бібліятэцы ў Лёндане), Даніі і Нарвэгіі, якія дапамаглі перакладніцы з матэрыяламі. Затым Вера Рыч дзякуе Каралеўскім батанічным садам у Лёндане за праверку фактаў пра флёру Беларусі, Каралеўскаму вайсковаму дэпартмэнту (па-ангельску: War Office), потым — Міністэрства абароны) — за тлумачэньні адносна кіраваньня танкамі, і Брытанскай чыгунцы — за дапамогу зразумець лягістыку чыгуначнага транспарту. Таксама пералічваюцца па імёнах некаторыя супрацоўнікі вышэйназваных установаў, напр. Олвін Ўэй (па-ангельску: Olwen Way) «за пэўныя валійскія паралелі, а таксама за парады адносна дагляду коняў» і Патрыша Ўолер (па-ангельску: Patricia Waller) — «за тэхнічныя веды й парады пра вэнджаньне сьвініны ў нашыя дні і ў мінулым».
Абзац падзякаў прысьвечаны брытанскім беларусам: біскупу Чэславу Сіповічу, а. Аляксандру Надсану («хто ў асноўным дапамог з бібліяграфічнай інфармацыяй»), Дамініку Аніську і а. Льву Гарошку — настаўнікам беларускай мовы Веры Рыч. Таксама Паўлу Навару і Паўлу Асіповічу і іх жонкам — за адказы на шматлікія пытаньні перакладніцы. Язэп Семяжон — адзіная асоба зь Беларусі, прыгаданая ў разьдзеле падзякаў — «за прапанаваны сьпіс твораў».
Напрыканцы разьдзелу падзякаў перакладніца заўважае, што праца над кнігай цягнулася 18 гадоў, была прычынай клопатаў для многіх людзей, і дзякавала мясцовым пажарным за ўратаваньне рукапісу ад «flood-cum-electrical-fire» (затапленьне і пажар з-за электразамыканьня) у ейным доме незадоўга да здачы рукапісу ў друк.
Супэрвокладка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кніга выйшла зь дзьвюма супэрвокладкамі. Першая была белая і з гербам Пагоня, вядомы ейны дызайнэр — Ст’юарт Ірвін (па-ангельску: Stewart Irwin).
Янка Запруднік сьцьвярджаў, што пасьля паступленьня ў продаж кнігі Нацыянальная камісія БССР па справах ЮНЭСКА запатрабавала, каб наклад быў зьнішчаны, аднак ЮНЭСКА не пагадзілася, бо гэта парушыла б кантракт зь лёнданскім выдавецтвам. Асаблівае пярэчаньне беларускага боку выклікала вокладка з Пагоняй. У выніку, ЮНЭСКА пагадзілася за ўласны кошт замяніць супэрвокладку на іншую — з дубовым лістом. Іншыя патрабаваньні беларускай камісіі: выдаліць пазнаку пра сумесны характар выданьня, дадаць нататку пра выключную адказнасьць Веры Рыч за зьмест уступу й камэнтароў, і зьняць паведамленьне пра абарону аўтарскіх правоў, — засталіся не задаволеныя.[4]
У выніку, рэшта накладу распаўсюджвалася зь ярка-сіняй абгорткай безь якіх-кольвек ілюстрацыяў. Кошт кнігі падняўся з £4.50 да £4.95. Абодва выданьні мелі той самы міжнародны стандартны нумар (ISBN), што парушае бібліяграфічныя правілы і робіць справу пошуку арыгінальных супэрвокладак больш складанай.[5][12]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Like water, like fire: an anthology of Byelorussian poetry from 1828 to the present day / Rich, V. (trans.). — London: George Allen & Unwin, 1971. — 347 с. — (UNESCO Collection of Representative Works). — ISBN 0-04-891041-4
- ^ Віталь Зайка. Сьв. пам. Вера РЫЧ (24.04.1936 – 20.12.2009) // Беларус, 2010 г. Праверана 2021-04-23 г.
- ^ а б Adamovich, A. Reviewed Work: Like Water, Like Fire: An Anthology of Byelorussian Poetry from 1828 to the Present Day. by Vera Rich. (анг.) // Slavic Review. — 1973. — № 32(4). — С. 863-864. — DOI:10.2307/2495553
- ^ а б в Будзіч, А. Савецкая канфіскацыя анталёгіі ЮНЭСКА // Беларус. — 1972. — № 179.
- ^ а б в Ігар Іваноў (2017-03-02) Like Water, Like Fire: першая анталогія беларускай паэзіі на англійскай мове (бел.). Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане.
- ^ Баршчэўская, Ніна Роля дыяспары ў захаваньні й разьвіцьці беларускае мовы. Камунікат.
- ^ McM [McMillin], A.B. Review Notices : Like Water, Like Fire. An Anthology of Byelorussian Poetry from 1828 to the Present Day (анг.) // Journal of European Studies. — 1971. — № 1(1). — С. 398-399. — DOI:10.1177/0047244171001001130
- ^ а б McMillin, A. Reviewed Work: Like Water: Like Fire. An Anthology of Byelorussian Poetry from 1828 to the Present Day by Vera Rich (анг.) // The Slavonic and East European Review. — 1972. — № 50(118). — P. 118-120. — ISSN 0037-6795.
- ^ Надсон, А. Рэцэнзія (бел.) // Божым шляхам. — 1971. — № 4. — С. 7-8.
- ^ Юрэвіч, Лявон Пераклады эміграцыі: ідэалёгія культуры // Пераклад збліжае народы: Матэрыялы Міжнар. "круглага стала", Мінск, 3-4 верасня 2001 г.. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2002. — Т. 24. — P. 122. — (Беларусіка = Albaruthenica). — ISBN 985-6638-71-2
- ^ а б в Svetlana Skomorokhova (2012) "Arising from the depths" (Kupala) : a study of Belarusian literature in English translation. Ph.D. University of Warwick 2012. (анг.)
- ^ Ihar Ivanou (2017-03-10) The first anthology of Belarusian Poetry in English: sponsors and censors (анг.) European Studies Blog. British Library.