Чартарыйскія
Чартарыйскія лац. Čartaryjskija | |
Герб Пагоня Літоўская
| |
Краіна паходжаньня: | Вялікае Княства Літоўскае |
Прызнаныя ў: | Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расейская імпэрыя |
Першы з роду: | Васіль Чартарыйскі |
Чартарыйскія, Чартарыскія — княскі род гербу Пагоня. Асаблівае значэньне ў палітычным жыцьці Рэчы Паспалітай мелі ў XVIII стагодзьдзі, калі ўзначальвалі моцную групоўку магнатаў — «фамілію», якая ў другой чвэрці — другой палове XVIII ст. спрабавала правесьці рэформы дзяржаўнага і эканамічнага ладу Рэчы Паспалітай, арыентавалася на Расею, а па першым падзеле Рэчы Паспалітай узначаліла магнацкую апазыцыю.
Прозьвішча атрымалі ў XV стагодзьдзі ад свайго маёнтку Чартарыйску на рацэ Стыры на Валыні (Луцкі павет Валынскага ваяводзтва). Сьпярша вызнавалі праваслаўе, у канцы XVI стагодзьдзя перайшлі ў каталіцтва[1]. Галоўная рэзыдэнцыя — у месьце Пулавах (Люблінскае ваяводзтва).
Паходжаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле генэалягічнай традыцыі выводзілі свае карані ад князя Канстантына Альгердавіча (?—1390), пры тым спасылаліся на пацьверджаньне каралём польскім Уладыславам III іхнага сваяцтва зь вялікім князем літоўскім Альгердам граматай ад 14 чэрвеня 1442 году. Аднак гісторыкі XIX стагодзьдзя выказвалі сумненьні ў імавернасьці гэтай граматы і схіляліся да вэрсіі пра паходжаньне Чартарыйскіх зь зямель сучаснай Беларусі[1].
Пачынальнік роду Чартарыйскіх — уладальнік маёнтку Чартарыйску князь Васіль (? — па 1417), сынамі якога былі Іван (? — каля 1460), Аляксандар (? — пасьля 1477) і Міхал (? — да 1489).
Нашчадкі Аляксандра (лагойская галіна роду) у мужчынскім родзе згасла ў XVI стагодзьдзі. Ад унукаў Міхала (валынская галіна) паходзяць 2 асноўныя лініі роду: ад Аляксандра Фёдаравіча (?—1571)— чартарыйская лінія (згасла ў 1606 годзе), ад Івана Фёдаравіча (?—1567) — клеванская лінія. Ад унука Івана Фёдаравіча — Мікалая Юрыя (?—1662) пайшлі 2 новыя галіны роду: старэйшая, клеванская (яе прадстаўнікі ў наш час жывуць у Польшчы і краінах Заходняй Эўропы), і малодшая, карэцкая (згасла ў 1810 годзе).
Княскі тытул Чартарыйскім зацьвердзіў Люблінскі сойм (1569 год).
На Беларусі ў розны час валодалі Лагойскам, Глускам, Карэлічамі, Шкловам ды іншымі.
Найбольш вядомыя з роду
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Казімер Чартарыйскі (1674—1741) — падканцлер вялікі літоўскі, кашталян віленскі
- Міхал Фрыдэрык Чартарыйскі (1696—1775) — канцлер вялікі літоўскі, кашталян віленскі
- Адам Казімер Чартарыйскі (1734—1823) — дзяржаўны дзяяч і літаратар
- князь Адам Чартарыйскі (1770—1861) — апякун Віленскага ўнівэрсытэту (1803—1823), таварыш міністар замежных справаў (1802—1804), міністар замежных справаў (1802—1807)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Аляксандра Агінская (з Чартарыйскіх)
-
Аляксандра Тышкевіч (з Чартарыйскіх)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Грыцкевіч А. Чартарыйскія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 739.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0