Адам Чартарыйскі
Адам Юры Чартарыйскі | ||||
польск. Adam Jerzy Czartoryski | ||||
1850-я гг., Францыя (Фэлікс Надар) | ||||
1-ы старшыня Народнага ўраду Польскага царства | ||||
---|---|---|---|---|
3 сьнежня 1830 — 17 жніўня 1831 | ||||
Наступнік: | Ян Крукавецкі | |||
1-ы куратар Віленскай навучальнай акругі | ||||
24 студзеня 1803 — пачатак 1823 | ||||
Прэм’ер-міністар: | Мікалай Румянцаў, Мікалай Салтыкоў, Сяргей Вязьміцінаў, Пётар Лапухін | |||
Наступнік: | Мікалай Навасільцаў | |||
Сябар Сэнату Польскага царства | ||||
1 сьнежня 1815 — 1830 | ||||
Прэм’ер-міністар: | Юзэф Заёнчык, Валянцін Сабалеўскі | |||
2-і міністар замежных справаў Расейскай імпэрыі | ||||
16 студзеня 1804 — 17 чэрвеня 1806 | ||||
Папярэднік: | Аляксандар Варанцоў | |||
Наступнік: | Андрэй Будбэрг | |||
Асабістыя зьвесткі | ||||
Нарадзіўся: |
14 студзеня 1770 Варшава, Польскае каралеўства, Рэч Паспалітая | |||
Памёр: |
15 ліпеня 1861 Монфэрмэй, дэпартамэнт Сэна-і-Ўаза, Француская імпэрыя | |||
Сужэнец: | жонка Ганна Соф'я Сапега | |||
Дзеці: | сыны Вітольд і Ўладзіслаў, дачка Ізабэла | |||
Бацька: | Адам Казімер Чартарыскі | |||
Маці: | Ізабэла Чартарыская | |||
Род: | Чартарыйскія | |||
Адукацыя: | Эдынбурскі ўнівэрсытэт (1789—1791) | |||
Узнагароды: |
| |||
Адам Юры (Адамавіч) Чартарыйскі (1770; Варшава, цяпер Польшча — 1861; Монфэрмэй, цяпер дэпартамэнт Сэна-Сэн-Дэні, рэгіён Іль-дэ-Франс, Францыя) — дзяржаўны дзяяч Расейскай імпэрыі і Польскага царства. 2-і міністар замежных справаў Расейскай імпэрыі (1804—1806). Цягам 20 гадоў быў 1-ым куратарам Віленскай навучальнай акругі (1803—1823), якая ахоплівала землі Беларусі ў складзе Расейскай імпэрыі. 1-ы старшыня Народнага ўраду Польскага царства падчас паўстаньня 1830—1831 гадоў[1].
Раньнія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У дзяцінстве атрымаў хатняе навучаньне пераважна ў мовазнаўца Готфрыда-Эрнста Гродэка (1762—1825), таксама ў паэтаў Францішка Карпінскага і Францішка Князьніна. У 1786 годзе 16-гадовым юнаком накіраваўся ў 2-гадовае падарожжа па Нямеччыне, дзе ў Гоце (княства Саксонія-Кобург і Гота; цяпер зямля Турынгія) пазнаёміўся зь пісьменьнікам Ёганам Гётэ (1749—1832), паэтам Крыстафам Віляндам (1733—1813) і філёзафам Ёганам Гэрдэрам (1744—1803). З 1787 году адначасна атрымліваў рэпэтытарства ад прафэсара гісторыі Сцыпіёна Пьятолі (1749—1809). У 1788 годзе ў Парыжы яго прадставілі францускай каралеве Марыі Антуанэце (1774—1791), якая была жонкай караля Людовіка XVI.
У 2-й палове 1788 г. прыехаў у Камянец-Падольскі (Малапольская правінцыя, Польскае каралеўства, Рэч Паспалітая; цяпер Хмяльніцкая вобласьць, Украіна), дзе ў 18 гадоў заняў пасаду маршалка ваяводзкага сойміка (Падольскае ваяводзтва). На пачатку 1789 г. зьехаў у Ангельшчыну, адкуль адразу накіраваўся на навучаньне ў Эдынбурскі ўнівэрсытэт у Шатляндыі. На пачатку 1791 г. прыехаў у Варшаву (Мазавецкае ваяводзтва, Велікапольская правінцыя, Польскае каралеўства, РП), дзе ўступіў у Згуртаваньне прыхільнікаў урадавай канстытуцыі. Пасьля абвяшчэньня 18 траўня 1792 году вайны Рэчы Паспалітай з боку Расейскай імпэрыі ўступіў у войска Вялікага Княства Літоўскага ў якасьці добраахвотніка. Затым у званьні падпалкоўніка загадваў эскадронам 4-га кароннага палка авангарда (Чыгірын, Кіеўскае ваяводзтва, Малапольская правінцыя, РП; цяпер Чаркаская вобласьць, Украіна) і быў ротмістрам харугвы 7-й брыгады народнай кавалерыі (Зьвянігародка, Брацлаўскае ваяводзтва, Малапольская правінцыя, РП; цяпер Чаркаская вобл., Украіна).
За ўдзел у бітве пад Граньнем (Дарагічынская зямля, Падляскае ваяводзтва, Малапольск.правінцыя; цяпер гміна Пярлеева, Сямяціцкі павет) 24 ліпеня 1792 году атрымаў крыж ордэна Virtuti Militari. Разам з 200 афіцэрамі войска ВКЛ абвінаваціў урад Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў дзяржаўнай здрадзе, калі той перайшоў на бок Таргавіцкай канфэдэрацыі ў якасьці капітуляцыі расейскаму войску. У выніку 16 жніўня 1792 году пакінуў вайсковую службу і зьехаў у Вену (Эрцгерцагства Аўстрыя, Габсбурская манархія), адтуль у Лёндан (Ангельшчына)[1].
Расейская служба
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1-й палове 1794 году на загад ураду Габсбурскай імпэрыі яго арыштавалі пры спробе выехаць з Брусэля (Аўстрыйскія Нідэрлянды; цяпер Бэльгія) ў Рэч Паспалітую для ўдзелу ў паўстаньні Касьцюшкі, бо Габсбургі ўдзельнічалі ў 3-м падзеле Рэчы Паспалітай. Тым часам расейскае войска спаліла палац Чартарыйскіх у Пулавах (Люблінскае ваяводзтва, Велікапольская правінцыя) і разрабавала ваколічныя вёскі за падтрымку яго бацькам паўстанцаў. Тады на параду літоўскага генэрал-губэрнатара Мікалая Рэпніна (1794—1797) яго бацька выслаў яго і ягонага малодшага брата Канстанціна (1774—1860) ў якасьці закладнікаў у Санкт-Пецярбург (Расейская імпэрыя), каб захаваць маёнткі. У выніку з 1796 году стаўся камэр-юнкерам і ад’ютантам вялікага князя Аляксандра Паўлавіча[1].
У сьнежні 1798 г. расейскі імпэратар Павал I (1796—1801) прызначыў яго пасланьнікам у Кальяры (Сардынскае каралеўства; цяпер рэгіён Сардынія, Італія). Увесну 1801 г. новы імпэратар Аляксандар І (1801—1825) адклікаў яго ў Пецярбург. 24 чэрвеня 1801 г. увайшоў у Тайны камітэт у якасьці дарадцы імпэратара Аляксандра І. На яго параду 8 верасьня 1802 г. расейскі імпэратар падпісаў Маніфэст «Аб заснаваньні міністэрстваў», якім утварыў Камітэт міністраў і 8 міністэрстваў. У выніку адначасна заняў пасаду таварыша міністра замежных справаў Расейскай імпэрыі Аляксандра Варанцова (1801—1804). Таксама стаўся сябрам школьнай рады Міністэрства асьветы і Камітэту ўладкаваньня жыдоў. 24 студзеня 1803 г. атрымаў ад Аляксандра І пасаду куратара Віленскай навучальнай акругі (1803—1823), што ахоплівала 8 губэрняў: Валынскую, Віленскую, Віцебскую, Гарадзенскую, Кіеўскую, Магілёўскую, Менскую і Падольскую. На гэтай пасадзе стварыў сетку ўрадавых польскамоўных школ у паветах.
Са студзеня 1804 г. па чэрвень 1806 г. — міністар замежных справаў Расейскай імпэрыі. Па яго настаяньні 7 чэрвеня 1804 г. паўнамоцны міністар Амбасады Францускай Рэспублікі Габрыэль Эдувіль (1801—1804) пакінуў Пецярбург. Нагодай паслужыў расстрэл 21 сакавіка 1804 г. у Вэнсэнскім замку (дэпатрамэнт Сэна; цяпер дэпартамэнт Даліна Марны, рэгіён Іль-дэ-Франс) анг’енскага князя Люі-Антуана Бурбона за падрыхтоўку зрынаньня ўрада першага консула Напалеона Банапарта (1799—1804). 11 жніўня 1804 г. надыктаваў Аляксандру І ліст пра заклік да ўтварэньня 3-й кааліцыі супраць Францыі, які імпэратар даслаў расейскаму паўнамоцнаму міністру ў Лёндан. 6 лістапада 1804 году склаў з аўстрыйскім міністрам замежных справаў Людвігам Кобэнцлем (1800—1805) пагадненьне, паводле якога Аўстрыйская імпэрыя выстаўляла 235 000 жаўнераў супраць Францыі, а Расейская імпэрыя — 115 000. У красавіку 1805 г. падпісаў пагадненьне аб вайсковым зьвязе з урадам брытанскага караля Георга ІІІ (1760—1820).
Падчас расейска-францускай вайны 1812 году пражываў у Карлсбадзе (Чэскае каралеўства, Аўстрыйская імпэрыя; цяпер Карлавы Вары, Чэхія), пазьней — у Вене. Улетку 1814 г. сустрэўся з расейскім імпэратарам Аляксандрам І ў Шамоне (дэпартамэнт Верхняя Марна, цяпер рэгіён Вялікі Ўсход, Францыя). Зь ліпеня 1814 г. узначаліў Грамадзянскі камітэт рэформы, які распрацоўваў канстытуцыю будучага Польскага царства. Падчас Венскага кангрэсу зь верасьня 1814 году па чэрвень 1815 году раіў Аляксандру І ў справе земляў Варшаўскага княства. 23 лістапада 1814 г. уступіў у вольнамулярскую ложу «Сьвятыня Ізіс» на ўсходзе Варшавы. 15 чэрвеня 1815 г. стаў намесьнікам старшыні Часовага ўраду Польскага царства. 1 сьнежня 1815 г. заняў пасаду сэнатара-ваяводы Сэната Польскага царства і сябра Адміністратыўнай рады[1].
25 верасьня 1817 г. ажаніўся з Ганнай Соф’яй Сапегай, адзінай дачкой князя Аляксандра Антонія Сапегі. У 1819 г. паспрыяў дырэктару Варшаўскай публічнай бібліятэкі сп.Ліндэ ў атрыманьні дазволу зьбіраць кнігі ў Беларусі ад расейскага імпэратара Аляксандра І (1801—1825). У выніку за некалькі гадоў у Варшаўскую публічную бібліятэку, дзе было менш за 9000 кніг, вывезьлі зь Беларусі звыш 50 000 кніг[2]. На пачатку 1823 г. сышоў у адстаўку з пасады куратара Віленскай навучальнай акругі і пасяліўся ў Пулаўскім палацы (Польскае царства) па сьмерці бацькі 19 сакавіка 1823 году. У 1828 г. займаў пасаду сябра Соймавага суда Польскага царства датычна абвінавачаных у дзяржаўнай здрадзе.
Паўстаньне 1830-1831 гг. і эміграцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]29 лістапада 1830 г. увайшоў у склад Адміністратыўнай рады Польскага царства ад пачатку Лістападаўскага паўстаньня. 3 сьнежня 1830 г. стаў старшынём Часовага ўраду Польскага царства пасьля роспуску Адміністратыўнай рады. Ад 21 сьнежня 1830 г. па 17 жніўня 1831 году быў старшынём Народнага ўраду Польскага царства, які замяніў Часовы ўрад. Ахвяраваў на паўстаньне палову сваёй маёмасьці. За ўдзел у паўстаньні яго пазбавілі княскага тытулу і дваранства ў Расейскай імпэрыі[1].
25 лютага 1832 г. сузаснаваў у Лёндане (Брытанія) Літаратурнае аб'яднаньне сяброў Польшчы, што адчыніла аддзяленьні ў Глазга (Шатляндыя), Бірмінггэме (Ангельшчына) і Кінгстане-на-Гале (графства Ёрк, Ангельшчына). 29 красавіка 1832 г. заснаваў Польскае літаратурнае таварыства ў Парыжы (з 1854 г. Польскае гістарычна-літаратурнае таварыства ў Парыжы). У 1833 г. стала пасяліўся ў Парыжы, дзе ў 1843 г. набыў гасьцініцу «Лямбэр» (4-я акруга). У лістападзе 1838 г. заснаваў Польскую бібліятэку ў Парыжы (4-я акруга, Арлеанская набярэжная, д. 6).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д Аляксандар Ерашэвіч. Чартарыйскі Адам Юры // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 17. — С. 246-247. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0279-2
- ^ Зянон Пазьняк. ВКЛ — гэта цывілізацыя // Belarus World, 31 студзеня 2016 г. Праверана 28 лютага 2016 г.
- Нарадзіліся 14 студзеня
- Нарадзіліся ў 1770 годзе
- Памерлі 15 ліпеня
- Памерлі ў 1861 годзе
- Узнагароджаныя ордэнам Віртуці Мілітары
- Узнагароджаныя ордэнам Белага арла
- Чартарыйскія
- Нарадзіліся ў Варшаве
- Удзельнікі вайны Расеі з Рэччу Паспалітай 1792 году
- Вайскоўцы Расейскай Імпэрыі
- Палітыкі Расейскай імпэрыі
- Міністры замежных справаў
- Намесьнікі прэм’ер-міністраў Польшчы
- Сэнатары Польшчы
- Удзельнікі паўстаньня 1830—1831 гадоў
- Прэм’ер-міністры Польшчы
- Польскія літаратары
- Польскія перакладчыкі
- Перакладчыкі на польскую мову
- Перакладчыкі з францускай мовы
- Памерлі ў Францыі