Перайсьці да зьместу

Тоўсты Лес (Кіеўская вобласьць)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тоўсты Лес
лац. Toŭsty Les
Дата заснаваньня: перад 1427 годам
Краіна: Украіна
Вобласьць: Кіеўская
Раён: Іванкаўскі
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Геаграфічныя каардынаты: 51°23′5″ пн. ш. 29°47′6″ у. д. / 51.38472° пн. ш. 29.785° у. д. / 51.38472; 29.785Каардынаты: 51°23′5″ пн. ш. 29°47′6″ у. д. / 51.38472° пн. ш. 29.785° у. д. / 51.38472; 29.785
Тоўсты Лес на мапе Ўкраіны
Тоўсты Лес
Тоўсты Лес
Тоўсты Лес
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Тоўсты Лес (па-ўкраінску: Товстий Ліс) — ьылое сяло ў Іванкаўскім раёне Кіеўскай вобласьці Ўкраіны. Да 1986 году знаходзілася ў Чарнобыльскім раёне Кіеўскай вобласьці (за 32 км ад колішняга цэнтру м. Чарнобыль).

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найранейшая пісьмовая згадка пра Тоўсты Лес датаваная 25-м сакавіка 1427 году. Маецца на ўвазе запіс слугі вялікага князя літоўскага Вітаўта, нейкага князя Даўгольда кіеўскаму манастыру Сьв. Міколы Пустынскага[1]:

Се я князь Долголд.,..датовичъ. Милостью Божьею, што есми выслужилъ у Бога и у великого князя Витовта государя своего, даю отъ своее выслуги верное, по своей души, и съ своею княгинею, святому Николе Пустыньскому Ионину монастырю тую землю на имя Толстолесьского Конона. А идетъ съ него колода меду, и съ всеми пошлинами зъ бобры, и съ куницами, и съ полюдьемъ. А хто ся иметъ уступать у мое приданье, што я далъ святому Николе, любо моихъ детий, любо хто иметъ держать по моемъ животе, судится со мною предъ Богомъ. Писанъ и данъ при державе государя великого князя Витовта. Въ лето 6935, месяца марта 25 день, индикта 5
Міхайлаўскі Залатаверхі манастыр. Сучасны выгляд.

Надалей паселішча згаданае ў памятным запісе 1526 году ігумена Сьвята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве Макарыя[2]:

Самъ господарь король Жикгимонтъ далъ у Толстомъ лесе селище Селивоновское, и съ землею бортною и съ пашною, и со всими входы, щто съ старины прислухало къ тому селищу; а дани съ той земли идетъ: две кади меду и ведро меду

4 ліпеня 1526 году манарх выдаў ліст у абарону добраў манастырскіх ад крыўдаў, якія ўчыняў пан Крыштаф Кміціч[3]:

Жикгимонт Божю млстю корол полский, великий кнз литовский, руский, пруский, жомоитский и иных.

Воеводе киевскому, державци свислоцкому, пану Андрею Немировичу. Присылал к нам игумен манастыря стого Михайла Золотоверхого с Киева, жалуючи на дворянина ншего Криштофа Кмитича о том, чтож, дей, он кривду великую той цркви Боже и ему, игумену, делает и в землю, дей, црковную в лесе Толстом вступаеца. Протож естли то будет земля црковная и твоя бы млст Крыштофу Кмитичу приказал, ажбы он в тую землю црковную ничим ся не уступал и дал ему в том впокой и от таковых кривд, абы еси тую црков Божю боронил и не дал ему тому в том кривд делати, ажбы нам он о том болши того не жаловал.

Псан уво Кгданску под лет Бож[ого] нарож[еня] 1526, мсца июл[я] 4 ден индик[та] 14. Копоть, писар

У апісаньні Чарнобыльскага замку 1552 года сярод патужнікаў з паселішчаў Беласароцкай нядзелі[a] названыя і Тоўстыя (яны — патужнікі) Лес[4]. Паводле люстрацыі Оўруцкага замку 1552 году, сяло Тоўсты Лес было выслугай пана Крыштафа Кміціча, з «полтрети службы людей», альбо, кажучы сучаснаю моваю, зь дзьвюх з паловай службаў[b] якога выбіраліся капа (60) грошаў і пяць кадзей мядовай даніны[5].

1 лютага 1561 году брат Крыштафа пан Сямён Кміта за «ведомостью и листом дозволеным воеводи киевского, маршалка земли Волынское, старосты володимерского, кнзя Костентина Костентиновича Острозского» саступіў сваю зямлю Залактаеўскую ў Тоўстым Лесе пад Чарнобылем за зямлю ў Галубевічах пад Оўручам Міхайлаўскаму (Залатаверхаму) манастыру. Тады ж панскія паднявольныя Якаў Рудкевіч і Логвін замененыя былі на манастырскіх Хаму і Ільлю з усімі іхнымі павіннасьцямі[6].

Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (і Тоўсты Лес з прылегласьцямі) было далучана да Кароны Польскай[7].

Карона Каралеўства Польскага

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У падатковым рэестры Кіеўскага ваяводзтва ад 2 студзеня 1571 году сярод людзей манастыра Сьв. Міхаіла Залатаверхага, «którzy mają ziemie bortne», названае сяло Tołstolesie, з 6 дымоў якога выбіралася па 12 грошаў.

Герб Харугва роду Кмітаў
Герб Ліс роду Сапегаў

З падатковага рэестру Кіеўскай зямлі (ваяводзтва), складзеным 21 чэрвеня 1581 году каралеўскім слугой і паборцам панам Мацеем Язерскім, вынікае, што Тоўсты Лес ужо належаў да Чарнобыльскага маёнтку смаленскага ваяводы пана Філона Сямёнавіча Кміты. Зь яго 5 дымоў асадных сялянаў выплачвалася па 15 грошаў, з 8 агароднікаў, у залежнасьці ад акалічнасьцяў (тут ня ўказана), — 4-6 гр.[8]. 6 красавіка 1595 году кароль Жыгімонт Ваза, зважаючы на тое, што сын Філона Кміты Лазар спачыў не пакінушы нашчадкаў, перадаў «prawem lennym wieś zwaną Tołstiles i grunt, czyli służbę, w Czarnobylu zwany Parysz, leżące częściowo w powiecie kijowskim, a częściowo w powiecie mozyrskim[c]» пану Лукашу Сапегу, двараніну каралеўскаму[9].

20 ліпеня 1604 году пан Ян Юндзіл падаў скаргу на сужэнцаў Лукаша і Зофію з Кмітаў, дзедзічку добраў Чарнобыля, Сапегаў што да падданых ягоных зь Вербкавчаў Мазырскага павету да Тоўскага Лесу ў Кіеўскім ваяводзтве з жонкамі і ўсялякімі пажыткамі зьбеглых. 28 ліпеня таго году паміж названымі Сапегамі ды панствам Мікалаем і Геленай з Сурынаў Стэцкімі дасягнутая дамоўленасьць аб разьмежаваньні добраў; у тэксьце дакумэнту названы і Тоўсты Лес. 19 жніўня 1613 году Лукаш і Зофія Кміцянка Сапегі судзіліся з панам Стэфанам Лозкам за падданых, зьбеглых да ягонага Ражава з Тоўстага Лесу, Мухаедавічаў і Смалігавічаў. 5 жніўня 1624 году складзены дэкрэт аб зьбеглых з Тоўстага Лесу да добраў Ваўчкоў Альберта і Людвікі Алізараў Ваўчкевічаў сялянаў тых жа сужэнцаў Сапегаў. А 20 жніўня т. г. пані Барбара зь Ярмолінскіх Трыпольская заявіла ў судзе пра наезд падданых з Тоўстага Лесу пана Лукаша Сапегі на яе вёску Łohowityn[10].

Казімер Уладзіслаў Сапега (1709)

Згодна зь люстрацыяй падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1683 году, з 25 дымоў вёскі Тоўсты Лес пана Казімера Ўладзіслава Сапегі, кашталяна троцкага, выплачвалася 5 злотых. 26 кастрычніка 1686 году чарнобыльскі мешчанін Яско Ковчан пад прысягай паведаміў у Оўруцкім гродзкім судзе, што з-за казакоў з Тоўстага Лесу Чарнобыльскага маёнтку пана Сапегі адыйшлі 14 дымоў (×6 — прыкладна 84 жыхары)[11]

Ян Фрыдэрык Сапега (1746).

Згаданая вёска Тоўсты Лес Чарнобыльскага маёнтку кашталяна троцкага пана Яна Фрыдэрыка Сапегі ў тарыфе падымнага падатку Оўруцкага павету на 1734 год[12].

Паводле тарыфу 1754 года, з 25 двароў[d] (×6 — каля 150 жыхароў) вёскі Тоўсты Лес, як і раней, прыналежнай да чарнобыльскіх добраў, «do grodu» (Оўруцкага замку) выбіраліся 3 злотыя і 26 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 15 злотых, 16 грошаў[13].

Габрэйскія перапісы 1765, 1778, 1784 гадоў засьведчылі пражываньне ў Тоўстым Лесе адпаведна 5, 5 і 3 плацельшчыкаў пагалоўшчыны (głow), што належалі да Чарнобыльскага кагалу[14].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Тоўсты Лес апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. З 1797 году сяло — у межах Радамышльскага павету Кіеўскай губэрні.

Тоўсты Лес і Шэпелічы на мапе Ф. Шубэрта 1826—1840 гг.

У парэформавы пэрыяд сяло Тоўсты Лес адміністрацыйна належала да Шэпеліцкай воласьці. На 1885 год тут налічвалася 75 двароў з 603 жыхарамі, дзейнічалі царква, пастаялы двор, вінакурня[15].

У 1900 годзе ў 182 дварах Тоўстага Лесу было 637 душ мужчынскага і 632 жаночага полу жыхароў, усяго — 1269 чалавек. Зямлі ў сяле налічвалася 3680 дзесяцін, зь якіх 1674 дз. належала абшарнікам Варвары Фёдараўне Палюцінай і Каралю, сыну Мікалая, Квяткоўскаму ды здавалася ў арэнду розным асобам, царкве — 51 дз., сялянам — 1940 дз., іншым саслоўям — 15 дз. Гаспадарка вялася паводле трохпольнай сістэмы. Дзейнічалі царква, аднакласная народная міністэрская школа, фельчарскі пункт, кузьня. Пажарны абоз складалі 4 бочкі і 3 багры. Запасны прадуктовы капітал на 1 студзеня 1900 г. дасягнуў 1465 рублёў[16].

У траўні 1986 году жыхары Тоўстага Лесу былі адселеныя да Макараўскага раёну Кіеўскай вобласьці ў сувязі з значным радыяактыўным забруджваньнем пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У 1999 годзе сяло было выключанае зь ліку адміністрацыйных адзінак праз адсутнасьць жыхароў.

  1. ^ Нядзелі »альбо« чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Чарнобыльская воласьць (званая калі-нікалі паветам), як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці.
  2. ^ 1 службу складалі 2 двары і болей. Тут ужытая нязвыклая, як на сёньняшні дзень, але традыцыйная для канцылярыі Оўруцкага гроду і ў XVIII ст., фармулёўка што да колькасьці службаў ці, пазьней, сумы падымнага падатку.
  3. ^ Ні адно з гэтых паселішчаў ня месьцілася ў Мазырскім павеце. Магчыма, памылку выклікала тое, што ў наступным дакумэнце, таксама ад 6 красавіка 1595 г., вялося пра сапраўды мазырскія добры пана Філона Кміты Антонавічы, Смалігавічы, Завайць, падараваныя канцлеру Льву Сапегу.
  4. ^ Усяго налічвалася «szesnastka (дыму) i chałup pięć», а 1 дым у той час — 320 двароў.
  1. ^ Закревский Н. В. Описание Киева/ Соч. Николая Закревского. — Москва, 1868. Т. 2. С. 745—746
  2. ^ Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 2. (1506—1544). — С.-Петербург, 1848. №. 140
  3. ^ Документальна спадщина Свято-Михайлівського Золотоверхого монастиря у Києві ХVІ-ХVІІІ ст. з фондів Національної бібліотеки України імені В. І. Вернадського. Зб. док. [Текст] / Автори-укладачі: Ю. А. Мицик, С. В. Сохань, Т. В. Міцан, І. Л. Синяк, Я. В. Затилюк; Нац. акад. наук України, Нац. б-ка України ім. В. І. Вернадського, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського (далей: Документальна спадщина.). — Київ, 2011. № 3
  4. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. І. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 588
  5. ^ Архив ЮЗР. Ч. 4. Т. І. Акты о происхождении шляхетских родов в Юго-Западной России. — Киев, 1867. С. 35, 49
  6. ^ Документальна спадщина. — № 10
  7. ^ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
  8. ^ Źródła dziejowe (далей: ŹD). T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 24, 36, 38
  9. ^ Sumariusz Metryki Koronnej. Seria nowa. T. VIII. Księga wpisów podkanclerzego Jana Tarnowskiego MK 139 z Archiwum Głównego Akt Dawnych w Warszawie 1595 / opracował Krzysztof Chłapowski. — Warszawa: Bellerive-sur-Allier, 2016. № 186
  10. ^ ŹD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. — Warszawa, 1894. S. 201—202, 353, 379, 460, 487
  11. ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 490, 552
  12. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 282—283
  13. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 167; гл. таксама: С. 13—15, 20—22
  14. ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 303, 392, 712
  15. ^ Волости и важнейшие селения Европейской России. Вып. 3.: Губернии Малороссийские и юго-западные: Харьковская, Полтавская, Черниговская, Киевская, Волынская, Подольская. — С.-Петербург: Центр. статист. комитет, 1885. С. 169
  16. ^ Список населённых мест Киевской губернии. — Киев, 1900. С. 1288—1289
  • Похилевич Л. И. Сказания о населённых местностях Киевской губернии или Статистические, исторические и церковные заметки о всех деревнях, местечках и городах, в пределах губернии находящихся / Собрал Л. Похилевич. — Киев, 1864 (перавыданьне: Біла Церква: Видавець О. В. Пшонківський, 2005. — XXII+642 с, 8 іл.)