Перайсьці да зьместу

Суніцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Суніцы
Ягады суніц
Клясыфікацыя
ЦарстваРасьліны
АддзелПакрытанасенныя
КлясаДвудольныя
АтрадРужовакветкавыя
СямействаРужовыя
РодСуніцы
Бінамінальная намэнклятура
Fragaria

Суні́цы (па-лацінску: Fragaria — пахнуць) — шматгадовая травяная расьліна сямейства ружовых.

Біялягічнае апісаньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Суніцы. Батанічная ілюстрацыя з кнігі О. В. Тамэ, 1885

Вышыня расьліны 5—20 см з кароткімі коса разьмешчаным карэнішчам, які пакрыты лішкамі зьмерлага лісьця. З-за пазух прыкаранёвага лісьця выходзяць парасткі («вусы»), якія даюць жыцьцё новым расьлінам.

Лісьце на доўгіх хвосьціках, трайчастае, кожная частка яйкападобная, амаль сядзячая, па краях трохкутна-зубчастая, зьверху зялёная, гладкая, зьнізу пакрытая шаўкавістымі прыціснутымі валасінкамі.

Кветкавыя сьцяблы роўнастаячыя, такія ж ці трохі большыя за прыкаранёвае лісьце; кветаножкі з прыціснутымі альбо роўнастаячымі валасінкамі.

Кветкі па 3—5 у шчыткападобным суквецьці, 1,5—2 см у папярочніку, абодваполыя, з 5 белымі пялёсткамі й двайным кубачкам, тычынак шмат.

Плодзікі на «ягадзе» суніц

Кветаложа пасьля квітненьня разрастаецца, становіцца чырвоным, сакавітым, мясістым, утварае ілжывы плод — «ягаду», у паглыбленьнях зьмяшчаюцца шматлікія дробныя гарэхападобныя плодзікі.

Квітнее напрыканцы траўня. Сьпее ў чэрвені — ліпені. Часам квітнее зноўку ў верасьні, аднак пладоў не дае.

Расьце па лясах, узьлесках, схілах узгоркаў, па кустох, на лугавінах. У Беларусі расьце паўсюдна.

Плод суніц утрымлівае арганічныя кіслоты, дубільныя рэчывы, аскарбінавую кіслату (да 500 мг/л), карацін (да 5 мг/л), нязначную колькасьць вітаміну B, антацыянавыя злучэньні, пеларганідзін, трошкі этэрных масел.

Лісьце зьмяшчае вялікую колькасьць аскарбінавай кіслаты (да 2,8 г/л), дубільныя рэчывы й часткова алькалёіды.

Насеньне суніцаў сеялі ў сакавіку—красавіку, каб атрымаць ураджай у першае ж лета. Для пасеву рыхтавалі лёгкую, рыхлую і вільгацяёмістую глебу з утрыманьнем буйназярністага пяску, торфу і перагною ў суадносінах 1:1:2. Таксама падыходзіў гатовы для пасеву грунт з крамы, як то для бягоніі і фіялак, а таксама ўнівэрсальны для вырошчваньня рассады. Папярэдне грунт прапарвалі і палівалі рашчынай марганцоўкі. Пасеў па адным зярнятку праводзілі ў торфаперагнойныя і плястмасавыя кантэйнэры вышынёй да 5—6 см з дрэнажнымі адтулінамі. За 2—3 дні да пасеву гэтыя ёмістасьці запаўнялі падтрыхтаваным субстратам, каб зямля набыла пакаёвую тэмпэратуру і набрыняла вільгацьцю. Для папярэджаньня гнілі ў зямлю пралівалі ружовую рашчыну «Максім» па 2 мілілітры на 2 літры вады. Паверхню глебы ўтрамбоўвалі і выраўноўвалі, увільгатнялі і раўнамерна ды рэдка разьмяркоўвалі па ёй насеньне. Насеньне апырсквалі вадой пульвэрызатарам для шчыльнага прыляганьня да глебы. Ёмістасьці з пасаджаным насеньнем прыкрывалі шклом або поліэтыленавай плёнкай[1].

Да зьяўленьня ўсходаў пасевы зьмяшчалі ў пакой з тэмпэратурай 22—26 °С. Дзеля цеплыні ёмістасьці ставілі бліжэй да столі на шафу або навясную паліцу і клалі побач тэрмомэтар. Штодня плёнку або шкло падымалі на хвіліну для праветрываньня пасеваў. Парасткі ўзьнікалі праз тыдзень. Пры +17 °С усходы чакаліся пасьля 2-х тыдняў. Парасткі палівалі па кроплях і працягвалі штодня праветрываць. Пры гэтым, пасевы пераносілі да вакна дзеля сьвятла, і захоўвалі +20 °С цеплыні для іх разьвіцьця. Па ўзьнікненьні сапраўдных лісточкаў паступова павялічвалі для прывучваньня сеянцаў да пакаёвай тэмпэратуры. Паліў праводзілі па меры падсыханьня верхняга слою глебы[1].

Пры выкарыстаньні пасяўных скрыняў расьліны расьпікоўвалі пры ўзьнікненьні 2-х сапраўдных лісточкаў. Посуд з расадай палівалі і паўторна зьмяшчалі пад плёнку дзеля прыжывальнасьці. Пры ўтварэньні разэткі лісьця прамерам 5—6 см непікаваную расаду перавальвалі без разбурэньня землянога камяка ў іншы посуд ёмістасьцю на 25 % больш. Пры ўзьнікненьні 3-х сапрадных лісткоў маладыя сеянцы палівалі аднойчы на 8 дзён рашчынай у разьліку літар вады на грам распушчальнага ўгнаеньня, якое зьмяшчала азот, каль і фосфар. Добра ўкаранёныя расьліны пераносілі ваганьне тэмпэратуры ад +14 да +25 °С. На 2 дні расаду суніцаў зьмяшчалі на вэрандзе, гаўбцы або ў садзе для прывучваньня да ветру і сонца. У сярэдзіне траўня расаду высаджвалі ў адкрыты грунт. Адразу пасьля багатага паліваньня пасадкі мульчавалі. У першыя дні іх прыцянялі ад сонца. Расьліны пачыналі пладаносіць у ліпені. Сярод іншага, бязвусыя суніцы было магчыма рассаджваць дзяленьнем 3—4-гадовых хмызьнякоў. Пры гэтым, вырашчаныя з насеньня суніцы былі больш здаровымі за размножаных вусамі. Рэмантантныя гатункі суніцаў пачыналі пладаносіць празь 5—6 месяцаў пасьля пасеву насеньня, але пераносілі зіму адолькава са звычайнымі суніцамі. Урэшце, з гібрыдаў 1-га пакаленьня не зьбіралі насеньне, бо іх патомства было рашчапленьне, і расьліны пачыналі адрозьнівацца паводле некалькіх прыкметаў[1].

Збор і захоўваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьбіраюць суніцы сьпелымі ў чэрвені — ліпені, лісьце — у час квітненьня, у траўні — чэрвені. Плады сушаць у цяні на гарышчы альбо ў сушылцы, даглядаючы каб яны не зьбіваліся ў камякі й не перасушваліся. Лісьце сушаць на адкрытым паветры ў цяні.

У мэдычнай практыцы настой зь ягад ці лісьця ўжываюць як кволы мачагонны сродак пры нырковых і пячоначных каменьнях, а таксама пры матачных крывацёках. У народным побыце, звычайна, ужываюць узвар расьліны цалкам пад час квітненьня. П’юць гарачую й халодную гарбату пры прастуднае хваробе, высокае тэмпэратуры, захворваньнях печані й жоўцевае бурбалкі, пры малакроўі.

Сокам ягад суніц націраюць вульлі, каб не хварэлі пчолы.

Суніцы ў гісторыі, паэзіі й культуры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Суніцы на паштовай марцы Беларусі

СУНІЦЫ

Я салодкія суніцы
У гайку з табой зьбіраў.
Там трапёткія сініцы
Шчабяталі ў пасмах траў.

Там пазнаў я сьвет прыгодаў
З пачуцьцямі ў барацьбе,
І на песьнях сэрца гойдаў,
Думаў толькі пра цябе.

Ты сьмяялася задорна,
Паціскала мне руку.
Зь песьняй нам было прасторна,
Як у полі жаўруку.

І цяпер, калі сініца
Б’ецца крыльлем за акном, —
Мне твая усьмешка сьніцца,
Пах суніцаў льлецца ў дом.

—Рыгор Крушына

  1. ^ а б в Ірына Тамковіч. Суніцы з насеньня // Зьвязда : газэта. — 6 сакавіка 2014. — № 42 (27652). — С. 10. — ISSN 1990-763x.
  1. Манина Л. Лекарственные растения. — 4-е. — Минск: Наука и техника, 1968. — С. 161-163. — 340 с. — 55 000 ас.
  2. Federowski M. Lud bialoruski na Rusi Litewskiej. — Krakow: 1897 Т. 1.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]