Плянэта
Плянэ́та (па-грэцку: aster planetes — блукаючая зорка) — нябеснае цела, якое верціцца па арбіце вакол зоркі альбо ейных рэшткаў, досыць масіўнае, каб стаць акруглым пад дзеяньнем уласнай гравітацыі, але недастаткова масіўнае для пачатку тэрмаядзернай рэакцыі, і якая здолела ачысціць навакольлі сваёй арбіты ад плянэтазымалей[1].
Тэрмін «плянэта» ёсьць старажытны й мае сувязі з гісторыяй, навукай, міталёгіяй і рэлігіяй. У многіх раньніх культурах плянэты разглядаліся як носьбіты боскага пачатку ці, па меншай меры, статусу боскіх эмісараў. Па меры таго, як навуковыя веды разьвіваліся, чалавечае ўспрыманьне плянэт зьмянілася ў немалой ступені й дзякуючы адкрыцьцю новых аб’ектаў і выяўленьні адрозненьняў паміж імі. У 2006 годзе Міжнародны астранамічны зьвяз у сваім рашэньні даў новае вызначэньне плянэты, што выклікала як адабрэньне, гэтак і крытыку з боку вучонай супольнасьці, якая працягваецца некаторымі навукоўцамі й па сёньня.
У разуменьні навукоўцаў пталямэеўскай эпохі плянэты круціліся вакол Зямлі па ідэальна круглых арбітах. Нягледзячы на тое, што ідэя зваротнага — што на самой справе Зямля падобна іншым плянэтам круціцца вакол Сонца — вылучалася не адзін раз, толькі ў XVII стагодзьдзі яна была абгрунтавана вынікамі назіраньняў, з дапамогай першых пабудаваных чалавекам тэлескопаў, зробленых Галілео Галілеем. Дзякуючы грунтоўнаму аналізу дадзеных Ёган Кеплер выявіў, што арбіты плянэт ня круглыя, а эліптычныя. Паколькі інструмэнты назіраньняў паляпшаліся, астраномы ўсталявалі, што, як і Зямля, плянэты круцяцца вакол нахіленай да плоскасьці экліптыкі восі й валодаюць такімі асаблівасьцямі, уласьцівымі Зямлі, як палярныя шапкі зь лёду й зьмена сэзонаў. З росквітам касьмічнай эры блізкія назіраньні дазволілі выявіць і на іншых плянэтах Сонечнай сыстэмы вульканічную дзейнасьць, тэктанічныя працэсы, ураганы й нават прысутнасьць вады.
Плянэты можна падзяліць на дзьве асноўныя клясы: вялікія, якія маюць невысокую шчыльнасьць, то бок плянэты-гіганты, і менш буйныя землепадобныя плянэты, якія маюць цьвёрдую паверхню. Згодна з вызначэньнем Міжнароднага астранамічнага зьвяза, у Сонечнай сыстэме знаходзяцца 8 плянэт. У парадку выдаленьня ад Сонца спачатку ідуць чатыры землепадробныя: Мэркурый, Вэнэра, Зямля, Марс, затым чатыры плянэты-гіганта: Юпітэр, Сатурн, Уран і Нэптун. У Сонечнай сыстэме таксама ёсьць па меншай меры 5 карлікавых плянэт: Плютон, які да 2006 году лічыўся дзявятай плянэтай, Макемаке, Хаўмэя, Эрыс й Цэрэра. За выключэнньем Мэркурыя й Вэнэры, вакол усіх плянэт зьвяртаецца хоць бы па адным спадарожніку.
Пачынаючы з 1992 году, з адкрыцьцём сотняў плянэт вакол іншых зорак, названых экзаплянэтай, навукоўцы пачалі разумець, што плянэты можна выявіць у Галяктыцы ўсюды й шматлікія іхныя характарыстыкі падобныя з аналягічнымі асаблівасьцямі плянэтаў Сонечнай сыстэмы. На пачатак сьнежня 2010 году вядома ўжо 505 экзаплянэт, у межах ад плянэт-гігантаў да плянэт зямной групы[2].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Яшчэ ў глыбокай старажытнасьці былі знойдзеныя пяць нябесных сьвяцілаў, якія, як і зоркі, выглядалі сьветлымі кропкамі на небе, але, у адрозьненьне ад нерухомых зорак, перасоўваліся па небе з дня ў дзень: Мэркурый, Вэнэра, Марс, Юпітэр, Сатурн. Аднак трэба сказаць, што буйныя сьвяцілы — Сонца, Месяц — таксама зьмяняюць сваё становішча адносна зорак.
Да XVI стагодзьдзя лічылася, што гэта ўсе плянэты, якія верцяцца вакол Зямлі. Мікалай Капэрнік у сваіх працах паказаў, што толькі Месяц круціцца вакол Зямлі, а ўсе астатнія плянэты верцяцца вакол Сонцы. Тым самым ён выключыў Сонца й Месяц зь ліку плянэт.
У новы і найноўшы час было адкрыта яшчэ тры плянэты:
- 1781 г. — Уран
- 1846 г. — Нэптун
- 1930 г. — Плютон (прысвоены статус плянэты-карліка ў жніўні 2006 г.)
У 1995 годзе адкрылі першую экстрасонечную плянэту ў зоркі, зьмешчанай за 50 сьветлавых гадоў ад Зямлі. Цяпер іх вядома больш за дзьве сотні.
Будова плянэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плянэты Сонечнай сыстэмы дзеляцца на дзьве групы — плянэты зямной групы і плянэты-гіганты. Для плянэт зямной групы характэрная вялікая сярэдняя шчыльнасьць.
Можна выказаць здагадку, што ў Мэркурыя, які валодае вялікай ў параўнаньні зь іншымі плянэтамі шчыльнасьцю, ёсьць шчыльнае жалезнае ядро, у якім утрымліваецца каля 60% масы плянэты; Вэнэра, па масе і шчыльнасьці падобная да Зямлі, мае ў сваім цэнтры ядро, багацейшае жалезам, чым Зямля, а шчыльнасьць сылікатаў у яе абалонцы некалькі вышэй, чым у абалонцы Зямлі; Зямля жа мае складаную структурную абалонку (мантыю), што распрасьціраецца да глыбіні 2900 км, а ніжэй знаходзіцца ядро, відаць мэталічнае (жалезнае), на мяжы з мантыяй — вадкае, а ў цэнтра — цьвёрдае; Марс, мае параўнальна малую шчыльнасьць, калі і ёсьць жалезнае ядро, то яно невялікае (ня больш за 30% радыусу, а дакладней, 15—20%), а шчыльнасьць сылікатных парод яго абалонкі некалькі вышэй, чым у Зямлі.
У плянэт-гігантаў вельмі нізкая сярэдняя шчыльнасьць і спэцыфічны хімічны склад атмасфэр. Гэта сьведчаць аб тым, што яны складаюцца з рэчыва, падобнага сонечнаму, галоўнай чынам з вадароду і гелію. Ёсьць гіпотэза, што мэталічнае ядро Юпітэра вадкае, бо ў Юпітэра існуе магутнае магнітнае поле, значна больш магутнае, чым у Зямлі. Падобную да Юпітэра структуру мае Сатурн. Больш шчыльныя Ўран і Нэптун маюць, відаць, ядро з сумесі вады, аміяку і метану ў вадкай або цьвёрдай фазе, акружанае масіўнай вадародна-геліявай атмасфэрай, на якую прыходзіцца, аднак, толькі парадку 10% масы.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ IAU 2006 General Assembly: «Result of the IAU Resolution votes». International Astronomical Union (2006)
- ^ Schneider, Jean «Interactive Extra-solar Planets Catalog». The Extrasolar Planets Encyclopaedia
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плянэта — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Энцыкляпэдыя экстрасонечных плянэт (анг.)
- Зручны пошук здымкаў на сайце НАСА (анг.)
- Артыкул «Сонечная сыстэма пашыраецца» (у ґазэце ПОГЛЯД ад 17 жніўня 2006 г.) (рас.)
- Артыкул «Зачыненьне» Плютона (у ґазэце ПОГЛЯД ад 21 жніўня 2006 г.) (рас.)
- Артыкул «Як раскласьці плянэты па палічках або Астраноміі патрабуюцца Лінэі» на партале Astronet.ru (рас.)