Цэрэра (карлікавая плянэта)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Цэрэра ⚳
Цэрэра ў бачным колеры. Здымак тэлескопа Хабла
Гісторыя адкрыцьця
Адкрыў Джузэпэ П’яцы
Дата адкрыцьця 1 студзеня 1801
Арбітальныя характарыстыкі
Сярэдняя адлегласьць ад Сонца 2,76 а. а.
Пэрыгелій 2,54 а. е.
Афэлій 2,85 а. е.
Сідэрычны арбітальны пэрыяд 4,6 гады
Эксцэнтрысітэт арбіты 0,08
Нахіл арбіты да плоскасьці экліптыкі 10°
Зьяўляецца спадарожнікам Сонца

Цэрэ́ра (1 Ceres, сымбаль: ⚳)[1] — карлікавая плянэта астэроіднага тыпу. Цэрэра была адкрытая ўвечар 1 студзеня 1801 году італьянскім астраномам Джузэпэ П’яцы. Гэта самае масіўнае нябеснае цела пасу астэроідаў і па памерах перавышае шматлікія буйныя спадарожнікі плянэт-гігантаў. Доўгі час Цэрэра разглядалася як паўнавартасная плянэта Сонечнай сыстэмы, пасьля яна была клясыфікаваная як астэроід, а па выніках удакладненьня паняцьця плянэта Міжнародным астранамічным зьвязам 24 жніўня 2006 году на XXVI Генэральнай асамблеі МАЗ была аднесеная да карлікавых плянэт.

Арбіта[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Арбіта Цэрэры

Арбіта Цэрэры ляжыць паміж арбітамі Марсу й Юпітэру й вельмі «плянэтападобная»: слабаэліптычная (эксцэнтрысітэт 0,08) і мае сярэдні (10°) нахіл да плоскасьці экліптыкі. Вялікая паўвось арбіты складае 2,76 а. а., адлегласьці ў пэрыгеліі й афэліі — 2,54, 2,98 а. а. адпаведна. Пэрыяд звароту вакол Сонца — 4,6 гадоў.

Фізычныя характарыстыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цэрэра мае форму сфэроіда памерамі 975×909 км. Яе маса роўная 9,5×1020 кг, што складае амаль трэць ўсёй масы пасу астэроідаў, але ў той жа час больш за 6 000 разоў саступае масе Зямлі. Значная маса Цэрэры прывяла да таго, што пад дзеяньнем уласнай гравітацыі гэтае нябеснае цела, як і шматлікія іншыя плянэтоіды, набыла форму, блізкую да сфэрычнай.

Склад Цэрэры: 1 — тонкі пласт рэгаліту; 2 — ледзяная мантыя; 3 — каменнае ядро

Аднак, на гэтым яе эвалюцыя ня скончылася й, у адрозьненьне ад большасьці астэроідаў, на Цэрэры пачалася дыфэрэнцыяцыя ўнутранай структуры — цяжэйшыя пароды апускаліся да цэнтру, лягчэйшыя паднімаліся на паверхню. Такім чынам сфармавалася каменнае ядро й мантыя з вадзянога лёду. З-за нізкай шчыльнасьці Цэрэры, яна ўтрымоўвае значную колькасьць лёду, да 20—30% па масе, што раўназначна лёдавай мантыі таўшчынёю 60—100 км. На пачатковым этапе існаваньня ядро Цэрэры магло разагравацца за кошт радыеактыўнага распаду й, магчыма, нейкая частка лёдавай мантыі знаходзілася ў вадкім стане. Па ўсёй бачнасьці, значная частка паверхні й цяпер пакрытая лёдам або нейкай разнавіднасьцю лёдавага рэгаліту. Па аналёгіі з ледзянымі спадарожнікамі Юпітэра й Сатурна можна выказаць здагадку, што пад дзеяньнем УФ выпраменьваньні Сонца частка вады дысацыюе й утварае моцна разрэджаную «атмасфэру» Цэрэры. Таксама застаецца адкрытым пытаньне аб наяўнасьці на Цэрэры цяпер або ў мінулым крыавульканізму.

Здымкі Цэрэры, зробленыя «Хаблам» у 2003—2004 гадох, разрозьненьне 30 км/піксэль

Аб вонкавым абліччы Цэрэры вядома ня шмат. На зямным небасхіле яна паўстае кволаю зорачкаю усяго толькі 7-й велічыні. Бачны дыск Цэрэры вельмі малы, таму першыя падрабязнасьці атрымалася разглядзець толькі ў канцы XX стагодзьдзя з дапамогаю тэлескопа «Хабл». На паверхні Цэрэры бачныя некалькі сьветлых і цёмных структур, мажліва кратэраў. Дагляд за імі даў вылічыць сапраўдны пэрыяд кручэньня Цэрэры (9,07 гадзіны) і нахіл восі кручэньня да плоскасьці арбіты (меней 4°). Самая яркая структура (гл. выяву справа) у гонар першаадкрывальніка Цэрэры атрымала назву «П’яцы». Магчыма, гэта кратэр, які агаліў ледзяную мантыю або нават крыавулькан. Назіраньні ў ІЧ дыяпазоне паказалі, што сярэдняя тэмпэратура паверхні складае 167 К, у пэрыгеліі яна можа дасягаць 240 К (−33 °C). Радыётэлескопам у Арэсыба некалькі разоў праводзілася радыёлякацыя Цэрэры. Па характары адлюстраваньня радыёхваль было ўсталявана, што паверхня Цэрэры даволі гладкая, мабыць, за кошт высокай элястычнасьці ледзяной мантыі. Спадарожнікаў у Цэрэры ня выяўлена. Прынамсі пакуль, назіраньні «Хабла» выкасоўваюць існаваньне сатэлітаў памерамі больш 10—20 км.

Наступныя дасьледаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цэрэра ў параўнаньні зь Месяцам

У цяперашні час адзіным спосабам вывучэньня Цэрэры застаюцца тэлескапічныя назіраньні. Рэгулярна праводзяцца кампаніі па назіраньні пакрыцьцяў зорак Цэрэрай, па абурэньнях у руху суседніх астэроідаў і Марса удакладняецца яе маса. Якасна новым этапам вывучэньня Цэрэры стане місія апарата «Dawn» (па-ангельску: Dawn Mission), запуск якога адбыўся 27 верасьня 2007 году[2]. У 2011 годзе «Dawn» павінен выйсьці на арбіту вакол Вэсты, а ў 2015 — дасягнуць Цэрэры.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]