Перайсьці да зьместу

Міхаіл Дрынеўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міхась Дрынеўскі
Нарадзіўся 12 лютага 1941 (83 гады)
Тонеж, Тураўскі раён, Гомельская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
Памёр 9 лістапада 2020(2020-11-09) (79 гадоў)
Гады творчасьці з 1956-га
Жанр народная музыка
Значныя творы апрацоўкі мэлёдыяў «Ой, ты, грушка мая» і «Вол бушуе, вясну чуе»
Прэміі

Дзяржаўная прэмія Беларусі (1982), «За духоўнае адраджэньне»

Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Францішка Скарыны
Ордэн Францішка Скарыны

Міхаі́л Па́ўлавіч Дрыне́ўскі (12 лютага 1941, Тонеж, цяпер Лельчыцкі раён, Гомельская вобласьць, Беларусь — 9 лістапада 2020) — беларускі харавы дырыгент.

Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі (1978), ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1982) і народны артыст Беларусі (1987)[1], прафэсар і ляўрэат прэміі «За духоўнае адраджэньне»[2].

Нарадзіўся ў вясковай сям’і. Быў адным зь 9-і дзяцей, зь якіх 4-ра памерлі ў маленстве ад разачкі. Падчас Нямецка-савецкай вайны 1941—1945 гадоў жыў з маці і 3-ма старэйшымі братамі ў зямлянцы на высьпе сярод балота. Гэта ўратавала сям’ю ў студзені 1943 году, калі нямецкія карнікі спалілі 300 аднавяскоўцаў у царкве. У дзяцінстве пачаў граць на губным гармоніку, які бацька прывёз з вайны супраць Японіі ў лістападзе 1945 году. Пазьней на слых навучыўся граць на невялікім акардэоне, які дастаўся ад старэйшага брата Зьмітра. Пасьля 7-клясаў школы паступіў у Гомельскую музычную вучэльню на баяніста, аднак праз адсутнасьць месца ў гуртажытку праз 2 тыдні вярнуўся дадому. Скончыў 10-гадовую школу ў суседняй вёсцы Букча за 13 км. Адначасна кіраваў школьным хорам і 2-ма калгаснымі ў Букчы і Тонежы. Пад яго кіраўніцтвам хор вёскі Тонеж заняў 1-е месца на занальным аглядзе калектываў мастацкай самадзейнасьці. У 1959 годзе паўторна паступіў у Гомельскую музвучэльню на харавое аддзяленьне, дзе да 1963 году навучаўся ў Раісы Красьніцкай. Адначасна кіраваў хорам Гомельскага дрэваапрацоўчага камбіната і народным хорам вёскі Прыбыткі. На 3-м курсе стаў праводзіць заняткі для завочнікаў. Таксама працаваў зь дзіцячым хорам Палаца піянэраў Гомелю. У 1963 годзе на прапанову свайго пэдагога паступіў у Беларускую кансэрваторыю. Адначасна 5 год працаваў з капэлай Палаца культуры МТЗ, куды запрасіў дырыгент-хормайстар Уладзімер Раговіч. У 1968 годзе на выпускным канцэрце ў Беларускай філярмоніі дырыгаваў творам для 2-х хароў. Пасьля канцэрта дырыгент Генадзь Цітовіч запрасіў яго хормайстрам у Дзяржаўны акадэмічны народны хор Беларусі[2].

У 1968 годзе скончыў Беларускую кансэрваторыю па клясе Ганны Зелянковай і ўладкаваўся хормайстрам Дзяржаўны акадэмічны народны хор Беларусі. Адначасна стаў выкладаць у Беларускай акадэміі музыкі. У 1973 годзе стаў галоўным хормайстрам Дзяржаўнага хору Беларусі. У 1975 годзе заняў пасаду мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Беларусі, які атрымаў імя свайго заснавальніка Генадзя Цітовіча. У 1982 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі[1]

На падставе беларускай народнай музыкі і спалучэньня акадэмічнага і народнага сьпеваў канцэртныя праграмы харавой музыкі, этнаграфічныя праграмы і творы духоўнай музыкі. Запісаў і апрацаваў народныя мэлёдыі для народнага хору: «Ой, ты, грушка мая», «Вол бушуе, вясну чуе», «Як пайду я дарогаю», «Ночы мае, ночушкі» і «Чырвоная каліначка». Істотна пашырыў харавое мастацтва ў Беларусі праз працу з акадэмічным хорам[1]. На 2020 году стварыў звыш 50 аранжыровак і апрацовак беларускіх народных песьняў, твораў беларускіх кампазытараў і духоўнай музыкі. Пад яго кіраўніцтваў 21 удзельнік Народнага хору імя Цітовіча атрымалі званьне заслужаных артыстаў і дзеячоў мастацтва Беларусі[3].