Перайсьці да зьместу

Маргарэт Тэтчэр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Маргарэт Тэтчэр
па-ангельску: Margaret Thatcher
71-ы прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі
4 траўня 1979 — 28 лістапада 1990[1]
Папярэднік: Джэймз Калаган
Наступнік: Джон Мэйджар
Лідэр апазыцыі
11 лютага 1975 — 4 траўня 1979
Прэм’ер-міністар:
Папярэднік: Эдўард Гіт
Наступнік: Джэймз Калаган
Дзяржсакратар
па адукацыі і навуцы
20 чэрвеня 1970 — 4 сакавіка 1974
Прэм’ер-міністар: Эдўард Гіт
Папярэднік: Эдўард Шорт
Наступнік: Рэджынальд Прэнтыс
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася: 13 кастрычніка 1925(1925-10-13)[2][3][4][…]
Памерла: 8 красавіка 2013(2013-04-08)[2][3][4][…] (87 гадоў)
Партыя: Кансэрватыўная партыя Вялікабрытаніі
Сужэнец: Дэніс Тэтчэр[d][2][3]
Дзеці: сын: Марк
дачка: Кэрал
Бацька: Альфрэд Робэртс
Маці: Бэатрыс Стэфэрсан
Адукацыя: Оксфардзкі ўнівэрсытэт
Узнагароды:

Ма́ргарэт Гі́льда Тэ́тчэр, баранэса Тэтчэр (па-ангельску: Margaret Thatcher; 13 кастрычніка 1925, Грэнтэм, Лінкальншыр, Брытанская імпэрыя — 8 красавіка 2013, Ўэстмінстэр, Лёндан, Вялікабрытанія), у дзявоцтве Робэртс — ангельская палітычная дзяячка, 71-ая прэм’ер-міністарка Вялікабрытаніі (Кансэрватыўная партыя Вялікабрытаніі) у 1979—1990 гадах, баранэса з 1992 году. Першая жанчына, якая пабыла на гэтым посьце, а таксама першая жанчына, якая стала прэм’ер-міністрам эўрапейскай дзяржавы. Прэм’ерства Тэтчэр стала самым працяглым у XX стагодзьдзі. Атрымаўшы мянушку «жалезная лэдзі» за рэзкую крытыку савецкага кіраўніцтва, яна ажыцьцявіла шэраг кансэрватыўных мераў, якія сталі часткай палітыкі гэтак званага «тэтчэрызму».

Атрымаўшы ў Оксфардзе адукацыю хіміка, стала юрысткай, у 1959 годзе была абраная чальцом Парлямэнту ад Фінчлі. У 1970 годзе была прызначаная міністрам адукацыі й навукі ва ўрадзе кансэрватара Эдўарда Гіта. У 1975 годзе Тэтчэр перамагла Гіта на выбарах новага старшыні Кансэрватыўнай партыі й стала галавой парлямэнцкай апазыцыі, а таксама першай жанчынай, якая ўзначаліла адну з асноўных партыяў Вялікабрытаніі. Пасьля перамогі Кансэрватыўнай партыі на ўсеагульных выбарах 1979 году Маргарэт Тэтчэр стала прэм’ер-міністрам.

Ачоліўшы ўрад, Тэтчэр правяла палітычныя й эканамічныя рэформы для зьмяншэньня беспрацоўя і працяглага эканамічнага заняпаду. Ейная палітычная філязофія й эканамічная палітыка засноўваліся на дэрэгуляцыі, асабліва фінансавай сыстэмы, забесьпячэньні гнуткага рынку працы, прыватызацыі дзяржаўных кампаніяў і памяншэньні ўплыву прафзьвязаў. Высокая папулярнасьць Тэтчэр падчас першых гадоў ейнага кіраваньня паменшылася з-за рэцэсіі й высокага ўзроўню беспрацоўя, але зноў павялічылася падчас Фолклэндзкага канфлікту 1982 году й эканамічнага росту, што прывяло да ейнага пераабраньня ў 1983 годзе.

Тэтчэр была пераабраная ў трэці раз у 1987 годзе, але прапанаваны закон аб дадатковым падатку (анг. poll tax) і погляды на ролю Брытаніі ў Эўрапейскім Зьвязе былі непапулярныя сярод выбарцаў ды чальцоў ейнага ўраду. Пасьля таго, як Майкл Гэзэлтайн аспрэчыў яе лідэрства ў партыі, Тэтчэр была вымушаная падаць у адстаўку з пасады главы партыі й прэм’ер-міністра. Тэтчэр была пажыцьцёвым чальцом Палаты Лордаў. Пасьля сыходу з пасады прэм’ера Тэтчэр адышла ад палітыкі. Напісала кнігу ўспамінаў. Памерла 8 красавіка 2013 году пасьля інсульту[9]. Ёй было 87 гадоў. 17 красавіка яна была крэмаваная, прах пахаваны на тэрыторыі шпіталя каля магілы яе мужа. Разьвітальную цырымонію наведалі каля 200 знакамітых асобаў з усяго сьвету, у тым ліку Каралева Вялікабрытаніі Лізавета II[10].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]