Перайсьці да зьместу

Лявон Баразна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лявон Баразна

лац. Lavon Barazna
Дата нараджэньня 4 лютага 1929(1929-02-04)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 15 жніўня 1972(1972-08-15) (43 гады)
Месца сьмерці
Месца вучобы
Занятак маляр
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Баразна.

Ляво́н Баразна́ (4 лютага 1929, в. Новае Сяло, Талачынскі раён — 15 жніўня 1972, Менск) — беларускі мастак дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва і дасьледнік культуры, актывіст захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны; забіты ў 1972 пры нявысьветленых абставінах.

У 1950 годзе пасьля службы ў савецкім войску ўпершыню трапіў у Менск. Паступіў у Менскую мастацкую вучыльню й ў 1952 годзе атрымаў дыплём. Падчас вучобы ён пачаў актыўна цікавіцца арнамэнтам, адзеньнем, ткацтвам. Хадзіў па вёсках і распытваў у людзей, што за вопратку яны носяць, якія выкарыстоўваюць арнамэнты, посьцілкі, як ткалі, як вышывалі; замалёўваў узоры. Вынікам сталі пазьней 4 альбомы пра скарбы беларускай народнай культуры, якія ён здаў у Мастацкі музэй. З 1957 году браў удзел у выставах[1]. У 1963 годзе Баразна зноў прыехаў ў Менск, паступіў на мастацка-прамысловы факультэт (аддзяленьне ткацтва) Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту, які скончыў у 1968 годзе. Пасьля пачатку навучальнага году з Зянонам Пазьняком стварылі ў інстытуце суполку пад назовам «Аматары беларускага мастацтва», ладзілі экскурсіі па старым Менску, этнаграфічныя экспэдыцыі, арганізоўвалі вечарыны[2].

Моцна сябраваў з Уладзімерам Караткевічам[3]. У 1969 разам зь Зянонам Пазьняком выступаў у абарону вуліцы Няміга. Іх сумесны артыкул надрукавала газэта «Правда», дзякуючы чаму Машэраў на 3 гады прыпыніў зьнішчэньне Нямігі[4].

У 1972 Баразна рыхтаваў публічную акцыю пратэсту супраць разбурэньня Нямігі. 15 жніўня 1972 у старым горадзе ён кінуўся на вуліцы ратаваць жанчыну, на якую напалі бандыты. Кабета імгненна зьнікла, а Лявон атрымаў сьмяротны ўдар[5].

Сьледчыя органы трактавалі гэтае забойства як звычайны крымінал, але пэўныя акалічнасьці даюць падставы падазраваць у зьдзяйсьненьні злачынства савецкія спэцслужбы[4].

Разьвітаньне адбывалася ў невялікай зале Саюза мастакоў. Пахаваны на талачынскіх могілках.

Забойцы былі схоплены. Суд над імі ператварыўся ў бясконцы фарс і зьдзек з сымуляцыяй вар’яцтва адным з забойцаў, з адмовай і заменай паказаньняў сьведак. Забойцы атрымалі мізэрныя тэрміны, неўзабаве скасаваныя амністыяй[2][6].

У выніку падарожжаў па Беларусі ў 1950—60-х гадах падрыхтаваў альбомы «Беларускае народнае адзеньне», «Беларуская народная вопратка», «Арнамэнт паўднёвай Беларусі», «Тканіны Гродзеншчыны» і вялікую сэрыю жывапісных і графічных пэйзажаў Беларусі. Паводле яго эскізаў створаны касьцюмы для ансамбляў песьні й танца: Гарадзенскага «Нёман», Смаргонскага імя Агінскага, Наваградзкага «Сьвіцязь» і інш. У 1966—69-х гадах галоўны мастак Мастацкага фонду Беларусі[2]. Працаваў у тэхніках жывапісу — «Зязюленька», «Народны сьпявак Моніч», аўтапартрэт, партрэт «Маці»; акварэлі — «Стары Менск», «Гаспадар»; пастэлі — «Старая», «Мястэчка»; вітража — «Будаўніца», графікі і інш. Мастацтвазнаўчы аналіз, уступны артыкул, сістэматызацыя гравюр і складальнік альбома «Гравюры Францыска Скарыны» 1972 г., 2-е выданьне 1990 год[1].

  • Грамата Вярхоўнага Савета БССР (1963)
  • Граматы Міністэрства культуры БССР

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • У Талачынскім гісторыка-краязнаўчым музэі 2 траўня 2024 годы была адкрыта экспазыцыя работ мастака, яго асабістых рэчаў і мэмарыяльная дошка мастаку на хаце нумар 22, у якой ён калісьці жыў на вуліцы Горкага ў Талачыне[7].

Мастацкія выставы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • У 1975 яго сябры зладзілі ў Менску ягоную пэрсанальную выставу, якая мела вялікі грамадзкі рэзананс[5][8].
  • Выстава пад назовам «Лявон Баразна (1928—1972). Спадчына (жывапіс, графіка)», што праходзіла з 11 лютага да 8 красавіка 2010 году, ладзілася ў Нацыянальным мастацкім музэі й ўключала 90 твораў графікі й жывапісу з адлюстраванымі ўзорамі ткацтва, што былі рэканструяваны творцам у народных строях, а таксама геамэтрычнымі і расьліннымі арнамэнтамі з розных вобласьцяў Беларусі. Дэманстраваліся таксама акварэльныя аркушы «Сялянка ў чырвонай кофце», «Дзяўчына ў сьвяточным уборы», «Стары Менск», малюнкі «Вясельле ў Танежы», «Вежа Наваградка», «Гарадзенскі мост», «Ля возера» і іншыя з калекцыі музэя. Са збораў Талачынскага гісторыка-краязнаўчага музэя былі прадстаўлены фотаздымкі розных творчых калектываў у сцэнічных касьцюмах, выкананых па праектах Лявона Баразны[9][10][11][12].
  • Гравюры Францыска Скарыны / уступны артыкул, сістэматызацыя гравюр і мастацтвазнаўчы аналіз Лявона Баразны ; фотарэпрадукцыі і фотарэстаўрацыя П. Захарэнкі; навуковыя рэдактары: А. І. Жураўскі, П. В. Масленікаў, Г. В. Штыхаў. — Менск: Беларусь, 1972. — 12,148 с. — 5000 ас.
  • Выстаўка твораў мастака Л. Ц. Баразны (1928―1972): каталог / прадмова З. Пазняка. — Менск: Беларусь, 1975. — 24 с. — 1000 ас.
  • Гравюры Францыска Скарыны / уступны артыкул, сістэматызацыя гравюр і мастацтвазнаўчы аналіз Лявона Баразны ; фотарэпрадукцыі і фотарэстаўрацыя П. Захарэнкі; навуковыя рэдактары: А. І. Жураўскі, П. В. Масленікаў, Г. В. Штыхаў; прадмова В. Ф. Шматава. — Выданьне 2-е. — Менск: Беларусь, 1990. — 172,19 с. — 3800 ас. — ISBN 5-338-00483-6.
  • Беларускі сцэнічны касцюм (па матэрыялах творчасці Лявона Баразны) / падрыхтавала Н. І. Пасюта. — Гродна: Горадзенскі абласны мэтадычны цэнтар народнай творчасьці, 2011. — 8 с.

Крытыка, рэцэнзіі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Немировский Е. Л. Альбом старопечатных гравюр.  (рас.) // В мире книг : часопіс па справах выдавецтваў, паліграфіі й кніжнага гандлю. — 1973. — № 2.
  • Голенченко Г. Я. Гравюры Франциска Скорины.  (рас.) // Книга. Исследования и материалы : сборник. — М.: Книга, 1974. — Т. Сборник 28.
  1. ^ а б Беларускі саюз мастакоў: Энцыклапедычны даведнік / аўтар-складальнік Б. А. Крэпак і інш.. — Менск: ВТАА «Кавалер Паблішерс», 1998. — С. 51. — 664 с. — 3000 ас. — ISBN 985-6427-09-6
  2. ^ а б в Дзьмітры Гурневіч. (30 верасьня 2012) 40 гадоў таму загінуў Лявон Баразна. Савецкі КГБ забіў патэнцыйнага нацыянальнага лідара? Гісторыя.. Наша ніва..
  3. ^ Рыгор Барадулін пра Лявона Баразну. Успаміны // Наша Ніва
  4. ^ а б Менск пад акупацыяй і вайной // Зянон Пазьняк, Радыё Свабода
  5. ^ а б Уладзімер Арлоў. (3 лютага 2006) Імёны Свабоды: Лявон Баразна Імёны свабоды. Радыё Свабода.
  6. ^ Яўген Кулік. (9 лютага 2009) Успаміны пра Лявона Баразну Повязь часоў. Новы час..
  7. ^ Наталья Курпан. (2 траўня 2024) У Талачыне ўсталявана памятная дошка Лявону Баразне Наша Талачыншчына. Планэта Беларусь.
  8. ^ Выстаўка твораў мастака Л. Ц. Баразны (1928―1972) : каталог / прадмова З. Пазняка. — Менск: Беларусь, 1975. — 24 с. — 1000 ас.
  9. ^ Людміла Налівайка. Спадчына Лявона Баразны. // Роднае слова : часопіс. — 2010. — № 5. — С. 94.
  10. ^ Алена Сцяпанава. «Лявон Баразна. Спадчына». // Мастацтва : часопіс. — 2010. — № 4 (325). — С. 20—21.
  11. ^ Выстава Лявона Баразны. // Новы Час : газэта. — 2010, 19 лютага. — № 6 (182). — С. 16.
  12. ^ Спадчына Баразны // Наша Ніва, 12 лютага 2010

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]