Канстантын Пілінкевіч
Канстанты́н Анто́навіч Пілінке́віч (10 красавіка 1874, в. Чарлёна, Гарадзенскі павет, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя — 8 красавіка 1936, Пружаны, Палескае ваяводзтва, Польшча) — праваслаўны сьвятар, протаярэй.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў вёсцы Чарлёна Гарадзенскага павету (цяпер у Мастоўскім раёне) 10 красавіка 1874 року ў сям’і сьвятара Антонія Пілінкевіча. Па сканчэньні Літоўскай духоўнай сэмінарыі (1895) служыў псальмоўшчыкам у Сафійскім саборы Горадні[1]. 1 кастрычніка 1897 рукапакладзены ў сан сьвятара.
1899 — сьвятар нагародавіцкай, ад 1902 — зьдзецельскай царквы Зьдзецельскага дабрачыньня.
У 1904 року прызначаны сьвятаром у Сьвята-Прачысьценскую царкву ў Пружанах. Адначасна выкладаў праваслаўнае веравызнаньне ў вучэльнях, прыватнай жаночай прагімназіі А. П. Крутагаловай, вышэйшай пачатковай вучэльні м. Пружаны. Чалец праўленьня дабрачыннага таварыства (1906—1915), чалец камітэту апякунства пра народную цьвярозасьць м. Пружаны (1910—1915).
1912—1915 — чалец рады павятовага аддзяленьня эпархіяльнае вучэльнае рады ў Пружанах; чалец праўленьня, а пасьля і старшыня крэдытнага таварыства.
У вайну ў бежанстве, служыў сьвятаром у ваенным ведамстве ў 215-м палявым запасным шпіталі расейскага войска. Пасьля бальшавіцкага перавароту веруючы пэрсанал шпіталю перадаў паходную царкву ў дарунак Канстантыну Пілінкевічу (антымінс, эўхарыстычны набор і інш.). Па вайне працягнуў служэньне ў Пружане, з 1922 протаярэй, з 1923 дабрачынны 1-е Пружанскае акругі.
У сакавіку 1921 року падчас наведваньня Пружаны тагачасным прэм’ер-міністрам Польшчы Вінцэнтам Вітасам айцец Канстантын прывітаў яго на беларускай мове (польскай мовай не валодаў у дастатковай меры, а па-расейску яму было забаронена[2]):
Шаноўны пане Прэзыдэнце! Праваслаўныя грамадзяне тутэйшага краю шлюць сваё шчырае прывітаньне свабоднай Польшчы і Вам, пане Прэзыдэнце, як прадстаўніку яе ўлады. Нашае прывітаньне тым сардэчнейшае, што ў свабоднай Польшчы мы карыстаемся свабодай свайго праваслаўнага вызнаньня. Нашы думкі ідуць далей: да мажлівасьці скліканьня царкоўнага сабору, каторы распачаў бы справу аб устройстве праваслаўнай царквы ўсёй Польшчы. Але справа гэта можа быць адкладзена да часу. Цяпер на чарзе іншыя справы, іншыя нашыя жаданьні. Усясьветная вайна найцяжэй адазвалася на нашым і без таго бедным краі. Праяжджаючы, Пан Прэзыдэнт бачыў нашы спаленыя вёскі, зьнішчаныя нівы. Гатовы апусьціцца рукі, як станеш думаць што рабіць, з чаго пачаць, каб адбудаваліся нашыя вёскі. Знаем, што трэба працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць, але і праца не вызваліць нас ад гэтай вялікай бяды. Сілы і сродкаў у нас мала. У гэтым кірунку мы зьвяртаем цэлую нашу надзею на шырокую і шчырую дапамогу Жонду Польшчы. Гэта першая і галоўная наша справа, справа аб хлебе штодзённым. Другая наша думка і жаданьне аб тым, каб, нягледзячы бы на нас, праваслаўных, коса, каб не лічылі бы нас за абываталяў ніжэйшага гатунку, каб тут ня сіла панавала над правам, а права над сілай. Няхай права сувора і строга карае нас за віны і злачынствы, але няхай ня будзе таго, каб паклёпнікі маглі беспакарана рабіць сваю ліхую справу. А, Пане Прэзідэнце, тут было гэта ня раз. Хочам верыць, што Польшча, вызваліўшыся з-пад чужой няволі, ушануе і для нас так званае права меншасьці нацыянальнай. Вось нашыя думкі, ось нашыя жаданьні. Дай нам Божа, каб праўда, каб шчасьце, каб лепшая доля, каб роўнасьць і братэрства засьвяціліся з гэтага часу і для нас, праваслаўных мяшканцаў тутэйшага краю. Мы верым, што так будзе! А вас, пане Прэзыдэнце, просім верыць, што і мы будзьма добрымі сынамі Польшы.
Niech żyje Polska, niech żyje pan Prezydent Witos! |
||
—Канстантын Пілінкевіч |
Гэтым выступам ён здабыў агромністы аўтарытэт парафіянаў. Аднак нехта склаў паклёп у Палескую кансысторыю, пасьля чаго ў бацюшкі Канстантына пачаліся праблемы. У 1925 року ён быў адхілены ад займанай пасады «за выступ супраць Польскай дзяржавы». Пасьля гэтага прыхаджане сабралі 1151 подпіс з просьбай вярнуць сьвятара да пастырскае дзейнасьці. Іхні зварот быў накіраваны япіскапу Аляксандру 9 красавіка 1926 року. Загадам Палескай духоўнай кансысторыі 27 ліпеня 1927 року забарона на служэньне з Канстантына Пілінкевіча была зьнятая. Ён быў прызначаны сьвятаром у Дабучынскую царкву.
16 лістапада 1931 року звольнены па-за штат без тлумачэньня прычынаў.
Памёр 8 красавіка 1936, пахаваны на пружанскіх праваслаўных могілках.
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бацькі:
- Антоні Бэнэдыктавіч (10 ліпеня 1849[3], Пярковічы Драгічынскага павету — 28 траўня 1931) — сьвятар у Маларыце, пасьля ў Котранскай царкве Шарашоўскага дабрачыньня Пружанскага павету[4] (1905—1915), старшыня рады крэдытнага таварыства в. Котра (1913—1914). Пахаваны на пружанскіх могілках побач з сынам Канстантынам[5].
- Алена[6].
- Жонка Яўгенія Канстантынаўна (нар. 6 кастрычніка 1877 — ?) — чалец праўленьня дабрачыннага таварыства м. Пружаны (1908—1915), настаўніца арытмэтыкі прыватнай жаночай прагімназіі А. П. Крутагаловай м. Пружаны (1913), утрымальніца сярэдняй прыватнай жаночай вучэльні з правамі навучэнцаў м. Пружаны (1915).
- Браты і сёстры:
- Стэфан[6]. Скончыў Літоўскую духоўную сэмінарыю, Юр’еўскі імпэратарскі ўнівэрсытэт[7].
- Уладзімер[6]. Нарадзіўся 17 чэрвеня 1885, скончыў Жыровіцкую духоўную вучэльню, у 1909 пераехаў на Пружаншчыну. Рукапакладзены ў сьвятары ў 1915, служыў у Радзежы Берасьцейскага павету, але амаль адразу эвакуяваны. У 1918 вярнуўся, быў настаяцелем у Олтушы, пасьля ў Маларыце, дабрачынны, протаярэй. У 1934—1936 — настаяцель Сьвята-Мікалаеўскай царквы ў Шарашове; 1942—1957 — у пружанскім саборы Аляксандра Неўскага. Пахаваны ля Спаса-Прэабражэнскай царквы на могілках[7].
- Марыя[8]. Скончыла Віленскую жаночую вучэльню, настаўніца[7].
- Леанід. Нарадзіўся ў 1879 року ў Гарадзенскай губэрні, скончыў Жыровіцкую духоўную вучэльню (1907). Служыў у царкве імя Архістратыга Міхаіла ў сяле Фядосіна Томскай япархіі (Новасыбірская вобласьць)[7]. У 1928 разам з жонкай пазбаўлены выбарчых правоў, пасьля сасланы ў вёску Вусьць-Масіха(ru) Рабрыхінскага раёну (Алтайскі край). Арыштаваны 30 ліпеня 1937, 31 кастрычніка прыгавораны да НМП, расстраляны 10 лістапада[9].
- Міхаіл. Нарадзіўся ў 1888 року ў вёсцы Чарлёны (Чарлёна?) Гарадзенскай губэрні, скончыў Літоўскую духоўную сэмінарыю. У 1915 — настаяцель Міжрэцкай царквы Падароскага дабрачыньня, сябра праўленьня дабрачыннага таварыства Міжрэчча (паштовая станцыя Зэльва)[6]. Пасьля эвакуацыі жыў у Ніжнім Ноўгарадзе[7]. У 1930 сасланы, пражываў у пасёлку Лукіна(ru) Балахнінскага раёну (Ніжагародзкая вобласьць), пасьля возьнік Балахнінскага леспрамгасу. Арыштаваны 27 студзеня 1938, 23 сакавіка прыгавораны да НМП, расстраляны 15 красавіка[10].
- Аляксандар. Працаваў паштова-тэлеграфным чыноўнікам, калескі рэгістратар, сьвятар[7].
- Меланія. Вясковая настаўніца Дзярэчынскай, Краснасельскай, Мураўскай царкоўна-прыходзкіх школаў[7].
- Дзеці:
- Барыс (нар. 13 жніўня 1898 — ?), сэртыфікаваны інжынэр-геадэзіст (польск. inżynier mierniczy przysięgły), пражываў у Пружане па адрасе вул. Пілсудзкага, 17[11].
- Уладзімер (5 ліпеня 1902 — 27 верасьня 1939) — ротмістар, ад’ютант 25-га палку ўланаў Войска Польскага, замардаваны ўкраінцамі ў вёсцы Пнікут(uk) Мастыскага павету Львоўскага ваяводзтва.
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Щербаков Ярослав Александрович. (17 сакавіка 2012) Улица первая. Тормасова (рас.) Дневник irena_s » Пружаны. Улицы моего детства. Генеалогический форум ВГД. Праверана 1 кастрычніка 2012 г.
- ^ ДзАБВ, Ф. 2059. Воп. 2. Д. 276. А. 6
- ^ Щербаков Ярослав Александрович. (9 чэрвеня 2012) Улица первая. Тормасова (рас.) Дневник irena_s » Пружаны. Улицы моего детства. Генеалогический форум ВГД. Праверана 5 ліпеня 2012 г.
- ^ Незабытые могилы (Российское зарубежье: некрологи 1917—1997) / Сост. В. Н. Чуваков. — М.: Пашков дом, 2004. — Т. 5. Н-П. — С. 453.
- ^ Щербаков Ярослав Александрович. (7 студзеня 2012) Улица первая. Тормасова (рас.) Дневник irena_s » Пружаны. Улицы моего детства. Генеалогический форум ВГД. Праверана 7 студзеня 2012 г.
- ^ а б в г Щербаков Ярослав Александрович. (7 студзеня 2012) Улица первая. Тормасова (рас.) Дневник irena_s » Пружаны. Улицы моего детства. Генеалогический форум ВГД. Праверана 8 студзеня 2012 г.
- ^ а б в г д е ё Ірына Сядова. Пілінкевічы // Раённыя будні. — 18 сьнежня 2013. — № 99 (9644). — С. 5.
- ^ Щербаков Ярослав Александрович. (15 жніўня 2013) Улица первая. Тормасова. Улица вторая. Красноармейская (рас.) Дневник irena_s » Пружаны. Улицы моего детства. Генеалогический форум ВГД. Праверана 28 жніўня 2013 г.
- ^ Маракоў, Леанід. ПІЛІНКЕВІЧ (ПИЛИНКЕВИЧ) Леанід Антонавіч Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі. 1917—1967. Том 2 » Том II. Дадатак. Даведнікі пісьменніка, гісторыка, энцыклапедыста Леаніда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі». Праверана 2 студзеня 2012 г.
- ^ Пилинкевич Михаил Антонович. Книга Памяти Жертв Коммунистического Террора (рас.) Все-адреса.орг Праверана 2 студзеня 2012 г.
- ^ Amy Levinson. Pruzhany 1937 Phone Book (анг.). Children of Pruzany and the Surrounding Area. Праверана 2 студзеня 2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Иеродиакон Василий (Костюк). История Полесской епархии (1922—1944 гг.). — Брест: Брестская областная типография, 1999. — 500 ас. — ISBN 985-6413-36-2
- Воскресное чтение. — №29. — Варшава: 1931.
- Незабытые могилы (Российское зарубежье: некрологи 1917—1997) / Сост. В. Н. Чуваков. — М.: Пашков дом, 2004. — Т. 5. Н-П.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Генэалягічны форум ВГД (рас.)