Кангрэгацыя Айцоў Марыянаў
Супольнасьць Марыя́наў Беззага́ннага Зача́цьця Найсьвяце́йшай Па́нны Мары́і (альбо Кангрэга́цыя Марыя́наў) — каталіцкая ордэнская супольнасьць, заснаваная ў 1673 годзе ксяндзом Станіславам Папчыньскім (у Польшчы). Да XVIII стагодзьдзя ордэн разьвіваўся, місіі марыянаў былі заснаваныя ў некалькіх эўрапейскіх краінах, аднак у XIX стагодзьдзі пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай ордэн быў фактычна зьнішчаны. У 1834 годзе партугальскі ўрад зачыніў усе манастыры марыянаў у гэтай краіне. Пасьля паўстаньня 1863—1864 гадоў царскі ўрад зачыніў кляштары марыянаў, многія сьвятары былі рэпрэсаваныя, нешматлікія суполкі працягвалі існаваць у падпольле. Апошні кляштар у Мар’ямпале быў зачынены ў 1904 г.[1] У 1908 годзе застаўся толькі адзін сьвятар Вінцэнт Сікорскі.
Кангрэгацыя Айцоў Марыянаў была адноўленая ў 1909 годзе літоўскім сьвятаром (пазьней біскупам Вільні) — блаславёным Юрыем Матулевічам, прафэсарам Духоўнай Акадэміі ў Санкт-Пецярбургу, дзеля душпастырскай і апостальскай працы «для Хрыста і Царквы». Новая канстытуцыя Марыянаў была зацьверджаная Папам Піям Х 28 лістапада 1910 году.
У служэньні Хрысту і Каталіцкай Царкве (лацінскага і ўсходняга абрадаў) Кангрэгацыя Марыянаў аб’ядноўвае сьвятароў і братоў з розных краінаў, у служэньні пад заступніцтвам Найсьвяцейшай Панны Марыі ў кляштарах, парафіях, місіянэрскіх станцыях, каталіцкіх школах і інш.
Акрамя Польшчы і Летувы марыяне працуюць ў ЗША, Бразыліі, Аргентыне, Руандзе, Аўстраліі, Партугаліі, Вялікабрытаніі, Італіі, Нямеччыне, Славаччыне, Чэхіі, Казахстане, Латвіі, Украіне, Эстоніі.
Марыяне вядуць душпастырскую і эвангелізацыйную працу ў Друі, Барысаве, Менску, Воршы, Росіцы і Жодзіне.
Статыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1990 436 сяброў, 239 сьвятароў
- 2000 548 сяброў, 356 сьвятароў
- 2001 542 сяброў, 358 сьвятароў
- 2002 539 сяброў, 356 сьвятароў
- 2004 510 сяброў, 353 сьвятароў
- 2006 517 сяброў, 350 сьвятароў
- 2007 506 сяброў, 345 сьвятароў
- 2008 492 сяброў, 348 сьвятароў
Вядомыя марыяне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Юры Кашыра
- Антоні Ляшчэвіч
- Фабіян Абрантовіч
- Андрэй Цікота
- Язэп Германовіч
- Часлаў Сіповіч
- Сяргей Гаек
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аляксандар Надсан «Біскуп Чэслаў Сіповіч, сьвятар і беларус». Менск, Белфранс, 2004. 300 с.
- Аляксандар Надсан «Таямніца брыльянтавага калье Магдалены Радзівіл». Наша Ніва, №49, 50, Менск, 2000
- Аляксандар Надсан «Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі». Менск, 2009. 110 с.
- Аляксандар Надсан «Pro Patria Aliena. Кляштар беларускіх айцоў марыянаў у Друі (1924—1938)». Менск, 2006. 158 с.