Джордж Мэрэдыт
Джордж Мэрэдыт | |
George Meredith | |
Джордж Фрэдэрык Ўотс. Партрэт Джорджа Мэрэдыта | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 12 лютага 1828 Портсмут |
Памёр | 18 траўня 1909 (81 год) Боксгіл |
Пахаваны | |
Сужэнец | Mary Meredith[d][1] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік, паэт |
Жанр | раман, аповесьць, апавяданьне, верш |
Мова | ангельская |
Узнагароды | |
Подпіс | |
[[::en:s:Author:George Meredith|Творы]] ў Вікікрыніцах | |
Джордж Мэрэдыт (па-ангельску: George Meredith; 12 лютага 1828, Портсмут — 18 траўня 1909, Боксгіл) — выбітны ангельскі пісьменьнік-раманіст і паэт віктарыянскай эпохі. Аўтар лірычных філязофскіх вершаваных цыкляў, раманаў, аповесьцяў і апавяданьняў. Таксама займаўся журналістыкай.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Джордж Мэрэдыт нарадзіўся ў партовым горадзе Портсмут на поўдні Ангельшчыны. Прозьвішча Мэрэдыт (анг. Meredith) — валійскае па паходжаньні, і ў сям’і існавала легенда, што іх род узыходзіць да старадаўніх валійскіх каралёў. Дзед і айцец Джорджа былі партовымі краўцамі[2], а маці — дачкой мясцовага шынкара. У Портсмуце Мэрэдыты валодалі майстроўняй, якая пастаўляла флёцкае абмундзіраваньне.
Калі Джорджу споўнілася пяць гадоў, памерла яго маці. Маленства будучага пісьменьніка было азмрочана вымушаным сірацінствам і адчужанасьцю ад новай сям’і свайго айца.
На грошы памерлай маці ў чатырнаццацігадовым узросьце Джорджа адправілі ў Нямеччыну, дзе ў 1842—1844 гг. ён навучаўся ў школе мараўскіх братоў у мястэчку Нойвід. У Нямеччыне Мэрэдыт захапіўся вывучэньнем нямецкай мовы і літаратуры. Знаёмства з творчасьцю нямецкіх рамантыкаў і постацьцю Ёгана Вольфганга Гётэ мела істотнае значэньне для будучага пісьменьніка і паўплывала на яго раньнюю фантастычную аповесьць «Фарына» (анг. Farina, 1857)[3].
У 1844 годзе Мэрэдыт вярнуўся ў Ангельшчыну і стаў вучнем лёнданскага адваката, які зьбіраў у сваім доме зацікаўленую літаратурай моладзь. Тут Мэрэдыт пазнаёміўся з Мэры Элен Нікалз (анг. Mary Ellen Nicolls), дачкой раманіста Томаса Лава Пікака (анг. Thomas Love Peacock)[4], зь якой у 1849 годзе пабраўся шлюбам: на той час Джорджу было 21, а Мэры — 28[2]. Неўзабаве пасьля шлюбу Мэрэдыт кідае заняткі юрыспрудэнцыяй і цалкам аддаецца літаратуры.
У 1849 годзе публікуе свой першы верш і знаёміцца з Чарлзам Дыкензам, які садзейнічае літаратурнаму дэбюту юнага літаратара, публікуючы яго вершы ў сваім часопісе «Хатняе чытаньне». У 1851 годзе выходзіць яго першы паэтычны зборнік «Вершы» (анг. Poems) з прысьвячэньнем Томасу Пікаку. Зборнік прыхільна сустрэў Альфрэд Тэнісан[4].
Сямейныя акалічнасьці і цяжкасьці матэрыяльнага становішча вымусілі Мэрэдыта на некалькі год прыпыніць літаратурную дзейнасьць. Толькі ў 1855 годзе быў надрукаваны яго празаічны твор «Галеньне Шагпата» (анг. The Shaving of Shagpat) — фантастычная аповесьць, стылізаваная пад чароўныя казкі «Тысячы і адной ночы».
Работа над першым буйным раманам «Выпрабаваньне Рычарда Фэвэрэла» супала з разрывам сямейных адносінаў з Мэры Элен Нікалз. У 1858 годзе яна захапілася маладым мастаком прэрафаэлітам Гэнры Ўолісам (1830—1916) і, нічога не патлумаўшы мужу, пакінуўшы сына Артура зьехала ў Італію, дзе памерла ў 1861 годзе. Выдадзеная ў 1862 годзе паэма «Сучаснае каханьне» (анг. Modern Love), як і раман «Выпрабаваньне Рычарда Фэвэрэла», сюжэтна і тэматычна перагукаюцца з гэтым пэрыядам жыцьця пісьменьніка[2].
У 1864 годзе Мэрэдыт ажаніўся ў другі раз з напаўфранцужанкай Мары Вальямі (анг. Marie Vulliamy). Гэты шлюб апынуўся ўдачным, але кволае матэрыяльнае становішча вымушала Мэрэдыта займацца літаратурным прыробкам — супрацоўнічаў з газэтамі «Ірсўіч Джорнэл» і «Морнінг Пост», кансультаваў выдавецтва Чапмэн і Хол. У 1866 (пасьля падарожжа ў Італію) набыў дом ў графстве Сурэй, у якім жыў да сваёй сьмерці[5]. У 1868 годзе жорстка раскрытыкаваў першы раман Томаса Гардзі «Бядняк і лэдзі», успрыняўшы гэты твор як літаратурную падробку чарговага графамана[6].
У 1877 годзе ў Лёнданскім унівэрсытэце Мэрэдыт прачытаў публічную лекцыю «Аб камэдыі і прымяненьне камічнага духа», якая сёлета ж была надрукавана ў часопісе «Нью Квотэрлі» пад назвай «Эсэ пра камэдыю» (анг. Essay on Comedy). У 1897 годзе «Эсэ» было выдадзена асобным выданьнем. У гэтым эсэ Мэрэдыт выклаў і абагульніў свае эстэтычныя погляды[7]. Гэта эстэтычны маніфэст пісьменьніка, створаны ў пэрыяд росквіту яго талента з улікам дваццацігадовага досьведу раманіста. Тут абагульняюцца яго мастацкія адкрыцьці і роздумы пра задачы мастацтва, сатыру, гумар і прыроду камічнага[8].
У 1879 годзе выходзіць раман «Эгаіст» — найвядомейшы раман Джорджа Мэрэдыта, які прынес аўтару літаратурную славу. Пасьля выхаду «Эгаіста», стварэньне якога запатрабавала грандыёзных высілкаў, творчая энэргія пісьменьніка стала няўхільна спадаць[9]. Проза позьняга Мэрэдыта характарызуецца надзвычайнай стылістычнай ўскладненасьцю, за што літаратурныя крытыкі часта папракалі яго за вычурную манеру стылю і завэлюмаваную трывіяльнасьць[10].
Бліжэй да канцу жыцьця Мэрэдыт стаў прызнаным мэтрам ангельскай літаратуры: пасьля Тэнісана ён быў прэзыдэнтам Таварыства аўтараў; у 1905 годзе быў узнагароджаны Ордэнам за заслугі каралём Эдўардам VII[2].
Памёр у сваім доме ў Бокс Гіле (Сурэй)[2].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Джордж Мэрэдыт увайшоў у гісторыю літаратуры як прадаўжальнік рэалістычнай традыцыі клясычнага раману сярэдзіны XIX стагодзьдзя і разам з тым як адзін з стваральнікаў сацыяльна-псыхалягічнага раману найноўшага часу[3]. Ягоныя празаічныя творы, выбудаваныя з улікам рознабаковага досьведу папярэднікаў (асабліва Генры Філдынга), сталі злучальным зьвяном паміж літаратурнай эпохай Ч. Дыкенса і Ў. Тэкерэя, з аднаго боку, і эпохай літаратурнага мадэрнізму — зь іншай[11].
Літаратурная слава Дж. Мэрэдыта дасягнула свайго піку на мяжы XIX—XX стст., калі ягоныя раманы чыталі Робэрт Стывэнсан, Оскар Ўайлд, Бэрнард Шоў, Гэрбэрт Ўэлз, Артур Конан Дойл і Арнольд Бэнэт. Паступова актуальнасьць яго твораў пачала спадаць, і бліжэй да сярэдзіны XX ст., перастала быць часткай літаратурнага працэсу.
Любімыя аўтары Мэрэдыта — Арыстафан, Ўільям Шэксьпір, Ёган Вольфганг фон Гётэ, Мальер, Мігель Сэрвантэс, Віктор Юго[12]. Джордж Мэрэдыт аказаў непасрэдны ўплыў на творчасьць такіх аўтараў, як Робэрт Льюіс Стывэнсан, Джозэф Конрад і Джон Галсўорці[4].
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эсэ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аповесьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раманы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Выпрабаваньне Рычарда Фэвэрэла (анг. The Ordeal of Richard Feverel, 1859)
- Эван Гарынгтан (анг. Evan Harrington, 1861)
- Эмілія ў Ангельшчыне (анг. Emilia in England, 1864), пераапублікавана як Сандра Бэльлёні ў 1887
- Рода Флэмінг (анг. Rhoda Fleming, 1865)
- Віторыя (анг. Vittoria, 1867)
- Прыгоды Гары Рычманда (анг. The Adventures of Harry Richmond, 1871)
- Кар'ера Б'ючэмпа (анг. Beauchamp's Career, 1875)
- Эгаіст (анг. The Egoist, 1879)
- Трагічныя камэдыянты (анг. The Tragic Comedians, 1880)
- Дыяна раздарожжаў (анг. Diana of the Crossways, 1885)
- Адзін з нашых заваёўнікаў (анг. One of our Conquerors, 1891)
- Лорд Ормант і яго Амінта (анг. Lord Ormont and his Aminta, 1894)
- Незвычайны шлюб (анг. The Amazing Marriage, 1895)
Паэзія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вершы (анг. Poems, 1851)
- Сучаснае каханьне (анг. Modern Love, 1862)
- Паэмы і лірычныя вершы аб радасьці зямнога быцьця (анг. Poems and Lyrics of the Joy of Earth, 1883)
- The Woods of Westermain (1883)
- A Faith on Trial (1885)
- Баляды і паэмы аб трагедыі жыцьця (анг. Ballads and Poems of Tragic Life, 1887)
- Чытаньне зямлі (анг. A Reading of Earth, 1888)
- The Empty Purse (1892)
- Odes in Contribution to the Song of French History(1898)
- Чытаньне жыцьця (анг. A Reading of Life, 1901)
- Апошнія вершы (анг. Last Poems, 1909)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://www.bonhams.com/auctions/11959/lot/103/
- ^ а б в г д G. Meredith 1963, Introduction (first page)
- ^ а б Михальская Н. П. 2007, 263
- ^ а б в Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова 2004, 368
- ^ Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова 2004, 376
- ^ Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова 2004, 416
- ^ Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова 2004, 379
- ^ Михальская Н. П. 2007, 264
- ^ Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова 2004, 390—391
- ^ Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова 2004, 376
- ^ Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова 2004, 367
- ^ Михальская Н. П. 2007, 265
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Михальская Н. П. История английской литературы / Н. П. Михальская. — 2-е. — М.: Издательский центр «Академия», 2007. — 480 с. — ISBN 978-5-7695-4544-3
- Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова, А. А. Аствацатуров и др. История западноевропейской литературы. XIX век: Англия / Под ред. Л. В. Сидорченко, И. И. Буровой. — СПб: Филологический факультет СПбГУ; Издательский центр «Академия», 2004. — 544 с.
- George Meredith The Egoist. — The New American Library of World Literature (Signet Classics), 1963.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Джордж Мэрэдыт — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў